Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат: Саўчанка запоўніла дакумэнты для экстрадыцыі ва Ўкраіну


Адвакат Мікалай Полазаў заяўляе, што яго падабаронная, грамадзянка Ўкраіны, асуджаная ў Расеі, Надзея Саўчанка запоўніла дакумэнты, неабходныя для экстрадыцыі ва Ўкраіну.

«Ад шэрагу прапанаваных ва ўзорах заяў фармулёвак Надзея адмовілася, замяніла сваімі. ... Абмяркоўвалі палажэньні канвэнцыі аб выдачы, яе наступствы. Усё, што патрабавалася ад Надзеі, яна выканала, цяпер тэрміны яе вызваленьня залежаць цалкам і цалкам ад кемлівасьці дзеяньняў уладаў», — напісаў ён у фэйсбуку.

Напярэдадні Вера Саўчанка пасьля візыту да сястры заявіла, што начальнік Навачаркаскага СІЗА выдаў Надзеі Саўчанцы пакет дакумэнтаў для экстрадыцыі ва Ўкраіну.

20 красавіка Міністэрства юстыцыі Расеі паведаміла, што атрымала ад Украіны запыт аб прадстаўленьні дакумэнтаў для вырашэньня справы зь перадачай Саўчанкі ва Ўкраіну з мэтай «далейшага адбыцьця пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі» ўжо на тэрыторыі Ўкраіны.

У міністэрстве таксама нагадалі, што для таго, каб расейскі суд разгледзеў пытаньне аб перадачы Саўчанка, Украіна павінна падаць шэраг дакумэнтаў, сярод якіх павінны быць, у прыватнасьці, згода асуджанай на перадачу або перакладзенае на расейскую мову рашэньне ўкраінскага суду аб прызнаньні расійскага прысуду ўкраінцы.

Прэзыдэнт Украіны Пётар Парашэнка таксама паведаміў, што дамовіўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным пра альгарытм і тэрміны вызваленьня Саўчанка. У інтэрвію украінскім тэлеканалам 24 красавіка Парашэнка дадаў, што самалёт з Надзеяй Саўчанкай можа прызямліцца на ўкраінскай зямлі «на працягу некалькіх тыдняў».

Аднак адвакат ўкраінкі Марк Фейгін лічыць, што Саўчанка наўрад ці вернецца ва Ўкраіну да канца траўня.

Данецкі гарадзкі суд Растоўскай вобласьці 22 сакавіка прысудзіў Саўчанку да 22 гадоў пазбаўленьня волі і выплаты штрафу ў памеры 30 тысяч рублёў. Суд прызнаў яе вінаватай у забойстве двух расейскіх журналістаў у Данбасе ў ліпні 2014 году, замаху на забойства і ў незаконным перасячэньні мяжы з Расеяй.

Абаронцы Саўчанкі і сама лётчыца ўсе абвінавачваньні абвяргаюць. Па іх вэрсіі, украінская лётчыца ня ўдзельнічала ў баявых дзеяньнях. У момант абстрэлу яна ўжо была выкрадзена прадстаўнікамі «ЛНР» у Данбасе летам 2014 году, а затым яе таемна перавезьлі ў Расею. У выкраданьні, па дадзеных лётчыцы, браў удзел былы супрацоўнік адміністрацыі прэзыдэнта Расіі Павел Карпаў, вядомы як «асабісты памочнік Уладзіслава Суркова» і куратар расейскіх нэанацыстаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG