Беларускі банк выплаціў украінскаму палітыку Медзьвядчуку амаль 100 тысяч даляраў. За што?

Віктар Медзьвядчук

Лідэр партыі «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё» Віктар Медзьвядчук атрымаў зь менскай філіі беларускага банку «Абсалютбанк» 2,347 мільёнаў грыўняў (крыху больш як 95 тысяч даляраў у эквіваленце).

Адпаведную інфармацыю Віктар Медзьвядчук, які зараз ёсьць дэпутатам парлямэнту, вымушаны быў унесьці ў сваю дэклярацыю аб даходах і маёмасным стане. Паводле яе, гэтыя грошы ён атрымаў 10 верасьня ў якасьці «ганарараў і іншых плацяжоў згодна з цывільна-прававымі дзеяньнямі».

Беларускі «Абсалютбанк» належыць беларускаму прадпрымальніку Мікалаю Вараб’ю і ягоным кампаніям. Сёлета ў сакавіку ягоны «Нафтабітумны завод» выкупіў частку статутнага капіталу ўкраінскага ТАА «Прыкарпатзахадтранс» (г. Роўна), якое ўкраінскія СМІ зьвязвалі з найбліжэйшым атачэньнем Віктара Медзьвядчука.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы сталі ўласьнікамі ўкраінскай трубы, якая пампуе расейскае паліва ў Эўразьвяз

У 2015 годзе актывы кампаніі былі выведзеныя зь дзяржаўнай уласнасьці Ўкраіны. Тады суд пастанавіў перадаць усе актывы ў кіраваньне расейскай «Транснефти». Неўзабаве пасьля таго судовага рашэньня расейская «Транснефть» прадала трубаправод швэйцарскай International Trading Partners AG.

Перад выбарамі ў парлямэнт, якія адбыліся сёлета ў ліпені, шэраг дэпутатаў заяўлялі аб намеры ініцыяваць перагляд судовых рашэньняў аб вывядзеньні актываў кампаніі зь дзяржаўнай уласнасьці Ўкраіны.