Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суровы шарм і зямля парадоксаў. Эўрапейскія СМІ аб прывабнасьці Беларусі для турыстаў


Менск. Фота Дзьмітрыя Важніка
Менск. Фота Дзьмітрыя Важніка

Ад пачатку мінулага лютага, калі Беларусь увяла пяцідзённы бязьвізавы рэжым для грамадзян 80 краінаў сьвету, у тым ліку для ўсяго Эўразьвязу, краіну наведалі каля 50 тысяч замежных турыстаў. Ад студзеня Новага году дзейнічае ўжо і новае рэгуляваньне — дзесяцідзённы бязьвізавы ўезд у такія беларускія турыстычныя мясьціны, як Белавеская пушча ды Аўгустоўскі канал, а таксама гарады Берасьце ды Горадню.

Паводле эўрапейскіх СМІ, сапраўдныя вынікі гэтага кроку будуць відаць сёлета. Некаторыя эўрапейскія выданьні выказваюць думку, што больш спрыяльны візавы рэжым прыцягне больш гасьцей у Беларусь, невядомую многім краіну; іншыя выказваюцца скептычна.

Непрывабная для падарожжаў краіна

У нямецкай Frankturter Allgemeine прыводзяцца спасылкі на словы ўсходнеэўрапейскага экспэрта наконт таго, што Беларусь зьяўляецца «непрывабнай для падарожжаў краінай». Калі яна каго і зацікавіць, то фанатыкаў зь неардынарнымі сьветапоглядамі, піша выданьне: «Такія едуць у Паўночную Карэю, у Самалі ці Эрытрэю для таго, каб адчуць, мякка кажучы, суровы шарм, хоць і ня варта параўноўваць Беларусь з гэтымі краінамі».

Зямля парадоксаў

Журналіст венскага Der Standard мае іншую пазыцыю. У публікацыі «Рэдактары і маршруты іх падарожжаў у 2018-м», выданьне прапанавала супрацоўнікам, што шмат дзе пабывалі, назваць яшчэ нязьведаныя імі краіны, якія б яны абавязкова хацелі ўбачыць сёлета. Рэдактар аддзелу спорту Міхаэль Робаўш (Michael Robausch) захацеў убачыць Беларусь.

Паводле журналіста, ён хацеў бы трапіць у месца, якое многія эўрапейцы ўсё яшчэ называюць «белай плямай», «чорнай дзіркаю», «terra incognita». «Аднак гэта тэрыторыя знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, што, з аднаго боку, даступна для паездкі, а з другога боку, ашаламляльна, бо тут яшчэ так і не пабываў. Больш за тое, нават сорамна. Як гэта можа быць, што мы ня ведаем сваіх суседзяў?»

Беларусь, лічыць Міхаэль Робаўш, краіна, якая «зьбівае з панталыку»:

«Нейкая зямля парадоксаў. Яе ідэнтычнасьць, хутчэй за ўсё, у тым, што яе як быццам бы і няма. Ёсьць, паводле філёзафа Валянціна Акудовіча, тое, што завецца чарадой разбурэньняў, і кладзецца адбіткам праз усю яе гісторыю ды непарыўнасьць сувязяў. Як наблізіцца да гэтай неверагоднай краіны, каб зразумець яе?»

Праз такую нявызначанасьць, адзначае аўстрыйскі журналіст, паездка адкладалася, «але гэта зьменіцца».

Ня толькі малодшы брат Расеі

Вэб-сайт Skyscanner, які базуецца ў шатляндзкім Эдынбургу, працуе на 30 мовах і ўключаны ў дзясятку найлепшых турыстычных сайтаў (паводле выданьня Independent), у сьпіс «101 вельмі карысны вэб-сайт», у сваім дасьледаваньні пра яшчэ не адкрытыя падарожнікамі краіны піша:

«Чаму Беларусь зьяўляецца адной з краін, што найменш наведваюць, — загадка. Вялікая краіна ў цэнтры Эўропы з захапляльнай гісторыяй і прыгожай архітэктурай. Калі ў ёй усё яшчэ бачаць малодшага брата Расеі, то нарэшце настаў час, каб адкрыць яе зусім інакш. Палацы, помнікі, цэрквы, замкі, вежы... Беларусь мае ня толькі ўсё гэтае, але яшчэ і іншае. Гэтая самая вялікая кантынэнтальная эўрапейская краіна мае таксама выдатныя прыродныя паркі і запаведнікі^; яе сталіца Менск, якому больш за 900 гадоў, вылучаецца збольшага савецкай архітэктурай. Падарожнікі розных краінаў проста мусяць адкрыць Беларусь».

Менск варты пары дзён

Папулярны турыстычны галяндзкі інтэрнэт-рэсурс адзначае, што «ёсьць некалькі прычын, каб праявіць цікавасьць да адпачынку ў Беларусь. Нягледзячы на рэпутацыю сталіцы „апошняй дыктатуры Эўропы“, Менск уяўляе сабой сучасны, чысты горад з утульнымі кавярнямі і моднымі рэстаранамі, зь якімі знаёмісься адразу, як пачынаеш вывучаць горад. Менск мае мноства так званых схаваных скарбаў для наведнікаў, асабліва тых, хто цікавіцца савецкім часам і пэрыядам Лукашэнкі. У гэтым горадзе нямала музэяў. Менск варты таго, каб правесьці ў ім хаця б пару дзён».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG