Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У мяне гарэла і балела ўсё цела адначасова». Мэдыкі кажуць пра рэзкі рост захворваньняў на адзёр у Беларусі


Далонь хворага на адзёр, ілюстрацыйнае фота.
Далонь хворага на адзёр, ілюстрацыйнае фота.

У Беларусі зафіксавалі рэзкі рост выпадкаў адру і сьмерцяў ад мэнінгіту. Некалькі маці расказалі Свабодзе, чаму робяць або ня робяць дзецям прышчэпкі. Дарослая беларуска падзялілася, як перанесла краснуху ў 37 гадоў.


У Беларусі апошні год рэзка пагоршылася сытуацыя з адром і мэнінгітам, паведамляў тэлеграм-канал «Белые халаты». Сёлета з пачатку году да канца лета ў краіне выявілі 751 выпадак адру. Найбольш людзей захварэлі ў Берасьцейскай, Гомельскай і Магілёўскай абласьцях.

Такой сытуацыі не было больш за 20 гадоў. У 2016-м у Беларусі сустракаліся толькі завезеныя выпадкі адру. Для параўнаньня — ужо ў 2018 годзе зафіксавалі 259 выпадкаў адру, у 2019-м — 201, у 2020-м — 0, у 2021-м — 3, у 2022-м — 0, а ў 2023-м — 206 выпадкаў.

Аўтары каналу «Белые халаты» рэкамэндуюць:

  • Бацькам праверыць прышчэпачны статус свайго дзіцяці супраць адру. Калі няма вакцынацыі ў 12 месяцаў і/або рэвакцынацыі ў 6 гадоў, зрабіць прафіляктычныя прышчэпкі.
  • Бацькам дзяцей, якім не рабілі прышчэпкі супраць адру з прычыны мэдычных супрацьпаказаньняў, абмежаваць удзел у культурна-масавых мерапрыемствах і наведваньне гульнявых пляцовак у гандлёва-забаўляльных цэнтрах.
  • Дарослым удакладніць свой прышчэпачны статус. Тым, каму трэба прышчапіцца, прайсьці вакцынацыю.


Лекары таксама назіраюць пагаршэньне сытуацыі з мэнінгакокавай інфэкцыяй. Летась ад мэнінгакоку ў Беларусі памерлі 6 дзяцей. У 2022 годзе — трое, у 2021 годзе — адно дзіця, у 2020 — трое. Колькасьць людзей, якія паміраюць ад мэнінгакоку, досыць высокая ў параўнаньні зь іншымі хваробамі — 10–15% ад усіх, хто хварэе. Лекары склалі пэтыцыю, каб прышчэпкі ад мэнінгіту ўнесьлі ў нацыянальны каляндар прышчэпак. Вакцынацыю супраць хваробаў з гэтага сьпісу робяць бясплатна і масава.


«Лепш забі мяне. Я ўжо да ранку не хачу дажываць!»


Алёне 38 гадоў. У 2023-м яна перахварэла на краснуху. Гэта быў вельмі складаны для яе досьвед. Наколькі ведае суразмоўца, ёй рабілі ўсе рэкамэндаваныя прышчэпкі ў дзяцінстве.

Хвароба пачалася з таго, што зьявіліся высыпаньні. Аднак Алёна не адразу высьветліла, што гэта было.

«У дзяцінстве я не хварэла на вятранку. Я ўвогуле не разумела, што гэта. Я падумала, што ў мяне алергія. Адзёр і краснуха праяўляюцца прыкладна аднолькава: яны зьяўляюцца зьверху (цела) такімі прышчыкамі і паступова распаўсюджваюцца ўніз. Калі я прыйшла ў паліклініку, мне сказалі, што гэта адзёр, але ніякіх аналізаў не рабілі», — расказвае суразмоўца.

Яна мяркуе, што заразілася, калі была ў Літве. Актыўная фаза пачалася, калі беларуска празь некалькі дзён пераехала ў Ізраіль. Там жа яна наведвала лекараў.

Пасьля мэдычнага агляду яна пайшла хварэць дадому, бо трэба было адбыць карантын. Лекар забараніў набліжацца да дзяцей, пажылых і ВІЧ-інфікаваных. Ён патлумачыў, што калі ў трамваі праедзе чалавек, хворы на адзёр, а празь дзьве гадзіны туды зойдзе чалавек без імунітэту да гэтай хваробы, то ён, хутчэй за ўсё, захварэе. Нічога зь лекаў пацыентцы не прапісалі. Яна сама спрабавала зьбіць высокую тэмпэратуру.

«Гэта проста жэсьць! Гэта жахліва выглядае. На целе неверагодныя гнойныя плямы, на галаве, у валасах. У мяне гарэла і балела ўсё цела адначасова. Была тэмпэратура 39 градусаў, якую я не магла зьбіць. У нейкі дзень ноччу я казала мужу: «Лепш забі мяне. Я ўжо да ранку не хачу дажываць!» — успамінае Алёна.

Мыцца ёй было нельга, бо ўсё цела балела. Актыўная фаза хваробы цягнулася сем дзён. Плямы пачалі зьяўляцца з ілба, паступова спускаліся ніжэй праз усё цела. Пакуль сып не дайшоў да пальцаў ног, болькі не пачалі зажываць.

Калі праз тыдзень Алёна вярнулася ў шпіталь, ёй зрабілі аналіз на антыцелы, якія выпрацаваліся ў арганізьме. Большасьць антыцелаў былі на краснуху.

«Пасьля гэтай хваробы застаюцца рубцы, ямкі, як пасьля вятранкі на твары. У мяне ўсё ў такіх плямах. Калі я адхварэла і прыйшла да лекара, кажу: „Я падобная да трупа гнілой бяздомнай“. Ён нават ня стаў мне пярэчыць», — успамінае суразмоўца.

Пазьней Алёна даведалася, што тэрмін дзеяньня прышчэпкі ад краснухі — 20 гадоў. Яна мяркуе, што апошні раз ёй рабілі вакцынацыю ў падлеткавым узросьце, прыкладна ў 16 гадоў, і ейны тэрмін ужо выйшаў. Кажа, што ўспамінаць такую інфармацыю складана, бо ў той час не зьвяртала на гэта ўвагі, а мэдычная картка згубілася.

«Мне заўсёды здавалася, што я „антыпрышчэпачніца“. Але калі я перахварэла на краснуху, я прышчапілася ад усяго: ад вятранкі, адру, ад усяго», — адзначае яна.

Муж Алёны не заразіўся, калі яна хварэла. У Ізраілі яму зрабілі тэст, колькі яшчэ дзейнічае ягоны імунітэт на краснуху. Аказалася, што яго хопіць яшчэ на пяць гадоў. Пасьля Алёна стала расказваць усім знаёмым, як цяжка яна перажыла захворваньне, і раіць рабіць прышчэпкі.


«Мы не рызыкуем»

Беларуска Юлія* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) не рабіла дзецям ніякіх прышчэпак.

«У нашай сям’і даволі шмат алергічных рэакцый на самыя розныя лекі, на антыбіётыкі ў тым ліку. У некалькіх пакаленьнях маёй сям’і суворыя рэакцыі. У дзядзькі быў анафіляктычны шок на наркоз. Мая прабабка памерла ад антыбіётыку. Гэта сапраўдныя рэакцыі нашай сям’і. Для сябе я вырашаю, што ў нас мэдычны адвод ад прышчэпак», — кажа суразмоўца.

Сама Юлія мела непрыемную рэакцыю на антыбіётык. Таму ў іхнай сям’і стаўленьне да ўсіх лекаў асьцярожнае. У кожным выпадку яны абмяркоўваюць рызыкі, што прынясе больш карысьці ці шкоды.

«Калі рызыкі ад хваробы малыя, а большая рызыка пацярпець ад самога леку, прыкладам, праз ацёк Квінке, то мы не рызыкуем (прымаць лекі)», — кажа Юлія.

Ейнаму малодшаму дзіцяці сем гадоў, ён толькі адзін раз прымаў антыбіётык, калі хварэў на шкарлятыну. Юлія ўдакладняе, што яна не адмаўляецца ад мэдыкамэнтаў ці прышчэпак. Яна толькі спрабуе зьменшыць рызыкоўныя сытуацыі і выйграць час. Разважае так: на мэдычную дапамогу ў выпадку, прыкладам, анафіляктычнага шоку ёсьць менш часу, чым на лячэньне хваробы, калі чалавек усё ж заразіцца.

«Ёсьць паняцьце калектыўнага імунітэту»

Ганна* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) рабіла ўсе рэкамэндаваныя ў Беларусі прышчэпкі ўсім сваім дзецям. Малодшай дачцэ 4 гады.

«Гэта было як абавязковае правіла хаця б таму, што ў старэйшых пакаленьнях маёй сям’і ёсьць прыклад поліяміеліту. У сваячкі не было прышчэпкі, яна перахварэла на поліяміеліт. І я бачыла на свае вочы, як гэта зьмяніла яе жыцьцё. Просьценькая прышчэпка магла б ад гэтага засьцерагчы», — кажа суразмоўца.

Ганна заўсёды была па баку прышчэпак.

«Калі ў мяне быў выбар: бясплатная расейская ці платная француская, ці яшчэ нейкая, я заўсёды чытала водгукі і выбірала платную, калі пісалі, што ў гэтым ёсьць нейкі сэнс. Я заўжды старалася выбіраць лепшыя», — адзначае яна.

Ейная малодшая дачка мела праблемы са здароўем. Ёй былі паказаньні, каб платныя для многіх прышчэпкі рабіць бясплатна. У сям’і стараліся рабіць таксама прышчэпкі ад грыпу, але не заўсёды пасьпявалі да пачатку эпідэміі. Калі прышчэпка рабілася перад сэзонам захворваньняў, то гэты пэрыяд пераносілі лягчэй, дадае суразмоўца.

Маці заўважае, што ў дзень пасьля прышчэпкі дзеці маглі больш капрызіць ці адмовіцца ўвечары ад ежы.

«Я лічу, што гэта можна перажыць. Гэта не настолькі страшна, як перахварэць на гэтыя хваробы. Я лічу, што гэта драбяза. Заўсёды ў паліклініцы дактары папярэджваюць, чаго можна чакаць ад прышчэпкі. Лекарка казала, што ад гэтай нічога ня будзе, ад гэтай можа падняцца ўвечары тэмпэратура, а з гэтай сёньня не хадзіце гуляць», — успамінае Ганна.

Ейнай малодшай дачцэ спачатку не рабілі прышчэпак, бо яна доўга ляжала ў шпіталі. Потым ёй дазволілі рабіць прышчэпкі, хоць і пазьней, чым большасьці дзяцей.

«У нас было адно за адным, але мы ўсё зрабілі, надалужылі ўвесь каляндар», — кажа Ганна.

Праз праблемы са здароўем малодшай дачкі маці стала больш разьбірацца ў прышчэпках, чым са старэйшым дзіцем, больш распытвала лекараў, часьцей абірала платныя паслугі.

Ганна тлумачыць, што ёсьць калектыўны імунітэт дзяцей: калі большасьць дзяцей мае прышчэпкі, то большая імавернасьць, што і дзіця, якое ня мае прышчэпкі, не захварэе падчас эпідэміі. Маці не выключала, што ейнай малодшай дачцэ забароняць рабіць прышчэпкі праз стан здароўя. Тады яна спадзявалася на калектыўны імунітэт.

«Думаю, мне было б трывожней, калі б у дачкі не было прышчэпак», — робіць яна выснову.

«У нас было ўсё нармальна, бо дачка не была алергікам»

Беларуска Ніна* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) рабіла дзецям рэкамэндаваныя ў Беларусі прышчэпкі. Малодшай дачцэ 4 гады.

«У нас было ўсё нармальна, бо дачка не была алергікам. Мы ўсё рабілі больш-менш па графіку. Табе тэлефануюць з паліклінікі і кажуць, што ў вас падыходзіць тэрмін. Мэдсястра сама тэлефанавала і казала: у вас прышчэпка», — кажа яна.

Ніна ўспамінае, што старэйшаму дзіцяці аднойчы зрабілі ў школе прышчэпку супраць грыпу. Пасьля ў яго быў лімфадэніт — запаленьне ў лімфатычных вузлах. Але гэтая сытуацыя не адстрашыла маці агулам ад прышчэпак.

«Я мяркую, што ёсьць карысьць у прышчэпках. Калі зрабіць усё як мае быць, у свой час, з добрых матэрыялаў, з індывідуальным падыходам, то гэта мае сэнс», — кажа суразмоўца.

Яна вырашыла, што будзе абіраць па магчымасьці камэрцыйныя прышчэпкі. Некаторыя, прыкладам комплексную АКДС (ад кохліку, дыфтэрыі, слупняку), яна рабіла ў платным цэнтры. Маці адзначае, што там быў больш уважлівы падыход да агляду перад прышчэпкай. Дзіця аглядаў пэдыятар, яму рабілі аналізы крыві і мачы. Калі стан дзіцяці быў ня надта добры, то прышчэпку пераносілі на пазьнейшы час.

Суразмоўца зьвяртае ўвагу, што ў беларускіх паліклініках часьцей бываюць кітайскія і расейскія прышчэпкі, толькі часам была магчымасьць зрабіць у дзяржаўных паліклініках платна прышчэпкі вытворцаў іншых краін.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG