Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рытуал паводле савецкага ўзору. Якія выбары ўлада рыхтуе беларускаму грамадзтву


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

На працягу мінулых трох дзесяцігодзьдзяў прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі заставаліся адзінай падзеяй, якая па-сапраўднаму палітызавала грамадзтва. Гэтым разам, выглядае, будзе па-іншаму. У сёньняшніх беларускіх умовах электаральныя кампаніі адбываюцца ў савецкім фармаце. А гэта азначае: наперадзе — сумны рытуал, які ні на што не ўплывае, нікога асабліва не палітызуе і мала цікавіць.

Сьцісла:

  • Лукашэнка актыўна пачаў праводзіць перадвыбарчую кампанію, стаў часьцей сустракацца з насельніцтвам.
  • На першым пляне для рэжыму — тэма бясьпекі, прадухіленьне пратэстаў.
  • З боку ўлады пачалася раздача сацыяльных ільготаў.
  • Падчас сустрэч Лукашэнкі з насельніцтвам вострыя пытаньні не агучваюцца. Няма ніякай шчырай размовы з народам пра сапраўды рэальныя праблемы ў грамадзтве.

Галоўная праблема, якая хвалюе ўлады падчас прэзыдэнцкай кампаніі, — не дапусьціць пратэстаў. Спрацоўвае траўма 2020 году. А як вядома, страх — рэч ірацыянальная. Таму тэма бясьпекі — на першым пляне. Мала таго, што мабілізуюцца ўсе сілавыя структуры. Дык Рада бясьпекі стварае яшчэ нейкія новыя нібыта «добраахвотныя» фармаваньні з былых сілавікоў. Хоць ніякіх прыкметаў пратэставай актыўнасьці ня бачна нават на гарызонце.

Між тым, пакуль на некаторых плятформах усё яшчэ спрачаюцца, ці пойдзе Аляксандар Лукашэнка на выбары, і нават спрабуюць угадаць, каго ён выбраў сваім пераемнікам, сам уладар даволі актыўна пачаў праводзіць уласную перадвыбарчую кампанію. Ужо адбыліся дзьве сустрэчы Лукашэнкі са студэнтамі, і ягоная прэсавая служба анансуе працяг такіх сустрэч.

Таксама ён рэгулярна наведвае рэгіёны. Прычым, акрамя нарадаў зь мясцовым чынавенствам, абавязковым пунктам праграмы такіх паездак, неабходным рытуалам зьяўляюцца выступы перад мясцовымі жыхарамі. Ніколі раней Лукашэнка не наведваў абласныя «Дажынкі». А цяпер пабываў на сьвяце ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць) і ў Карме (Гомельская вобласьць).

У рамках яшчэ афіцыйна не абвешчанай выбарчай кампаніі праводзіцца агульнанацыянальная піяр-акцыя «Маратон адзінства». Пра яе абвясьціў сам Лукашэнка, выступаючы на ўрачыстым сходзе да «Дня народнага адзінства» 17 верасьня. На правядзеньне кампаніі мабілізаваны ўвесь дзяржаўны апарат.

Маратон уключае ў сябе канцэрты ва ўсіх рэгіёнах, якія разглядаюцца як частка прапагандысцкай акцыі. Кампанію прэзэнтавала прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант. Кіраўніком працоўнай групы па падрыхтоўцы маратону прызначаная нявестка ўладара Ганна Лукашэнка. На канцэрце ў Маладэчне граў на раялі малодшы сын Мікалай Лукашэнка. Так што перадвыбарчая кампанія стала сапраўды сямейнай справай.

Пачалося тое, што на мове паліттэхнолягаў называецца «раздача сланоў», — то бок выдзяленьне насельніцтву пэўных сацыяльных дабротаў. На нарадзе 15 кастрычніка абмяркоўвалі ўказ аб сацыяльнай падтрымцы: пэнсіянэры, якія працягваюць працаваць, будуць атрымліваць поўную пэнсію, а не частковую, як цяпер.

Што тычыцца зьместу ўмоўнай «перадвыбарчай праграмы», то ён немудрагелісты. Ніякіх перамен, робім тое, што рабілі і раней. Зьявіліся вялізныя вонкавыя выклікі. Заходнія ворагі і іх сатэліты імкнуцца ўцягнуць Беларусь у вайну, таму патрэбна пастаянная мабілізацыя. Але на варце міру і бясьпекі стаіць Лукашэнка, таму можаце спаць спакойна.

Ёсьць і мэсыджы, якія ў пэўным сэнсе можна назваць наратывамі будучыні. Выступаючы перад студэнтамі, Лукашэнка казаў пра неабходнасьць ажыцьцявіць «навукова-тэхнічную рэвалюцыю». Сам тэрмін — з савецкіх часоў. Лукашэнка заахвочваў студэнтаў абяцаньнямі стварыць нейкія новыя структуры, якія будуць рухаць тэхнічны прагрэс, гаварыў пра космас. Таму, маўляў, ня варта марыць пра эміграцыю, будзе чым заняцца дома.

Падчас сустрэч з насельніцтвам у рэгіёнах ягоныя абяцаньні і пляны былі больш прыземленыя. Наратывы будучыні былі больш падобныя да ўспамінаў пра мінулае (аднаўленьне праграмы мэліярацыі і інш.)

Зьвяртае на сябе ўвагу важная асаблівасьць усіх сустрэч і самога Лукашэнкі, і розных чыноўнікаў з насельніцтвам: на іх адсутнічаюць вострыя пытаньні. Няма шчырай размовы з народам пра сапраўды рэальныя праблемы ў грамадзтве. Пра тое, што Лукашэнка шмат разоў абяцаў сысьці і не балятавацца зноў на пасаду прэзыдэнта. Пра палітвязьняў, самаўпраўства «сілавікоў». Пра штучны канфлікт з заходнімі суседзямі і Ўкраінай. І шмат пра што іншае.

Аднак у сёньняшняй Беларусі грамадзянам дазволена скардзіцца начальству толькі на нейкія бытавыя праблемы. Пра палітыку пытацца забаронена, гэта небясьпечна. То бок галоўная палітычная кампанія ў краіне праходзіць, уласна, па-за палітыкай. Такая яе асаблівасьць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG