Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы ня хочуць гмахаў замест гаю


У Магілёве жыхары мікрараёну Юбілейны працягваюць бараніць ад высечкі бярозавы гаёк, на месцы якога зьбіраюцца ўзводзіць чатыры маналітныя шматпавярховыя дамы.

Увечары 29 лістапада, як і напярэдадні, людзі сабраліся на пляцоўцы, якую будаўнікі пачалі агароджваць. Актыўныя абаронцы дрэў пакрысе зьбіраюць зьвесткі пра будучае будаўніцтва, а потым на сходах апавядаюць пра іх. На ўезьдзе на агароджаную тэрыторыю інфармацыйнага стэнду пра дэталі будоўлі няма. Тэрыторыю пачалі агароджваць чатыры дні таму. Працуе будаўнічае тэхніка.

29 лістапада прадстаўнікі пратэстоўцаў наведалі шэраг кантрольных гарадзкіх устаноў, а таксама арганізацыю, якая зьбіраецца ўзводзіць дамы. Актывісты перадалі подпісы супраць будаўніцтва й даведаліся, што дазволу на пачатак будоўлі акцыянэрнаму таварыству «Домабудаўніцтва» кантрольныя органы не давалі. Кантралёры паабяцалі разабрацца з сытуацыяй.

У самім «Домабудаўніцтве» людзям паведамілі, што сталі агароджваць тэрыторыю без дазволу загадзя, каб раней распачаць будоўлю. Паказалі й праекты будучых дамоў. Будаўнікі зьбіраюцца напачатку сьпілаваць 14 бяроз, 8 зь якіх нібыта прызнаныя хворымі. Замест іх у невядома якім месцы высадзяць маладыя дрэўцы.

Як і ўчора, людзі на сходзе выказваліся эмацыйна. Некаторыя зь іх самі высаджвалі бярозы, таму заявілі, што будуць бараніць іх да апошняга.

Некаторыя з абаронцаў бярэзьніку наўмысна гуляюць зь дзецьмі перад будаўнікамі, каб паказаць ім, што значыць гай для мікрараёну
Некаторыя з абаронцаў бярэзьніку наўмысна гуляюць зь дзецьмі перад будаўнікамі, каб паказаць ім, што значыць гай для мікрараёну
Дакумэнт на пачатак будаўніцтва
Дакумэнт на пачатак будаўніцтва
Тым часам на ня цалкам агароджанай тэрыторыю будаўнікі выкапалі яміны да мэтра глыбінёй. Бярэзьнік не асьвятляецца, а па сьцежках у ім ходзяць людзі, гуляюць дзеці. Яміны акурат ля сьцежак. Людзей абурае, што кіраўніцтва будаўнічай арганізацыі ня дбае пра тое, што яміны могуць стаць пасткай у цемры.

Калі сход завяршаўся, да грамады выйшла вартаўніца і паказала выпіску з рашэньня Магілёўскага гарвыканкаму, паводле якога распачалі будоўлю. Сказала, што ёй загадалі яе паказаць. Пад дакумэнтам стаяць прозьвішчы старшыні гарвыканкаму Станіслава Барадаўкі ды кіраўніка справамі гарвыканкаму Ігара Аўсеенкі.

Жыхарам мікрараёну ніхто з чыноўнікаў не паведаміў пра будаўніцтва дамоў. Людзей непакоіць ня толькі высечка бярэзьніку, але й трываласьць старых «хрушчовак». Многія баяцца, што «хрушчоўкі» ня вытрымаюць, калі пачнуць біць палі пад новыя дамы.

Усяго як падлічылі людзі, у гайку 560 бяроз.

30 лістапада жыхары Юбілейнага зноў зьбяруцца на сход — а 14-й гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG