У кватэры і на лецішчы вакаліста гурту Amaroka ладзілі ператрусы, шукалі выбухоўку

Зьміцер Афанасенка выступае на канцэрце Amaroka ў Менску, 20 лістапада 2015 году

Пра гэта вакаліст гурту Amaroka Зьміцер Афанасенка раніцай напісаў у Фэйсбуку.

Паводле Афанасенкі, ператрусы адбываюцца на падставе даносу пра тое, ён і ягоны брат «арганізавалі штаб БНФ, дзе ёсьць зброя і выбуховыя рэчы».

Зьміцер пасьля 15 гадзін расказаў Свабодзе, што каля 8 раніцы яму патэлефанавала маці зь Менску — сказала, «прыйшлі». Праз 10–15 хвілін прыйшлі і да яго — ён жыве на лецішчы за горадам.

Паводле Зьмітра, прыйшлі тры чалавекі з крымінальнага вышуку, заявілі, што паступіла папера ад кагосьці па прозьвішчы Дзяркач, што нібы ён з братам «вырабляе для БНФ выбухоўку». Зьміцер кажа, сілавікі пахадзілі, перапісалі маёмасьць, хацелі канфіскаваць гістарычны сьцяг Рады БНР (бел-чырвона-белы з чорнымі палосамі), які вісеў у гаражы, але калі пачулі тлумачэньні, што гэта ня бел-чырвона-белы, перадумалі.

У ягонага брата забралі ноўтбукі і тэлефон, склалі акт агляду, але дакумэнтаў на вынятую тэхніку не далі. У самога Зьмітра нічога не забралі. Казалі, «праводзяць праверку», а ці ёсьць нейкая справа, Зьміцер ня ведае. Ён дапускае, што візыты сілавікоў могуць быць зьвязаныя з набліжэньнем Дня Волі — мяркуе, гэта можа быць проста спробай застрашыць.

Зьміцер Афанасенка працаваў у «Арт-сядзібе». Яго імя было ў сьпісе затрыманых на маршы пратэсту 6 верасьня 2020 году. З 2005 году ён граў і сьпяваў у поп-панк-гурце Amaroka, зь якім запісаў пяць альбомаў. Выступаў, сярод іншага, на ўкраінскім Эўрамайдане ў 2014 годзе. Трапіў у «чорныя сьпісы» нібыта за «прапаганду вайны ці экстрэмізму», але працягваў выступаць падпольна. Цяпер творчасьць гурту «на паўзе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 кліпаў «нізкага мастацкага ўзроўню». І нават нешта горшае. ВІДЭА 18+