Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зачышчаць будуць усіх, каму не дазволена выказвацца, — экспэрт Паўлючэнка


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. На выбарчым участку падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году трансьлявалі выступ Аляксандра Лукашэнкі. Горадня, 4 жніўня 2020 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. На выбарчым участку падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году трансьлявалі выступ Аляксандра Лукашэнкі. Горадня, 4 жніўня 2020 году

Фёдар Паўлючэнка, галоўны рэдактар Reform.news, аналізуе сутычкі паміж рознымі плынямі праўладных прапагандыстаў, прагназуе вялікую зачыстку і вызначае асноўны лёзунг будучай выбарчай кампаніі.

Сьцісла:

  • Наратыў прапаганды: «Пакуль Лукашэнка застаецца кіраўніком дзяржавы, гэта дзяржава існуе».
  • Галоўным рэфрэнам прапаганды паўтараецца думка, што трэба пацярпець Лукашэнку яшчэ 5 гадоў.
  • Частка лукашыстаў прабеларускія — як бы дзіўна гэта ні гучала.
  • Бондарава, безумоўна, прадукт часткі сілавога апарату.
  • Азаронак паказаў сябе вельмі гнуткім прапагандыстам.

— Працягваюцца сутычкі паміж рознымі флянгамі лукашыстаў. Днямі прызналі экстрэмісцкім тэлеграм-канал «За Союзное Государство Беларуси и России», які вёў Сяргей Шыптэнка, былы карэспандэнт Regnum. Ці можна сказаць, што паміж рознымі групамі прыхільнікаў цяперашняга беларускага рэжыму ёсьць сапраўды моцныя ідэйныя разыходжаньні?

— Я лічу, што адрозьненьні ёсьць, і даволі істотныя. Па-першае, мы бачым, што частка лукашыстаў прабеларускія — як бы дзіўна гэта ні гучала. Іншая частка — прарасейскія, якія ня бачаць Беларусь незалежнай дзяржавай.

Таксама іх адрозьнівае тое, што з Расеі, з Крамля паступаюць грошы на існаваньне прарасейскіх актывістаў, на тое, каб яны стваралі ўласныя тэлеграм-каналы, сайты і г.д. Безумоўна, гэта ня можа падабацца некаторым сілавікам з атачэньня Лукашэнкі. Ім не падабаецца, што на гэтай паляне расейска-беларускіх адносінаў спрабуюць гуляць іншыя асобы, акрамя Лукашэнкі.

— Аднак застаецца пытаньне: чаму ўлада цярпіць тых, хто, як Вольга Бондарава, фактычна ставіць пад сумнеў асновы афіцыйнай палітыкі і ідэалёгіі? Ужо колькі разоў здавалася, што яе і яе паплечнікаў могуць пасадзіць — але гэтага не адбываецца. Чаму?

— Я лічу, такая сытуацыя адлюстроўвае раскол, які існуе ня толькі ў мэдыя-полі, але і ў самой уладзе. Бо ёсьць сілавікі — як той самы Карпянкоў — якія відавочна прарасейскія. Якія называлі Пуціна сваім прэзыдэнтам, вывешваюць расейскія сьцягі ў кабінэтах. Я мяркую, што Бондарава, безумоўна, прадукт нейкай часткі такіх беларускіх сілавікоў. Мэта — каб былі нейкія нізавыя актывісты, якія ўказвалі б, каго трэба рэпрэсаваць.

Устойлівасьць Бондаравай і да яе падобных акурат палягае на тым, што іх падтрымлівае частка сілавікоў і чыноўнікаў.

— А можа, гэта непасрэдна Масква яе падтрымлівае, і таму менскія чыноўнікі ня могуць нічога зь ёю зрабіць?

— Наколькі я разумею, як працуе беларуская сыстэма: павінны існаваць плыні сярод сілавікоў і чыноўнікаў, якія падтрымліваюць гэты напрамак. Крэмль ня можа наўпрост узьдзейнічаць на тое, што робіць беларуская ўлада ва ўнутранай палітыцы. Яны гэта робяць праз агентаў уплыву, прыкормленых чыноўнікаў. Але менавіта самі беларускія сілавікі — гэта тыя людзі, якія прасоўваюць такіх, як Бондарава.

— Рыгор Азаронак вельмі ўзрадаваўся, што канал «За саюзную дзяржаву» прызналі экстрэмісцкім. Аднак разам з гэтым яму самому ўдаецца быць і радыкальна прарасейскім, і радыкальна пралукашэнкаўскім.

— Азаронак паказаў сябе як вельмі гнуткі прапагандыст. Ён вельмі добра адчувае, што ў дадзены момант хацеў бы пачуць адзін чалавек — Аляксандар Лукашэнка. Азаронак адлюстроўвае ягоныя думкі — прынамсі, так гэта падаецца самому Азаронку.

Мы бачым, як зьмяняецца падыход Лукашэнкі да беларуска-расейскіх адносінаў, што зьвязана з выбарчай кампаніяй, якая нас чакае празь некалькі месяцаў. Гэта ня нейкі ідэалягічны вэктар, які задае сам Азаронак. Гэта адлюстраваньне жаданьняў і падыходаў Лукашэнкі.

— У нядаўнім інтэрвію з Раманам Пратасевічам Ксеніі Сабчак, у якім браў удзел і Азаронак, яна чапляла яго тым, што ўсе галоўныя прыхільнікі Лукашэнкі ў Расеі, кшталту Праханава, ня бачаць Беларусь незалежнай краінай.

— Усе мы ведаем гэты наратыў Лукашэнкі пра шчыльную інтэграцыю з Расеяй, пры якой Беларусь захоўвае незалежнасьць. Цяпер гэта набывае і такую форму: «Пакуль Лукашэнка застаецца кіраўніком дзяржавы, гэтая дзяржава існуе».

— Як можна спрагназаваць далейшае разьвіцьцё гэтага канфлікту паміж пралукашэнкаўскімі і прамаскоўскімі прапагандыстамі? Ці набудзе ён яшчэ больш вострыя формы? Ці ў інтарэсах самога Лукашэнкі захоўваць існаваньне абедзьвюх групаў, каб ніводная зь іх канчаткова не перамагла? З 2015 па 2020 год радыкальна прарасейскія аўтары маглі атрымаць па шапцы за свае тэксты. Успомнім, што публіцысты «Рэгнума», сярод якіх быў і Шыптэнка, проста былі асуджаныя беларускім судом у 2018 годзе.

— Цяпер сытуацыя моцна адрозьніваецца, зачыстка носіць сыстэмны характар. Гэтыя прапагандысты атрымліваюць грошы ад Масквы, таму адчуваюць пэўную незалежнасьць ад беларускага рэжыму. Аднак любы альтэрнатыўны, незалежны ад уладаў падыход будзе карацца, асабліва напярэдадні выбарчай кампаніі.

— А ў чым галоўная прапагандысцкая лінія ўладаў на сёньня? Ужо вымалёўваюцца нейкія яе рысы напярэдадні чарговай прэзыдэнцкай кампаніі 2025 году?

— Зачышчаць будуць усіх, каму не дазволена выказвацца. Умоўна кажучы, павінны застацца 5 «палітолягаў», якія будуць гаварыць пра палітыку. Адрозьненьне гэтай кампаніі ад іншых у тым, што галоўным рэфрэнам паўтараецца думка, што трэба пацярпець Лукашэнку яшчэ 5 гадоў. Гэта кажуць і сам Лукашэнка, і ягоныя чыноўнікі, і прапагандысты.

Тут і відавочна фіктыўная дыскусія пра тое, што, можа, ён і ня пойдзе на выбары. І ягонае атачэньне нібыта ўгаворвае: «Давайце пераканаем яго яшчэ на адзін тэрмін». Відавочна, гэта разуменьне таго факту, што людзі вельмі стаміліся ад яго.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG