Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэрмэры ў пошуку: як збыць сьвіней і чым замяніць сьвінагадоўлю


Фэрмэр Віктар Кандратовіч распавядае, што ўсе ягоныя трактары не старэйшыя за 5 гадоў
Фэрмэр Віктар Кандратовіч распавядае, што ўсе ягоныя трактары не старэйшыя за 5 гадоў

На Гарадзеншчыне ў выніку афрыканскай чумы сьвіньні зьнікаюць ня толькі з прыватных падворкаў, фэрмэрскіх гаспадарак, а нават з цэлых комплексаў. У фэрмэраў новыя праблемы: як збыць сьвіней і чым замяніць сьвінагадоўлю.

Вёска Мікелеўшчына ў Мастоўскім раёне. Побач з крамай на разьвілцы дарог стаяць міліцыянты і спраўджваюць аўта, ці не вывозяць у іх сьвініну. Такая карціна вельмі распаўсюджаная на Гарадзеншчыне.

У Мікелеўшчыне — фэрмэрская гаспадарка Віктара Кандратовіча. Ён займаецца фэрмэрствам больш за 10 гадоў. Нават зьнешне заўважна, што гаспадарка сучасная: дыхтоўныя будынкі, новыя трактары, усё абгароджана, скошана, будуюцца новыя памяшканьні.

У Кандратовіча сьвіная фэрма. Сам ён яе называе ўсяго толькі «фэрмачкай», бо раней трымаў каля 500 сьвіней, а цяпер засталося толькі 270. Навіна пра афрыканскую чуму была не з прыемных, бо «фэрмачка» была рэнтабэльным кірункам у ягонай шматпрофільнай гаспадарцы.

«Мы ўсё спадзяваліся, што нас гэта не зачэпіць. Але потым паглядзелі, што ўсё бліжэй і бліжэй да нас падыходзіць. А як пазнаёміліся з адмысловай літаратурай па гэтай праблеме, то зразумелі, што справа больш чым сур’ёзная».

У Кандратовіча новая фэрма, але ўсярэдзіну нас не пусьцілі, каб не парушаць санітарных нормаў. Цяпер фэрмэр пралічвае страты ды імкнецца пазбавіцца ад сьвіней. Аднак, як высьвятляецца, у нашых умовах гэта ня так і проста.

Па-першае, у райвыканкаме фэрмэраў прымушаюць падпісваць паперы, што пры гібелі сьвіней, калі іх утрыманьне не адпавядала санітарным нормам, кампэнсацыя выплачвацца ня будзе. Фэрмэр задаецца пытаньнем — дзе былі ўсе нашы санітарныя службы раней, чаму бязьдзейнічалі?

«Дык што, выходзіць, гэта я аднекуль узяў гэтую хваробу? Або гэта не дзяржаўная праблема? Правільна, усё зрабіць згодна з правіламі ўтрыманьня сьвіней пакуль ня могуць нават дзяржаўныя комплексы. Так, я зрабіў другі плот, іншае. Але ўсё адразу прадугледзець, усе санпрапускнікі, абеззаражваньне — на гэта патрэбен час».

А па-другое, кажа фэрмэр, — і здаць адразу ўсіх сьвіней ён ня можа.

Кандратовіч: «Таму што мясакамбінаты сёньня не гатовыя прыняць усю сьвініну. Увесь час прыём адкладаецца. Трэба запісвацца ў чаргу на здачу. Відаць, там усё перапоўнена і яны ня могуць перапрацаваць. А мне трэба неяк вырашыць праблему. Прычым варта на нейкі час збыць увогуле ўсю фэрму».

Спадар Кандратовіч са спачуваньнем кажа пра тых фэрмэраў, якія займаліся толькі гадоўляй сьвіней. Страты яны панесьлі вялікія, а каб пачаць нешта новае, патрэбны немалыя грошы.

У самога яго гаспадарка шматпрофільная. Распавядае, што адзін з сыноў разводзіць рыбу, ёсьць піларама, займаюцца расьлінаводзтвам. Аднак відавочна, што з кожным годам весьці справу ўсё цяжэй. Тую ж рыбу, паводле яго, яны ня могуць збыць, а перапрацоўка яе ў краіне не наладжана.

«Нас сёньня на розных сходах папракаюць, што мала разводзім рыбы. Але калі даводзіцца большую частку яе папросту раздаваць, бо няма куды падзець. А цяпер пачалі казаць, што трэба прадукаваць рыбу больш каштоўных відаў. А куды яе падзець, калі нават танная нікуды не ідзе? Куды мы падзенем тую ж стронгу, асятрыну, хто яе будзе купляць?»

Уладзімер Кандратовіч
Уладзімер Кандратовіч


​Малады фэрмэр Уладзімер Кандратовіч кажа, што ён патрыёт Беларусі, ня хоча нікуды зьяжджаць за мяжу на заробкі, як іншыя. Але бачыць, што весьці бізнэс у беларускай вёсцы становіцца складана.

«Чым сёньня ў вёсцы можна заняцца? Сфэру абслугоўваньня ня зробіш, бо мала людзей. У малых гарадах таксама сфэра абслугоўваньня не атрымліваецца, бо малы прыбытак. Застаецца толькі нешта на зямлі вырошчваць, але гэта вельмі цяжка, трэба вельмі шмат высілкаў. Сёньня гэта вельмі складана».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG