Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі: Сяброўства ў NATO — альтэрнатыва ядзернай зброі, але Ўкраіна ніколі не казала пра падрыхтоўку да яе стварэньня


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Украіна ніколі не казала аб падрыхтоўцы да стварэньня ядзернай зброі, заявіў Уладзімір Зяленскі падчас прэс-канфэрэнцыі з генсакратаром NATO Маркам Рутэ. Разам з тым, на думку Зяленскага, пасьля правалу гарантыяў бясьпекі Будапэшцкага мэмарандуму ва Ўкраіны «няма альтэрнатывы, акрамя NATO».

«Мы ніколі не казалі аб тым, што мы рыхтуемся стварыць ядзерную зброю. Я сказаў, што калі быў падпісаны Будапэшцкі мэмарандум, было прапісана, што Ўкраіна аддала ядзерную зброю і ад шаноўных краін мае гарантыі бясьпекі. Мы аддалі нашу ядзерную зброю. Гэта значыць, што для нас гэта (гарантыі бясьпекі) ня вельмі добрая абарона. Таму ў нас няма альтэрнатывы, акрамя NATO. Гэта наш сыгнал», — сказаў прэзыдэнт Украіны.

Але, як падкрэсьліў Зяленскі, Украіна не стварае ядзерную зброю.

Раней 17 кастрычніка Ўладзімір Зяленскі на прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі прадставіў лідэрам краін ЭЗ свой «плян перамогі» зь пяці пунктаў і расказаў аб падрабязнасьцях сваёй нядаўняй сустрэчы з кандыдатам у прэзыдэнты ЗША Дональдам Трампам.

Сярод іншага, паводле Зяленскага, у размове з Трампам ён абгрунтаваў неабходнасьць уступленьня Ўкраіны ў NATO тым, што альтэрнатывай яму можа быць толькі валоданьне Кіевам ядзернай зброяй — інакш немагчыма будзе гарантаваць бясьпеку Ўкраіны. Зяленскі нагадаў, што па Будапэшцкім мэмарандуме 1994 году Кіеў адмовіўся ад ядзернай зброі, але краіны, якія падпісалі дакумэнт — ЗША, Вялікая Брытанія і Расея — ня выканалі свае абавязацельствы, згодна зь якімі Ўкраіна атрымлівала гарантыі тэрытарыяльнай цэласнасьці.

«У нас атрымліваецца так, якое ж выйсьце? Або ва Ўкраіны будзе ядзерная зброя — і тады гэта для нас абарона. Ці мы павінны мець нейкі альянс. Акрамя NATO, на сёньня мы ня ведаем дзейсных альянсаў», — менавіта такі аргумэнт, паводле Зяленскага, ён прывёў у размове з Трампам.

Па словах украінскага прэзыдэнта, Кіеў выбірае NATO, паколькі краіны гэтага саюза не ваююць. Трамп, паводле Зяленскага, прызнаў яго аргумэнты «справядлівымі».

Пасьля гэтага нямецкае выданьне BILD напісала, што нібыта ўлады Ўкраіны сапраўды сур’ёзна разглядаюць магчымасьць узнаўленьня запасаў ядзернай зброі. Выданьне спаслалася на заяву неназванага высокапастаўленага ўкраінскага чыноўніка, паводле якога Ўкраіна ня зьмірыцца з другім наступам расейскіх войскаў на Кіеў, і ў гэтым выпадку будзе адноўлены ўкраінскі ядзерны арсэнал, ад якога краіна добраахвотна адмовілася ў 1990-я падчас падпісаньня Будапэшцкага мэмарандуму.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG