Кіраўнік МЗС Францыі ў Кіеве: Парыж падтрымлівае «плян перамогі» Ўкраіны

Андрэй Сібіга (злева) і Жан-Ноэль Баро ў Кіеве, ля Сьцяны памяці загінулых украінскіх салдат. 19 кастрычніка 2024 году

Кіраўнік МЗС Францыі Жан-Ноэль Баро падчас візыту ў Кіеў падтрымаў «плян перамогі» Ўладзіміра Зяленскага і ініцыятыву па запрашэньні Ўкраіны ў NATO, а таксама паабяцаў, што першыя зьнішчальнікі Mirage паставяць ва Ўкраіну ў пачатку 2025 году.

Парыж адкрыты для ідэі неадкладнага запрашэньня Ўкраіны ў NATO, але перамовы з саюзьнікамі па гэтым пытаньні будуць працягнутыя, заявіў падчас візыту ў Кіеў кіраўнік МЗС Францыі Жан-Ноэль Баро.

19 кастрычніка ў Кіеве прайшлі перамовы Баро зь міністрам замежных спраў Украіны Андрэем Сібігам.

Украінская служба Радыё Свабода са спасылкай на сумесную прэс-канфэрэнцыю Баро і Сібігі прыводзіць словы францускага дыплямата аб тым, што Францыя падтрымлівае «плян перамогі» Ўкраіны ў вайне з Расеяй і што Парыж гатовы працягваць дапамагаць Кіеву. «Францыя падтрымлівае ўкраінскі плян ня толькі ў ваеннай сфэры, але і гатова надаваць падтрымку ў грамадзянскай і эканамічнай галінах», — гаворыцца ў публікацыі.

Адначасова прыводзіцца выказваньне Баро аб тым, што «Францыя падтрымае Ўкраіну, калі яна вырашыць пачаць перамовы аб міры».

Таксама Баро запэўніў, што Францыя паставіць Кіеву першую партыю ўдарных самалётаў Mirage 2000 ў першым квартале 2025 году, а таксама правядзе навучаньне ўкраінскіх пілётаў і мэханікаў кіраваньню і абслугоўваньню зьнішчальнікаў.

На 20 кастрычніка прызначаная паездка францускага міністра на ўсход Украіны, дзе Парыж паабяцаў фінансавую дапамогу двум новым цэнтрам па абароне дзяцей, якія пацярпелі ад вайны, адзначае Reuters.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як на «плян перамогі» Зяленскага адрэагавалі ў NATO, Эўразьвязе і ў Расеі і што пра яго кажуць палітолягі
  • 16 кастрычніка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на пасяджэньні Вярхоўнай Рады прадставіў пункты прапанаванага ім «пляну перамогі» Ўкраіны ў вайне з Расеяй. Ён складаецца зь пяці публічных пунктаў і некалькіх засакрэчаных дадаткаў.
  • Паводле Зяленскага, першым пунктам зьяўляецца запрашэньне Ўкраіны ў NATO. Наступныя чатыры пункты пляну: абарона, стрымліваньне, эканоміка і бясьпека. Яны прадугледжваюць працяг і ўзмацненьне вайсковай дапамогі партнэраў, дазвол наносіць удары па вайсковых аб’ектах Расеі, атрыманьне дадатковых сродкаў супрацьпаветранай абароны, разьмяшчэньне зброі стрымліваньня на тэрыторыі Ўкраіны і эканамічны патэнцыял. На думку Зяленскага, выкананьне гэтага пляну дазволіць завяршыць вайну да канца 2025 году.
  • 17 кастрычніка Ўладзімір Зяленскі на прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі прадставіў свой «плян перамогі» лідэрам краін ЭЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кароткатэрміновай пэрспэктыве ўступленьне Ўкраіны ў NATO выглядае фантастыкай, — Андрэй Казакевіч
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: Сяброўства ў NATO — альтэрнатыва ядзернай зброі, але Ўкраіна ніколі не казала пра падрыхтоўку да яе стварэньня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генсакратар NATO: Украіна стане 33-м або 34-м сябрам Альянсу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Украіна спрабуе справіцца зь недахопам жывой сілы на фронце і расколам у грамадзтве