Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін прапанаваў Дзярждуме ратыфікаваць дамову аб ваеннай дапамозе паміж Расеяй і КНДР. Зяленскі: КНДР фактычна ўключылася ў вайну


Уладзімір Пуцін І Кім Чэн Ын падчас падпісаньня дамовы. Пхэньян, 19 чэрвеня 2024 году
Уладзімір Пуцін І Кім Чэн Ын падчас падпісаньня дамовы. Пхэньян, 19 чэрвеня 2024 году

14 кастрычніка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін унёс у Дзярждуму РФ законапраект аб ратыфікацыі дамовы «аб усеабдымным стратэгічным партнэрстве» паміж Расеяй і КНДР.

Пуцін і Кім Чэн Ын заключылі яе ў чэрвені, падчас першага за 24 гады візыту прэзыдэнта Расеі ў Паўночную Карэю. Дамова складаецца з 23 артыкулаў і замяняе сабой ранейшыя пагадненьні, уключаючы дамову аб дружбе, добрасуседзтве і супрацоўніцтве 2000 году.

У дамове гаворыцца, што калі адзін з бакоў зазнае атаку і апынецца ў стане вайны, другі павінен будзе «неадкладна аказаць вайсковую і іншую дапамогу ўсімі сродкамі, якія ёсьць у яе распараджэньні». Пуцін пры гэтым сьцьвярджаў, што на вайну ва Ўкраіне палажэньні дамовы, ва ўсякім разе аб наданьні ваеннай дапамогі КНДР Расеі, не распаўсюджваюцца.

Неўзабаве пасьля падпісаньня дамовы дарадца прэзыдэнта Паўднёвай Карэі ў нацыянальнай бясьпецы Чан Хо Чжын заявіў, што ўлады плянуюць перагледзець пытаньне аб пастаўках зброі Ўкраіне.

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім вечаровым відэазвароце 14 кастрычніка заявіў, што Паўночная Карэя фактычна ўключылася ў вайну супраць Украіны на баку Расеі. Таксама Зяленскі адзначыў, што заслухаў даклад кіраўнікоў Службы замежнай выведкі і Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны, і ў ім зьмяшчаліся падобныя ацэнкі дзеяньняў КНДР. Таксама, паводле Зяленскага, абмяркоўваліся «адносіны Расеі зь некаторымі іншымі краінамі, якія, на жаль, інвэстуюць у зацягваньне вайны». Зь якімі менавіта, прэзыдэнт Украіны не ўдакладніў.

Напярэдадні, 13 кастрычніка, Зяленскі ўжо заяўляў, што Паўночная Карэя пастаўляе Расею ня толькі зброю, але, верагодна, і вайскоўцаў.

Першым з падобнымі сьцьвярджэньнямі на мінулым тыдні выступіў міністар абароны Паўднёвай Карэі Кім Ён Хён, заявіўшы, што сярод вайскоўцаў КНДР ва Ўкраіне ўжо ёсьць страты забітымі. Ён агаварыўся, што гэта «вельмі імаверна».

Раней брытанская газэта The Times са спасылкай на неназваныя крыніцы ў выведцы адной з заходніх краін пісала, што КНДР пастаўляе Расеі палову ўсіх снарадаў, якія расейскае войска выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны, — гэта паўтара мільёна снарадаў у год. Аб’ёмы паставак павялічыліся пасьля таго, як Уладзімір Пуцін у чэрвені 2024 году наведаў Пхэньян.

Washington Post са спасылкай на афіцыйных асобаў пісала, што ў Расею і на занятыя ёй тэрыторыі Ўкраіны былі накіраваныя паўночнакарэйскія вайсковыя спэцыялісты з мэтай дапамогі ў выкарыстаньні Расеяй пастаўленых Пхэньянам балістычных ракет. Пра гэта ж пісала The Guardian.

Гучаць і сьцьвярджэньні, што на фронт маглі накіраваць непасрэдна баявыя часткі, але пакуль доказаў удзелу паўночнакарэйскіх салдатаў у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны няма. У Эўразьвязе на мінулым тыдні заявілі, што ня маюць падобных зьвестак. У Пхэньяне і Маскве гэтых паведамленьняў не камэнтавалі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG