Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсовец Арбузаў упершыню пасьля арышту зьявіўся на публіцы — сьведкам у судзе


Андрыян Сурман
Андрыян Сурман

У Заводзкім раённым судзе Менску судзяць дырэктара фірмы, якая рабіла пастаўкі групе кампаній «Фэнокс» бізнэсоўца Віталя Арбузава.

10 студзеня пачаўся судовы працэс над дырэктарам фірмы «Мэтал трэст» Андрыянам Сурманам, якога абвінавачваюць у дапамозе ва ўхіленьні ад падаткаў і садзейнічаньні злачынству. Паводле сьледзтва, Сурман «парадамі, загадамі, інфармацыяй і іншым чынам» дапамог ухіліцца ад падаткаў Віталю Арбузаву, уласьніку групы кампаній «Фэнокс».

У двух эпізодах абвінавачаньня агулам фігуруе сума нібыта нанесеных Сурманам стратаў у 274 тысячы рублёў. За гэта бізнэсмэну пагражае 7 гадоў зьняволеньня.

Падсудны віны не прызнаў

Дырэктар фірмы «Мэтал трэст» Андрыян Сурман віны ў судзе не прызнаў. Ад дачы паказаньняў на першым этапе судовага сьледзтва спадар Сурман адмовіўся, сказаўшы, што дасьць іх пасьля допыту сьведак.

Не пагадзіўся з абвінавачаньнем у адрас Сурмана і Віталь Арбузаў, які ў гэтай справе праходзіць сьведкам, але суд абвясьціў, што ён таксама падазраецца ў нявыплаце падаткаў. Фірма «Мэтал трэст», дзе быў дырэктарам Сурман, пастаўляла алюмініевыя вырабы ды іншыя тавары кампаніям Віталя Арбузава «Антонар» і «Вітараўтаматык». Але, паводле Арбузава, ніякай змовы паміж ім і пастаўшчыком не было.

«Гэта няпраўда, што мы ўступілі ў нейкую змову і ўхіляліся ад падаткаў. Я з Сурманам нават ня быў знаёмы, некалькі разоў толькі чуў ягонае прозьвішча. Прэтэнзій да іх паставак у мяне ніколі не было, яны пастаўлялі выдатную прадукцыю, а чаго яшчэ трэба? Для мяне была галоўнае — пастаўка тавару, а падаткамі займалася бухгальтэрыя. Ніякага крыміналу не было», — запэўніў суд Віталь Арбузаў.

Віталь Арбузаў, кіраўнік групы кампаній «Фэнокс», якая займаецца вырабам і пастаўкамі аўтазапчастак у Беларусь, а таксама ў Расею, Украіну, Нямеччыну ды іншыя краіны, быў затрыманы ў красавіку 2017 году. Бізнэсоўца абвінавацілі ва ўхіленьні ад падаткаў у асабліва вялікім памеры. Падчас знаходжаньня ў сьледчым ізалятары Віталь Арбузаў напісаў ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі, і ў траўні 2018 году быў вызваленьня пад паручыцельства.

Андрыян Сурман у клетцы для падсудных
Андрыян Сурман у клетцы для падсудных

Арбузаў ужо выплаціў шкоду, але віны не прызнае

10 студзеня ў Заводзкім раённым судзе Менску Віталь Арбузаў заявіў, што прызнаў частку выстаўленых яму прэтэнзій аб нявыплаце падаткаў і ўжо сплаціў гэтыя грошы.

«Гэта было зроблена, каб не заблякавалі рахункі прадпрыемстваў, каб яны маглі далей працаваць. Але гэтыя падаткі ня маюць дачыненьня да абвінавачаньня, выстаўленага Сурману. Паўтараю, што ў гэтай справе ніякай змовы з Сурманам у мяне не было», — сказаў Віталь Арбузаў і дадаў пра абвінавачаньне Сурману:

«Відаць, ён садзейнічаў мне ў тым, чаго я не рабіў?»

Паводле Віталя Арбузава, пасьля вызваленьня ён некалькі разоў зьвяртаўся ў праваахоўныя органы і пракуратуру са скаргамі на неаб’ектыўнасьць сьледчых у ягонай справе, але марна. «Спадзяюся цяпер на суд», — заявіў суду бізнэсоўца.

Суд таксама выслухаў паказаньні інжынэра па закупках фірмы «Антонар» Андрэя Мішалутава, якога прывялі ў суд у кайданках са сьледчага ізалятару. Мішалутаў сказаў, што ніколі не знаёміў падсуднага Андрыяна Сурмана зь Віталем Арбузавым і ня ведае, каб паміж імі была змова дзеля ўхіленьня ад падаткаў.

Пагутарыць зь Віталем Арбузавым пасьля ягонага допыту ў судзе журналістам не ўдалося. Вядома, што ён знаходзіцца пад падпіскай аб яўцы на допыт і ў суд, а сьледзтва ў ягонай крымінальнай справе працягваецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG