Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што знойдуць інвэстары ў беларускім бізнэс-клімаце?


Ці падвысіць дэкрэт №10 інтарэс да Беларусі, якая мае рэпутацыю краіны зь непрадказальным бізнэс-кліматам? Меркаваньні экспэртаў.


Аляксандар Лукашэнка выдаў дэкрэт, у адпаведнасьці зь якім спрашчаюцца ўмовы інвэстыцыйнай дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі. У дакумэнце адзначаецца, што прапанаваныя нормы накіраваныя на стымуляваньне шырокамаштабнай дзелавой актыўнасьці, а ў якасьці пацьверджаньня пералічаныя прэфэрэнцыі для праектаў, якія рэалізуюцца ў рамках пагадненьняў зь дзяржавай. Ці насамрэч падвысіцца інтарэс да Беларусі, якая мае рэпутацыю краіны зь непрадказальным бізнэс-кліматам?

Згодна з дэкрэтам, патэнцыйным інвэстарам гарантуецца шэраг прэфэрэнцый. Сярод іх — выдаваньне зямельнага надзелу ў арэнду без аўкцыёну, афармленьне зямлі адначасова з пачаткам будаўніцтва, увоз тэхналягічнага абсталяваньня без аплаты мыта і падатку на дададзеную вартасьць. Апроч таго, інвэстар вызваляецца ад кампэнсацыі стратаў, зьвязаных з пашкоджаньнем зямлі і насаджэньняў, а таксама сплаты пошліны за выдачу дазволаў замежнікам, прыцягнутым для рэалізацыі праектаў, і г.д.

Экс-міністар зьнешнеэканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч вітае падобны крок, але лічыць, што чакаць рэальных вынікаў сёньня ці заўтра не выпадае:

“Я вітаю, што такое рашэньне прынятае. Такое адчуваньне, што наш прэзыдэнт праз 15 гадоў у асобных момантах нарэшце пачынае празраваць. Як кажуць, лепш пазьней, чым ніколі. Але сёньня гэтае рашэньне трэба праводзіць ня ўказам ці дэкрэтам, а законам. Наконт гэтага павінна быць адназначнае і зразумелае заканадаўства. Бо ўказ сёньня ёсьць, а заўтра сам жа Лукашэнка яго адменіць”.

Карэспандэнт: “Ва ўмовах крызісу, калі дзелавыя людзі вельмі абачліва распараджаюцца сродкамі, ці можна чакаць інвэстыцыйнай актыўнасьці?”

“Натуральна, што гэта працэс не аднахвілінны. Неабходны час. Увогуле да гэтага дэкрэту патрэбны агульны пакет лібэралізацыі ўсёй эканомікі. А таксама, як я ўжо казаў, зразумелае і празрыстае заканадаўства”.

Старшыня стваранай беларускай партыі працоўных Аляксандар Бухвостаў перакананы: беларуская прамысловасьць мае патрэбу ў кардынальнай перабудове. Зрабіць гэта самастойна немагчыма — няма ні патрэбных сродкаў, ні досьведу маштабнай перабудовы. Аднак, на яго думку, пры ўдалым сымбіёзе інвэстыцый і адрасата можа атрымацца нават усясьветна вядомы брэнд:

“Змаглі ж іншыя! Я заўсёды ў гэтым сэнсе прывожу прыклад кампаніі “Gorenje”. Здолела ж славенская фірма, у 1990-я фактычна разбураная вайной, узьняцца да такога ўзроўню, што зараз канкурыруе, прыкладам, з італьянскай тэхнікай. Маю перадусім на ўвазе бытавую тэхніку — пральныя машыны, лядоўні ды іншае, што яны вырабляюць. Значыць, і нашым неабходна займацца пераабсталяваньнем, прыцягненьнем інвэстыцый, то бок працаваць трэба. Галоўная задача перад нашымі прадпрыемствамі — падвышаць якасьць, укладаць у тэхнічнае пераўзбраеньне. І спрабаваць канкурыраваць на рынках ня толькі Расеі, але і заходніх. Вось якая задача”.

У Беларусі ўжо рэалізуецца шэраг інвэстыцыйных праектаў, якія з пачаткам фінансавага крызісу ці згарнуліся, ці прынамсі часова замарозіліся. Так і ня выйшаў на абяцаныя магутнасьці завод, дзе зьбіраюць іранскія аўтамабілі “Саманд”. Няма пэўнасьці з ажыцьцяўленьнем ідэі ўзьвядзеньня на месцы старога аэрапорту дзелавога кварталу “Мінск-Сіці”. Пад пытаньнем стварэньне “раю для праграмістаў” — Парку высокіх тэхналёгій. Мэнэджэр адной з буйных ІТ-кампаній кажа, што ў пэрыяд эканамічнай стагнацыі дзелавыя людзі стрымана рэагуюць нават на самыя прывабныя прэфэрэнцыі:

“Надзвычай паказальна, што спонсары ўзьвядзеньня Парку высокіх тэхналёгій — менавіта замежныя кампаніі. Але ім зараз займацца такой справай зусім ня выгадна. Таму, на мой погляд, нейкіх істотных зрухаў як не было асабліва дагэтуль, так наўрад ці ў бліжэйшыя 2—3 гады будзе. Што да прэфэрэнцый дзяржавы да ўдзельнікаў ПВТ, то так, яны дзейнічаюць. Перадусім гэта льготнае падаткаабкладаньне. Але справа ў тым, што нават калі гэтыя прэфэрэнцыі і ёсьць, а людзі сядзяць бяз працы, дык што гэтыя прэфэрэнцыі ёсьць, што іх няма — адно і тое ж. Шараговыя супрацоўнікі палёгкі не адчуваюць ніякім чынам. Час насамрэч досыць складаны”.

Традыцыйна найбольш пільную ўвагу да Беларусі выяўляюць расейскія бізнэсоўцы. З удзелам расейскага капіталу працуюць гандлёвыя цэнтры і гіпэрмаркеты, рэстарацыі і казыно. Расейцы неаднойчы дэкляравалі намер акцыянаваць стратэгічныя прадпрыемствы Беларусі, аднак у асноўным натыкаліся на негатовасьць да гэтага беларускага кіраўніцтва. Палітоляг, дэпутат Дзяржаўнай думы Сяргей Маркаў усё ж спадзяецца, што пасьля крызісу расейскі сьлед застанецца на эканамічнай мапе Беларусі:

“Ніхто дакладна ня ведае, як доўга працягнецца вось гэты крызіс, але я хачу падкрэсьліць: сам крызіс — гэта цяжкасьць, але пасьля паласы цяжкасьцяў жыцьцё ўсё ж працягваецца. Адны ў выніку крызісу прайграюць, а іншыя, наадварот, выйграюць. Я думаю, што мы разам — і Расея, і Беларусь — у выніку атрымаем з гэтай сытуацыі пэўныя дывідэнды ў выглядзе сумесных праектаў. Нават зь вялікай верагоднасьцю можна прагназаваць: пры разумнай палітыцы беларуская эканоміка выйграе па выніках гэтага крызісу”.

У адпаведнасьці зь яшчэ адным указам Аляксандра Лукашэнкі дзеля паляпшэньня працы з замежнымі і беларускімі інвэстарамі пачнуць дзейнічаць “спэцыяльныя агенты”. Інвэстыцыйным агентам можа быць як фізычная, так і юрыдычная асоба — перадусім спэцыялісты, якія валодаюць практычным досьведам падрыхтоўкі інвэстыцыйных праектаў і здольныя весьці перамовы з кіраўніцтвам буйных кампаній.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG