Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: «Усходняе партнэрства» ператварылася ў праект-кампраміс


Улад Вялічка
Улад Вялічка

Падчас дыскусіі аб пэрспэктывах праграмы «Ўсходняе партнэрства» ў рамках «Менскага дыялёгу» выступ Улада Вялічкі, генэральнага дырэктара Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь», выбіваўся з агульнай канвы. Калі іншыя ўдзельнікі канфэрэнцыі глядзелі на праблемы скрозь прызму ўсёй краіны, то спадар Вялічка сканцэнтраваўся на ролі грамадзянскай супольнасьці ў гэтай праграме. Пасьля завяршэньня канфэрэнцыі кіраўнік «ЭўраБеларусі» адказаў на пытаньні Свабоды.

— Да дасягненьняў «Усходняга партнэрства» найперш адносяць дзьве рэчы: тры з шасьці краінаў праграмы падпісалі з Эўразьвязам пагадненьні аб асацыяцыі і дамовы аб бязьвізавым уезьдзе. А што дало «Ўсходняе партнэрства» грамадзянскай супольнасьці?

— Грамадзянская супольнасьць усіх шасьці краінаў стала падобнай на рэгіён. Раней былі толькі тэрытарыяльныя сувязі. За восем гадоў мы наладзілі сувязі і кантакты на ўзроўні рэгіёну «Ўсходняга партнэрства», выпрацавалі калектыўную пазыцыю і салідарнасьць (супольныя заявы, маніторынгавыя місіі і г.д.)

Інавацыяй «Усходняга партнэрства» для грамадзянскай супольнасьці стала тое, што грамадзкія арганізацыі ўпершыню ўпісалі ў якасьці гульца ў інстытуцыйныя дачыненьні. Гэта і Форум грамадзянскай супольнасьці «УП», і нацыянальныя плятформы. Можна сказаць, што грамадзянская супольнасьць увайшла ў міждзяржаўныя кантакты.

— Дык ці можна казаць, што «Усходняе партнэрства» выключна пасьпяховы праект?

За гэты час адбыліся дэпалітызацыя і мэнэджарызацыя «Ўсходняга партнэрства».

— На жаль, не. Калі параўноўваць цяперашні стан праграмы з момантам, калі яна толькі зараджалася, то я сказаў бы так: за гэты час адбыліся дэпалітызацыя і мэнэджарызацыя «Ўсходняга партнэрства». Адбылося такое замяшчэньне. Для краінаў з пагадненьнем аб асацыяцыі (Грузія, Малдова, Украіна) праграма — гэта хутчэй мала (гэта дадатковая прапанова да двухбаковых стасункаў). Для краінаў без асацыяцыі (Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь) — гэта хутчэй шмат, бо ўрады гэтых краінаў бачаць праграму значна больш сьціпла — як рашэньне бягучых тактычных пытаньняў і латаньне дзірак. А вось ідэя флягманскіх праектаў працуе непераканаўча.

— Чаму так адбываецца?

— Мне здаецца, таму, што «Ўсходняе партнэрства» паступова ператварылася ў праект-кампраміс. Ніхто ім цалкам не задаволены, але ўсе з гэтым мірацца. Альбо таму, што праграма як бы ўвайшла ў кроў, альбо таму, што няма веры ў тое, што нешта можна зьмяніць.

«Ўсходняе партнэрства» паступова ператварылася ў праект-кампраміс. Ніхто ім цалкам не задаволены, але ўсе з гэтым мірацца.

Лепшых прапаноў не відаць.

Шматбаковае вымярэньне на ўзроўні дзяржаўных дачыненьняў носіць хутчэй рытуальна-сымбалічны, чым зьмястоўны характар. Пры гэтым такая ж рытуальная роля легітымізацыі адводзіцца грамадзянскай супольнасьці. Так, мы ўдзельнічаем у пасяджэньнях міждзяржаўных панэляў, але маем там толькі мінімальныя правы на выказваньні. Я сказаў бы нават так: грамадзянская супольнасьць сутыкнулася з тым, што яна ня мае магчымасьці ўплываць на міждзяржаўныя працэсы. І гэта дрэнна, бо «Ўсходняе партнэрства» не «чапляе» ні ў краінах-удзельніцах, ні ў Эўразьвязе сапраўды значныя групы інтарэсаў, якія маглі б узмацняць дынаміку праграмы: навукоўцы, бізнэс, культурныя эліты, сэктар тэхналёгій і інавацый.

Што чакае «Ўсходняе партнэрства»?

— Ці, на вашу думку, на саміце «Усходняга партнэрства» праз два з паловай месяцы ў Брусэлі магчымыя істотныя зьмены ініцыятывы?

— На мой погляд, адбудуцца наступныя рэчы:

  1. частковая аптымізацыя працоўных структур і камунікацыі ў рамках праграмы;
  2. мэнэджаразыцыя інфраструктурнага разуменьня і разьвіцьця праграмы;
  3. уцягваньне без належнай ступені крытыкі «аўтсайдэраў» у інтарэсах геапалітычнай стабільнасьці;
  4. сыход у яшчэ большы цень пытаньняў дэмакратызацыі і правоў чалавека. Яны сыдуць на пэрыфэрыю праграмы.

Я баюся, што па-ранейшаму ўзровень «Усходняга партнэрства» прадоўжаць задаваць нацыянальныя ўрады краінаў-удзельніц, а Эўразьвяз будзе толькі кіраваным ў гэтых адносінах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG