Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Сьледчы камітэт паведаміў пра двух падазраваных у справе сутычкі зь міліцыянтамі ў Маладэчне

Сьледчы камітэт 23 чэрвеня паведаміў, што ў справе пра сутычку з амапаўцамі ў Маладэчне падазраюць двух мужчын.

Аднаму зь іх 24 гады, раней у поле зроку міліцыі ён не трапляў.

Другому 31 год, яго раней каралі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, расьпіцьцё алькаголю, дробнае хуліганства і кіраваньне транспартным сродкам у нецьвярозым стане.

У Беларусі праходзяць розныя крэатыўныя акцыі мірнага супраціву. Адна зь іх, роварны рэзістанс, прайшла 23 чэрвеня ў Менску.

Што казаў Лукашэнка пра апазыцыю і апанэнтаў. ВІДЭА

«Ні ў адной краіне не дазволена абражаць людзей. Я ж нікога з вас не абразіў асабіста», — сказаў Лукашэнка 22 чэрвеня на сустрэчы з берасьцейскай апазыцыяй. Свабода прыгадала ранейшыя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра сваіх апанэнтаў.

Эўрадэпутат: «Усе надзеі, якія мы выказвалі напярэдадні выбараў у Беларусі, пад пытаньнем»

Калі Лукашэнка ня вызваліць палітычных канкурэнтаў і не забясьпечыць правядзеньня дэмакратычных выбараў, Эўразьвяз можа ўвесьці супраць беларускага кіраўніцтва санкцыі, заявіў эўрадэпутат Міхаэль Галер.

«Сытуацыя абвастрылася, відавочна, што рэжым знаходзіцца ў паніцы, усе надзеі, якія мы выказвалі, і ўсе чаканьні напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў апынуліся пад пытаньнем», — сказаў Галер. Паводле яго, зьняволеньне беларускім рэжымам Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Паўла Севярынца — гэта «сапраўдны сталінізм». Цалкам чытайце па спасылцы.

Праваабаронцы запатрабавалі спыніць незаконныя дзеяньні міліцыі, сабралі 2000 подпісаў за паўдня

Юрысты Беларускага Хэльсынскага камітэту, праваабарончага цэнтру «Вясна», «Прававой ініцыятывы» і Human Constanta запусьцілі на сайце Petitions.by зварот да Генэральнай пракуратуры ў сувязі з масавымі затрыманьнямі ў Беларусі.

Абвінавачаным за ўдзел у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах» прысуджаюць штрафы і арышты. Агульная сума штрафаў, пра якія вядома, набліжаецца да 150 тысяч рублёў, сума дзён арышту перавысіла чатыры гады. Толькі ўчора за вулічныя акцыі прысудзілі 44 тысячы рублёў штрафаў, 77 сутак арышту. У звароце праваабаронцы патрабуюць неадкладных захадаў у спыненьні дзеяньняў міліцыі, якія яны называюць незаконнымі. Цалкам чытайце тут.

Удзельнік сямі Алімпіядаў Сяргей Далідовіч: Нельга затрымліваць толькі за тое, што тваё бачаньне сьвету адрозьніваецца ад іншага

Вядомы беларускі лыжнік, удзельнік сямі Алімпійскіх гульняў, пераможца і прызэр этапаў Кубку сьвету Сяргей Далідовіч у размове з «Трыбунай» выказаўся пра рэпрэсіі, якія ўлада распачала супраць палітычных апанэнтаў.

«Тое, што зараз адбываецца, мне ня вельмі падабаецца. Хачу, каб пайшоў, прагаласаваў — і мой голас быў улічаны. Вядома, сытуацыя выклікае апасеньні. Я заўсёды казаў, што хачу пераменаў, але не хачу, каб яны прайшлі сілавым шляхам», — адзначыў Сяргей Далідовіч.​

Таксама ён расказаў, як ставіцца да затрыманьняў апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.

«Я хачу, каб яны былі пачутыя, — заявіў спартовец. — Мяне напружвае, чаму Бабарыку, калі ён такі вінаваты, не затрымалі раней, а менавіта цяпер? Я зь ім раней не перасякаўся. Дакладней, у тым годзе паклікалі выступіць — і ён таксама выступаў.

Мне чалавек імпануе: яго ўсьмешка, адкрытасьць. Гэта значыць візуальна ён у мяне выклікае давер. Ёсьць такое, калі ты глядзіш на чалавека: ці прыняць, ці не прыняць».

Чытаць далей >>

У рэгіёнах працягваюцца суды за «ланцугі салідарнасьці»

23 чэрвеня ў Беларусі працягваюцца суды над удзельнікамі стыхійных «ланцугоў салідарнасьці». Міліцыя працягвае складаць новыя пратаколы на ўдзельнікаў акцый. Напярэдадні 22 чэрвеня больш за 70 чалавек агулам атрымалі 44 тысячы рублёў штрафаў і 77 сутак арышту на ўсіх.

Судзяць паводле артыкулаў за «несанкцыянаванае мерапрыемства» або «непадпарадкаваньне міліцыі». Першы вырак ужо вядомы: Валеры Чурак — штраф 162 рублі (Ганцавічы, судзьдзя Уладзімер Космач).

Як дапамагчы аштрафаваным за «ланцугі салідарнасьці». Тлумачаць Матолька і Стрыжак

Абвінавачаным за ўдзел у «несанкцыяваных масавых мерапрыемствах» прысуджаюць неадэкватныя штрафы, выплаціць якія многім не па кішэні. Сума штрафаў набліжаецца да прынамсі 150 тысяч рублёў, сума дзён арышту перавысіла чатыры гады. Толькі за ўчора за вулічныя акцыі прысудзілі 44 тысячы рублёў штрафаў, 77 сутак арышту.

Раней можна было разьлічваць на калектыўную дапамогу праз краўдфандынгавыя пляцоўкі, якія ўжо добра зарэкамэндавалі ў працэсе збору сродкаў для мэдыкаў.

«Рахункі арыштаваныя, афіцыйных дадзеных, якія сьведчылі б, што сытуацыя неўзабаве нармалізуецца, мы ня маем», — кажа Свабодзе іншы стваральнік MolaMola Антон Матолька.

Ці засталася магчымасьць нейкім чынам дапамагчы рэпрэсаваным матэрыяльна?

«Найбольш эфэктыўны варыянт — збор сродкаў на карткі — як, уласна кажучы, і было да зьяўленьня MolaMola, — тлумачыць Антон Матолька. — Проста наша плятформа дазваляла гэта рабіць больш хутка, апэратыўна, празрыста. Вельмі зручна для ўсіх».

Што раіць Стрыжак, які ладзіў кампаніі #by_help >>

«Улада пачала баяцца і біцца ў канвульсіях», — рэжысэрка «Ўтрыманак» і «Крышталю» пра беларускія выбары

Вядомая беларуская и амэрыканская рэжысэрка Дар’я Жук, аўтарка вядомага фільму «Крышталь», які ўдзельнічаў у конкурсе «Оскар», узгадала сваё затрыманьне ў 1996 годзе і выказалася пра выбары ў Беларусі. Чытайце па спасылцы.

Прэзыдэнцкая кампанія ў Беларусі — гвалт, пагрозы і затрыманьні. Заява Плятформы грамадзянскай салідарнасьці АБСЭ

Плятформа грамадзянскай салідарнасьці АБСЭ зьвярнулася да уладаў Беларусі з заклікам спыніць гвалт, пагрозы і затрыманьні падчас прэзыдэнцкай кампаніі, а да дзяржаваў — удзельніц АБСЭ — усяляк стымуляваць Беларусь трымацца сваіх правоў і абавязаньняў у галіне АБСЭ, паведамляе «Вясна».

Пад заявай падпісаліся 39 няўрадавых арганізацый з розных краінаў сьвету. Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.

Адвакат пра Бабарыку і абвінавачаньне: я задаволены, чакаю не дачакаюся, калі агучаць афіцыйна

Адвакаты Віктара Бабарыкі расказалі, як затрымлівалі прэтэндэнта на прэзыдэнцкі пост, што яны думаюць пра абвінавачаньне і жорсткія ўмовы неразгалошваньня любой інфармацыі ў справе, распавялі пра ўмовы ўтрыманьня Бабарыкі ў СІЗА КДБ, а таксама пра тое, чаму з 20 чэрвеня ня бачылі свайго падабароннага. Чытайце па спасылцы.

«Ганьба. Знаць вас не хачу пасьля гэтага», — былы міліцыянт з Ганцавічаў, дзе жорстка затрымлівалі людзей, абураны дзеяньнямі праваахоўнікаў

20 чэрвеня ў Ганцавічах у цэнтры гораду адбыліся жорсткія затрыманьні. Відэа, дзе міліцыянт прыціскае каленам галаву чалавека, выклікала розгалас у сацыяльных сетках. Двух журналістаў выданьня «Ганцавіцкі час», якія вялі жывы эфір, затрымалі. Яны кажуць, што іх зьбівалі.

Радыё Свабода пагаварыла з былым супрацоўнікам Ганцавіцкага РАУС Сяргеем Сідарэвічам аб працы ў беларускай міліцыі. «Ганьба. Знаць вас больш не хачу», — пакінуў Сяргей такі камэнтар пад відэа з акцыі і затрыманьня ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце». Чытайце вялікае інтэрвію па спасылцы.

«Што гэта за бандфармаваньні арудуюць у цэнтры Менску?» — вядучы актор Купалаўскага тэатру Павал Харланчук

Вядучы актор Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы Павал Харланчук расказаў Свабодзе пра сваё стаўленьне да жорсткіх затрыманьняў, пачатку выбарчай кампаніі, чыноўнікаў і тэлевізійнікаў. Чытайце па спасылцы.

Баскетбалістаў папярэдзілі пра недапушчальнасьць выказваньняў супраць улады

Старшыня Беларускай фэдэрацыі баскетболу (БФБ) і першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Максім Рыжанкоў папярэдзіў гульцоў зборнай пра недапушчальнасьць выказваньняў у адносінах да дзейнага кіраўніцтва краіны.

«Вы выступаеце за радзіму, таму неабходна памятаць, што ў сваіх учынках павінны быць сацыяльна адказнымі, — цытуе Максіма Рыжанкова супольнасьць БФБ «ВКонтакте». — Кіраўніцтва краіны дае вам усе шанцы для самарэалізацыі. Вы павінны быць арыентырам ва ўсім — ня толькі на пляцоўцы, але і ў жыцьці.

Ні ў аднаго з вас няма ні фінансавых, ні бытавых праблемаў — вы ўсім забясьпечаныя, дзякуючы той палітыцы, якая рэалізуецца ў нашай краіне. І некаторым спартоўцам, у тым ліку і былым, я б параіў менавіта пра гэта падумаць, перш чым паказушна і безадказна разважаць пра рэчы, далёкія ад іх разуменьня». Цалкам чытайце па спасылцы.

Цапкала сказаў, што «тэарэтычна не выключае» магчымасьці затрыманьня

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Валер Цапкала ў інтэрвію расейскаму выданьню РБК сказаў, што затрыманьне патэнцыйнага кандыдата Віктара Бабарыкі, адмова ў рэгістрацыі кандыдатам і далейшае затрыманьне Сяргея Ціханоўскага — гэта «зьвёны аднаго ланцуга». На пытаньне, ці можа нешта падобнае здарыцца зь ім самім, Цапкала адказаў:

«Тэарэтычна я не магу выключыць такога, але ў цяперашні момант мы проста рухаемся ў палітычным працэсе, робім тое, што дазволена рабіць адпаведна Канстытуцыі і выбарчаму заканадаўству нашай краіны. Мы не парушаем ніякіх законаў — мы пакуль рухаемся, з майго гледзішча, максымальна чыста ў гэтым выбарчым працэсе». Цалкам чытайце па спасылцы.

«Адкуль такая жорсткасьць?» Вядоўца БТ выказалася пра міліцэйскі гвалт

Вядоўца праграмы «Дзень у вялікім горадзе» на тэлеканале «Беларусь 1» Юлія Кур’ян-Касьцюкевіч выказалася ў Інстаграме пра міліцэйскі гвалт у адносінах да мірных людзей.

«Страшна... Вядома, як і ўсе, гляджу, чытаю і баюся. Любую працу трэба рабіць, застаючыся чалавекам. Адкуль столькі нянавісьці і жорсткасьці ў тых, хто хапае людзей, у тых, хто зьбівае сваіх жа суайчыньнікаў, нападаюць на аднаго натоўпам і закідваюць у машыну. Адкуль такая жорсткасьць?», — задаецца пытаньнем тэлевядоўца. Цалкам чытайце па спасылцы.

Лукашэнка згадаў, што яго называюць «Саша 3%» і «вусаты таракан». ВІДЭА

Аляксандар Лукашэнка 23 чэрвеня сустрэўся з жыхарамі Берасьця. Ён паабяцаў рэфэрэндум наконт лёсу акумулятарнага заводу, а таксама згадаў, як яго называюць апанэнты. Кадры са згадкай «Сашы 3%» і «вусатага таракана» паказала дзяржаўная тэлевізія.

Кадры таксама апублікаваў ананімны Telegram-канал «Пул первого», блізкі да прэс-службы Лукашэнкі:

Журналіст Сяргей Багроў з Ганцавічаў атрымаў 15 сутак арышту, Аляксандра Пазьняка аштрафавалі на 810 рублёў

Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), падчас асьвятленьня акцыі ў горадзе іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі, зьбілі, а пазьней абвінавацілі ў непадпарадкаваньні законным патрабаваньням міліцыі (арт.23.4 КаАП) і ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч. 1 арт. 23.34 КаАП).​

Галоўны рэдактар газэты «Ганцавіцкі час» Пятро Гузаеўскі запатрабаваў вызваліць журналістаў і заявіў, што падае скаргу на дзеяньні міліцыі. Паводле яго, да журналіста ўжывалі меры фізычнага ўзьдзеяньня, яму пагражалі, абражалі, пры затрыманьні прыціскалі каленам да асфальту.

Судзьдзя прызнала Аляксандра Пазьняка вінаватым паводле двух названых артыкулаў КаАП і прызначыла пакараньне па 15 базавых велічыняў, у суме 810 рублёў. Рашэньне можна абскардзіць цягам 10 дзён у Берасьцейскім абласным судзе. Каля 21-й гадзіны скончыўся суд над Сяргеем Багровым. Ён атрымаў 15 содняў арышту.

Разам зь юрыстам разьбіраемся, як паводзіць сябе затрыманым

Падчас пікетаў салідарнасьці па ўсёй Беларусі былі затрыманыя дзясяткі чалавек. Некаторыя расказваюць пра жорсткае абыходжаньне і зьбіцьцё. Разьбіраем дзьве гісторыі разам з праваабаронцам Паўлам Сапелкам.

Украінскі палітоляг пра беларускі пратэст: «Аналягу з Майданам ня бачу. Хутчэй з Грузіяй»

Ці магчымы ў Беларусі «Майдан»? Ці ўмешваюцца іншыя краіны ў выбарчую кампанію, як намякае Лукашэнка? І на каго робіць стаўку Расея?

Пра гэта ў эфіры «Донбас.Реалії» у апошні дзень збору подпісаў у Беларусі гаварылі экспэрт украінскага Інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч і беларускі палітоляг Валер Карбалевіч.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG