САЗ: Пандэмія каранавірусу моцна пашкодзіла іншым хворым па ўсім сьвеце

Тэдрас Аданом Гебрэесус.

Пандэмія каранавірусу нэгатыўна паўплывала на ўзровень мэдычных паслугаў па лячэньні неінфэкцыйных хваробаў. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджаным сёньня Сусьветнай арганізацыяй здароўя (САЗ) паведамленьні.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Гэтая выснова зробленая на падставе дасьледаваньня, праведзенага цягам трох травеньскіх тыдняў у 155 краінах сьвету. Пры глябальным характары наступстваў найбольш пацярпелі жыхары краінаў зь нізкімі ўзроўнямі даходаў.

Гэта, мяркуюць экспэрты САЗ, выклікае асаблівую трывогу, бо людзі зь неінфэкцыйнымі захворваньнямі знаходзяцца ў групе рызыкі заражэньня COVID-19 і цяжкага разгортваньня хваробы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь увайшла ў пяцёрку краін Эўропы з найбольшай колькасьцю выпадкаў COVID-19 за апошнія 2 тыдні

«Вынікі гэтага дасьледаваньня пацьвярджаюць тое, што мы чуем ад краінаў ужо некалькі тыдняў, — сказаў Тэдрас Гебрэесус, генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя. — Шмат людзей, якія маюць патрэбу ў лячэньні такіх захворваньняў, як рак, сардэчна-сасудзістыя захворваньні і дыябэт, не атрымліваюць неабходных ім мэдычных паслугаў і лекаў ад самага пачатку пандэміі COVID-19. Важна, каб краіны знаходзілі інавацыйныя спосабы забясьпечыць для такіх хворых захаваньне неабходных паслугаў, нават калі яны змагаюцца з COVID-19».

Галоўная выснова дасьледаваньня экспэртаў САЗ — што мэдычныя паслугі шмат у якіх краінах былі часткова або цалкам спыненыя. Больш за палову (53%) абсьледаваных краінаў часткова або цалкам спынілі паслугі па лячэньні гіпэртаніі; 49% — лячэньне дыябэту і зьвязаных з дыябэтам ускладненьняў; 42% — лячэньне раку, 31% — лячэньне сардэчна-сасудзістых захворваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За нашу бязьдзейнасьць падчас пандэміі заплацяць жанчыны і дзеці», — прэзыдэнтка Эстоніі

Праца службаў рэабілітацыі была парушаная амаль у дзьвюх трацінах (63%) краінаў, хоць для аднаўленьня пасьля цяжкай формы COVID-19 рэабілітацыя мае ключавое значэньне.

У большасьці (94%) краінаў супрацоўнікі сыстэмы аховы здароўя, якія працуюць у галіне неінфэкцыйных захворваньняў, былі часткова або цалкам пераразьмеркаваныя для падтрымкі лячэньня хворых на COVID-19.

Адтэрміноўка адкрытых праграмаў скрынінгу (напрыклад, на рак малочнай залозы і шыйкі маткі) таксама атрымала шырокае распаўсюджаньне, пра што паведамляюць больш за 50% краінаў.

Найбольш распаўсюджанымі прычынамі спыненьня або скарачэньня паслуг сталі адмена плянавых працэдур, зьніжэньне колькасьці грамадзкага транспарту і недахоп пэрсаналу, бо мэдычных работнікаў перавялі на паслугі, зьвязаныя з COVID-19, гаворыцца ў паведамленьні САЗ.

Сярод станоўчых вынікаў адзначаецца выкарыстаньне тэлемэдыцыны, калі кансультацыі адбываюцца праз тэлефон альбо інтэрнэт. Гэтая практыка адзначаецца ў 58% краінаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусам прапануюць далучыцца да глябальнага вывучэньня ўплыву каранавірусу на фізычнае і псыхічнае здароўе