Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Прэс-сакратар Чэрачня пацьвердзіў, што подпісаў здалі менш, чым зарэгістравала ЦВК

За вылучэньне ў кандыдаты на прэзыдэнцкую пасаду Сяргея Чэрачня ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі здалі каля 106 тысяч подпісаў, пацьвердзіў агенцтву БелаПАН прэсавы сакратар прэтэндэнта Алег Чумакоў.

30 чэрвеня ў Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) заявілі пра рэгістрацыю 143 тысяч подпісаў за Чэрачня. На просьбу ўдакладніць прычыну гэтага разыходжаньня ў лічбах Чумакоў адказаў: «Гэта ўжо не да нас пытаньне».

На дадатковае пытаньне, ці плянуе каманда Чэрачня зьвярнуць увагу ЦВК на неадпаведнасьць у лічбах, Чумакоў задаў сустрэчнае пытаньне: «Калі ЦВК зьвяртала ўвагу на рэакцыю ўдзельнікаў працэсу?»

Такое адчуваньне, што ўвесь гарнізон быў на плошчы. Былы амапавец пра затрыманьне Ціханоўскага

Гарадзенец Уладзімер Кніга, які раней служыў у АМАПе, расказаў, што адбывалася на Савецкай плошчы 29 траўня, калі затрымалі Сяргея Ціханоўскага.

Цяпер Кнігу трымаюць у СІЗА № 1 у Менску. 30 чэрвеня яго праз Skype асудзілі за дробнае хуліганства на пікеце 29 траўня на 7 сутак

Сьвятлана Ціханоўская: «Нейкая гульня вядзецца, мы правілаў ня ведаем»

Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала Свабодзе інфармацыю ЦВК пра прынятыя подпісы за вылучэнцаў.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Нейкая гульня вядзецца, а мы правілаў ня ведаем», — сказала патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты.

Яе ўразіла, што каля 200 тысяч подпісаў, пакінутых за Віктара Бабарыку, былі не прынятыя, і што не залічылі галасы за Валера Цапкалу. «Я спадзяюся, іх каманды будуць змагацца за гэтыя галасы», — выказалася Сьвятлана Ціханоўская.

Яна «не зьдзівілася б», каб і подпісы за яе вылучэньне «парэзалі». «І ніхто б нічога не даказаў. Мы адпачатку чэсна і адкрыта зьбіралі подпісы, у нас не было заводу, каб мы маглі там сабраць... Але маглі б і нас „парэзаць“ на гэтым этапе. Можа, ува мне ня бачыць канкурэнта ўлада — праўда, пакуль ня ведаю. Для нечага мы ім патрэбныя... Яшчэ не было рэгістрацыі. Пакуль, як ва ўладзе нейкія свае правілы гульні — складана нешта камэнтаваць, прадбачыць, прагназаваць. Які будзе іх наступны ход — невядома», — кажа Сьвятлана Ціханоўская.

Калі яе зарэгіструюць як кандыдатку ў прэзыдэнты — яна працягне барацьбу.

«Адступаць няма куды. Гэта магчымасьць прыцягнуць увагу да Сяргея, да іншых палітвязьняў», — кажа Сьвятлана Ціханоўская.

«Проста я хачу вярнуць свае грошы». Бізнэсовец пра сваю заяву на Валера Цапкалу

Грамадзянін Беларусі, бізнэсовец турэцкага паходжаньня Сэдат Ігдэджы 24 чэрвеня падаў заяву ў Генэральную пракуратуру па «фактах супрацьпраўнай дзейнасьці» патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Валера Цапкалы.

Пра гэта ён расказаў карэспандэнту Свабоды.

Ён падаў заяву, тэкст якой ужо распаўсюджаны на Telegram-каналах. У гэтай заяве бізнэсовец сьцьвярджае, што даваў хабар Валеру Цапкалу, калі той кіраваў Паркам высокіх тэхналёгій.

У штабе Цапкалы заявілі, што абскардзяць адбракаваныя выбаркамамі подпісы за яго вылучэньне

Штаб экс-кіраўніка Парку высокіх тэхналёгій, былога чыноўніка і дыплямата Валерыя Цапкалы мае намер абскардзіць рашэньні тэрытарыяльных выбарчых камісій, якія забракавалі подпісы за яго вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Цапкалы Аляксей Урбан.

Паводле яго, Цапкала цяпер абмяркоўвае з чальцамі свайго штабу плян далейшых дзеяньняў. Таксама чакаецца заява Цапкалы наконт сытуацыі з забракаванымі подпісамі за ягонае вылучэньне. Цалкам чытайце тут.

«Абуральна, што ў нас у Менску скралі 62% подпісаў па Менску» — каардынатарка штабу Бабарыкі Марыя Калесьнікава

Каардынатарка выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава зьвяртае ўвагу, што галасы амаль 200 тысяч грамадзян не залічылі.

«Гэта азначае, што ўлада проста плюе ў твар грамадзянам, якія падтрымліваюць альтэрнатыўных кандыдатаў. Усе ведаюць, гэтая інфармацыя ёсьць у нас на сайце, — у нас была шматступеньчатая сыстэма вэрыфікацыі подпісаў. Мы можам адказаць за сапраўднасьць кожнага подпісу. Мы перакананыя, што людзі, якія зьбіралі подпісы, прыклалі шмат намаганьняў, каб усе подпісы былі правільныя, дакладныя, вывераныя.

І 62% па Менску забракавалі! А варта нагадаць, што мы ня ўсе сабраныя подпісы змаглі фізычна перадаць у камісіі з прычыны тых падзей, якія разгарнуліся два тыдні таму. Мы перадалі 360 тысяч, а насамрэч сабралі больш за 434 тысячы», — кажа Марыя Калесьнікава. Цалкам чытайце тут.

Без Цапкалы. Каго не зарэгіструюць улады. УЖЫВУЮ

ЦВК заявіў, што Валер Цапкала не сабраў дастаткова подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты. Выбарчыя камісіі тысячамі прызнаюць несапраўднымі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. Што адбываецца і што можна зрабіць?

Абмяркоўваюць Ільля Дабратвор, паліттэхноляг штабу Валера Цапкалы, юрыст Максім Знак са штабу Віктара Бабарыкі, сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Алег Маісееў і юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч.

У Менску ў 6 месцах дазволілі вулічную агітацыю. Гэта паркі і сквэры

Менскі гарвыканкам 25 чэрвеня вызначыў месцы для правядзеньня перадвыбарчай агітацыі на сьвежым паветры. На ўсю сталіцу іх шэсьць.

  1. Паўднёвая частка парку Дружбы народаў каля плошчы Бангалор – што між вуліцамі Кульман і Арлоўскай (Савецкі раён).
  2. Цэнтральная алея ў парку 50-годзьдзя Вялікага Кастрычніка, якая ідзе ад стадыёну «Трактар» да Даўгабродзкай вуліцы (Заводзкі раён).
  3. Пляцоўка каля фантану ў Кіеўскім сквэры (Цэнтральны раён).
  4. Пляцоўка пры ўваходзе ў парк імя Грэкавай у Серабранцы (Ленінскі раён).
  5. Сквэр Жукава на сутыку вуліц Мініна і Чыгуначнай (Маскоўскі раён).
  6. Тучынскі сквэр на вуліцы Харкаўскай (Фрунзенскі раён).

У двух прэтэндэнтаў у прэзыдэнты ЦВК выявіла больш подпісаў, чым яны здалі?

Па інфармацыі штабу Сяргея Чэрачня, за ягонае вылучэньне ўдалося сабраць 106 тысяч подпісаў. Але ў Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) заявілі аб 143 тысячах подпісаў.

Ганна Канапацкая заяўляла пры падачы дакумэнтаў, што сабрала «крыху больш за 110 тысяч подпісаў», а ў ЦВК прызналі сапраўднымі 146 тысяч подпісаў. І гэта ўлічваючы, што некаторыя камісіі адсеялі частку подпісаў на этапе праверкі.

Што кажуць пра гэта самі прэтэндэнты і ЦВК, чытайце па спасылцы.

Цапкала ня зможа стаць кандыдатам у прэзыдэнты — ЦВК прызнаў толькі 75 тысяч подпісаў

Барацьбу за крэсла прэзыдэнта Беларусі працягнуць 6 чалавек, у тым ліку Аляксандар Лукашэнка і Віктар Бабарыка, паведаміла 30 чэрвеня Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі.

ЦВК абвясьціла дадзеныя пра колькасьць прынятых у падтрымку вылучэньня кандыдатаў у прэзыдэнты подпісаў:

  • Аляксандар Лукашэнка — 1 939 572 подпісаў
  • Віктар Бабарыка — 165 744
  • Ганна Канапацкая — 146 588
  • Сяргей Чэрачань — 143 109
  • Андрэй Дзьмітрыеў — 106 841
  • Сьвятлана Ціханоўская — 104 757
  • Валеры Цапкала — 75 249

Як вынікае зь лічбаў ЦВК, былы кіраўнік ПВТ Валеры Цапкала выбывае з выбарчай гонкі, бо для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты неабходныя 100 тысяч подпісаў.

Цікава, што былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая і старшыня БСДГ Сяргей Чэрачань пасьля падачы подпісаў у ЦВК называлі СМІ меншую колькасьць сабраных подпісаў, чым зарэгістравала ЦВК: Ганна Канапацкая заявіла, што сабрала «больш за 110 тысяч подпісаў», Сяргей Чэрачань казаў, што падаў у ЦВК 106 тысяч подпісаў. Цалкам чытайце тут.

«Дзяржава прызнала несапраўднымі вас і вашых сяброў». У штабе Бабарыкі адказалі на масавае непрызнаньне подпісаў

Прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава запісала зварот аб непрызнаньні подпісаў за Бабарыку сапраўднымі.

«У навінах вы прачытаеце, што подпісы за кандыдатаў, якія вы зьбіралі і ставілі, прызналі несапраўднымі. Дзяржава прызнала несапраўднымі мяне, майго суседа, вас і вашых сяброў. Яна нас ня бачыць, не прымае нас у разьлік і ня чуе нашай думкі. Цана майго подпісу ў вачах дзяржавы — нуль. Усё, што адбываецца — вынік дзейнасьці ўсёй сыстэмы. Мы заклікаем гэтых людзей абудзіцца. Іх менш, чым нас. Іх прымушаюць красьці ў народу і падманваць нас. Сярод тых, хто іх атачае, не засталося аднадумцаў. Іх меншасьць, але ўлада гэта хавае ад іх», — сказала Марыя Калесьнікава. Цалкам чытайце па спасылцы.

Назіральнікі абвінавацілі ЦВК у перадузятасьці і працы на карысьць Лукашэнкі

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» апублікавала другую прамежкавую справаздачу аб назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі ў 2020 годзе.

Асноўныя высновы назіральнікаў:

  • незалежных сацыялягічных службаў у Беларусі няма, зьвестак ад дзяржаўных практычна не публікуюць, але інтэрнэт-апытаньні паказваюць рэйтынг дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі ў раёне 3–6%;
  • зьмяніўшы ўрад, Лукашэнка ўзмацніў пазыцыі сілавога блёку;
  • яшчэ да выбараў улады распачалі сілавы сцэнар перасьледу апанэнтаў: за кратамі ўжо адзін патэнцыйны кандыдат, два кіраўнікі ініцыятыўных групаў, дзясятак чальцоў ініцыятыўных групаў;
  • збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў палітызаваў грамадзтва, а ўлады ўжылі сілавыя мэтады для спыненьня палітызацыі; з 15 прэтэндэнтаў толькі 7 заявілі, што сабралі неабходныя для рэгістрацыі кандыдата 100 тысяч подпісаў;
  • пры фармаваньні ўчастковых камісіяў мясцовыя ўлады груба парушылі прынцып роўнасьці правоў палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў;
  • участковыя камісіі былі сфармаваныя паводле звыклага шаблёну, 70–80% чальцоў засталіся зь мінулых выбараў, празрыстасьць і дэмакратычнасьць працэдураў, што выконваюцца такімі камісіямі, «выклікае вялікія сумневы».

Віктар Бабарыка застаецца за кратамі, суд адхіліў скаргу на ўтрыманьне пад вартай

Суд адхіліў скаргу прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі на заключэньне пад варту. Пра гэта БелаПАН паведаміў адвакат Віктара Зьміцер Лаеўскі.

Скаргі разгледзелі ў судзе Цэнтральнага раёну Менску 30 чэрвеня. Мера стрыманьня не мяняецца — Бабарыка застаецца ў СІЗА КДБ. Сёньня абаронца плянуе зь ім сустрэцца. Па словах Лаеўскага, пасяджэньне прайшло безь Віктара Бабарыкі. Цалкам чытайце тут.

«Зьняцца з выбараў? Я патраціў занадта шмат сіл». Чэрачань падаў дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Сяргей Чэрачань падаў у ЦВК дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты і заявіў, што варыянт зьняцца з выбараў разгледзеў бы, толькі калі б гэта «да чаго-небудзь прывяло», паведамляе Tut.by.

Паводле Сяргея Чэрачня, пасьля рэгістрацыі ўсе зарэгістраваныя альтэрнатыўныя кандыдаты павінны сесьці за стол перамоваў. «Калі мы разам — у нас ёсьць шанец. Калі не... Цяпер увесь працэс уяўляе сабой «галодныя гульні»: той, хто выбывае, губляе практычна ўсё, калі не сказаць больш. І калі ня будзе кансалідацыі дэмакратычных сіл, то чакаць выніку ад гэтай палітычнай кампаніі ня варта», — заявіў Чэрачань. Цалкам чытайце па спасылцы.

Статкевіча прызналі палітвязьнем. Цяпер у Беларусі такіх 21

Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітычным зьняволеным Міколу Статкевіча — лідэра «Народнай грамады» і ініцыятара кампаніі «кандыдатаў пратэсту» на прэзыдэнцкіх выбарах-2020. Ён меў выйсьці на волю 30 чэрвеня пасьля 30 сутак арышту, але сьледчы паведаміў яго жонцы Марыне Адамовіч, што на Статкевіча завялі крымінальную справу за «арганізацыю ці ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». За якія менавіта дзеяньні — невядома.

Паводле таго ж артыкулу 342 КК РБ трымаюць за кратамі Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка і яшчэ 14 чалавек. Адносна большасьці зь іх таксама невядома, у якіх дзеяньнях пабачылі злачынства. Цалкам чытайце тут.

«Хамства надакучыла больш, чым эканамічныя праблемы» — мастачка Ніка Сандрас пра людзей і палітыку

«Такое ўражаньне, што ты жывеш у краіне, дзе ўсе вакол ідыёты, нічога не разумеем, што мы дагэтуль у лапцях ходзім і таму павінны слухаць, як намі панукваюць. Людзей гэта вельмі раздражняе, нэрвуе і абурае», — мастачка і блогерка Ніка Сандрас разважае пра апошнія падзеі ў Беларусі. Чытайце інтэрвію зь Нікай Сандрас па спасылцы.

«Матэрыял для інфармацыйна-прапагандысцкіх групаў» распаўсюдзілі па ўсёй Беларусі. Што ў ім?

Беларускае выданьне «Наша ніва» прааналізавала дакумэнт на 24 старонкі, падрыхтаваны ў чэрвені Акадэміяй кіраваньня, які, як піша сайт, можа быць «даведзены да ведама ідэолягаў» і зь якім «дзяржпрапаганда ідзе на выбары».

Розныя матэрыялы пад назвай «Республика Беларусь: уверенным шагом по пути независимости» і падобнымі ня раз публікаваліся самымі рознымі дзяржаўнымі ўстановамі, ад Факультэту журналістыкі БДУ да адміністрацыі Ленінскага раёну Бабруйску ці раённай лякарні ў Стоўпцах. «Наша ніва» мяркуе, што дакумэнт можна лічыць агітацыйным, «прасякнутым цытатамі Аляксандра Лукашэнкі», але ў ім «не знайшлося месца хаця б туманнаму вобразу будучыні». Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.

«Гэта будзе сапраўдны мужчынскі ўчынак — сысьці, не чакаючы 9 жніўня», — актывістка жаночага руху зьвярнулася да Лукашэнкі

Лідэрка Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху праз Свабоду зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітвязьняў і сысьці, не чакаючы 9 жніўня. «Гэта ня будзе вашай паразай. Гэта будзе галоўны і сапраўдны мужчынскі ўчынак у вашым жыцьці!» — перакананая Людміла Пеціна.

«Аляксандар Рыгоравіч, вы ня мой прэзыдэнт і ніколі вы ім не былі для мяне. Я не выбірала вас ні ў 1994, ні ў наступныя гады. Для мяне вы чалавек ня толькі ўчорашняга дня, а чалавек зь цёмных трыццатых мінулага стагодзьдзя, натхнёны Гітлерам і Сталіным», — заяўляе Людміла Пеціна. Далей чытайце па спасылцы.

«Выбары ў Беларусі скончыліся, пачалася кампанія супрацьстаяньня», — Дзьмітрыеў падаў дакумэнты ў ЦВК

Сустаршыня грамадзкага аб’яднаньня «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў 30 чэрвеня падаў у Цэнтравыбаркам дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі, паведамляе БелаПАН.

«Я лічу, што ў прынцыпе практычна можна казаць пра тое, што выбары ў Беларусі скончыліся, пачалася рэальная кампанія супрацьстаяньня», — заявіў Дзьмітрыеў да прыёму ў ЦВК. На пытаньне, чаму ў сытуацыі абсалютнага беззаконьня ён працягвае прэзыдэнцкую кампанію, ён адказаў, што «трэба проста выкарыстоўваць гэтую кампанію, каб гаварыць пра гэта беззаконьне, дамагацца вызваленьня Бабарыкі, Ціханоўскага, Лосіка, усіх».

Дзьмітрыеў заявіў, што ў выпадку нерэгістрацыі ён і яго каманда будуць гатовыя падтрымаць усіх прэтэндэнтаў, за выключэньнем Аляксандра Лукашэнкі і Ганны Канапацкай, якая «дазваляе сабе абражаць чалавека, які сядзіць у турме за палітычныя погляды». Цалкам чытайце тут.

Лукашэнка «даў сыгнал зь Ціханоўскім». Ці гэта законна, разьбіраемся з экспэртамі

=
=

«Так, я даў сыгнал зь Ціханоўскім. Я нешта ня так зрабіў?» — гэтак Аляксандар Лукашэнка згадаў справу блогера Сяргея Ціханоўскага, кіраўніка ініцыятыўнай групы кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. Ці можа кіраўнік дзяржавы такім чынам «даваць сыгналы»? Разьбіраліся з экспэртамі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG