Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь на «Эўравізіі» прадставіць 16-гадовая сьпявачка Зена


«Зена» (Зіна Купрыяновіч), пераможца адбору на «Эўравізію-2019»
«Зена» (Зіна Купрыяновіч), пераможца адбору на «Эўравізію-2019»

У фінале беларускага нацыянальнага адборачнага туру на сьпеўны конкурс «Эўравізія–2019» перамогу аддалі падапечнай расейскага прадусара Віктара Дробыша пад псэўданімам «Зена».

16-гадовая беларуска Зіна Купрыяновіч — дачка дырэктара прадусарскага цэнтру, ляўрэатка «Дзіцячай новай хвалі», «Славянскага базару» і «Маладых талентаў Беларусі», удзельніца расейскай «Новой фабрики звёзд» (трэцяе месца), стыпэндыят спэцыяльнага фонду Аляксандра Лукашэнкі для падтрымкі таленавітай моладзі.

Яна ўжо двойчы ўдзельнічала ў адборы на «Эўравізію» ад Беларусі — але раней на дзіцячую (і ў выніку стала вядоўцай дзіцячага конкурсу ў 2018 годзе). Цяпер, на «дарослым» адборы, яна брала ўдзел з ангельскамоўнай песьняй «Like It» — і атрымала ад журы амаль максымальны бал, 69 з 70.

Сьпявачка Зена — удзельніца «Эўравізіі-2019» ад Беларусі
Сьпявачка Зена — удзельніца «Эўравізіі-2019» ад Беларусі

Таксама ў фінале ўдзельнічалі беларускія сьпявачкі Алёна Гарбачова, Ева Коган і «КейСі» (Кацярына Смольская), сьпявак Michael Soul (Міхаіл Сасуноў), які быў бэк-вакалістам Naviband на «Эўравізіі-2017» і гурты Napoli (ужо ў шосты раз), «Аўра» (адзіны выканаўца ў фінале адбору зь песьняй па-беларуску) і «PROвокация», сьпевакі Эмануэль Імбагбэ зь Нігерыі і Сэбастыян Руўс са Швэцыі.

Выбар прадстаўніка Беларусі адбываўся без удзелу слухачоў — у адрозьненьне ад папярэдніх гадоў, галасавала толькі журы «Белтэлерадыёкампаніі», сем судзьдзяў ацэньвалі выступы паводле 10-бальнай шкалы. Аб тым, што ў папярэднія гады галасаваньне гледачоў было «накручанае», заяўлялі самі ўдзельнікі адбору.

Аляксандар Лукашэнка заяўляў тыдзень таму ў часе «Вялікай размовы з прэзыдэнтам», што сочыць за адборам на «Эўравізію», «хоць і ня надта акунуўся». Ён дадаў, што ня лічыць, што прадстаўнік Беларусі можа перамагчы на конкурсе, бо той «палітызаваны». Ён усклаў кантроль за адборам на сваю прэс-сакратарку Натальлю Эйсмант і папярэдзіў журы і арганізатараў: «калі вы траціце грошы, нехта за іх мусіць несьці адказнасьць».

Фінал конкурсу пройдзе 18 траўня ў ізраільскім Тэль-Авіве. Прадстаўнік Беларусі выступіць у першым паўфінале, які пройдзе 14 траўня. Ужо вядома, што ў другім паўфінале Літву прадставіць сьпявак Jurijus зь песьняй «Run with the Lions», Латвію — дуэт Carousel зь песьняй «That Night». Краіну-пераможцу леташняй «Эўравізіі» Ізраіль прадставіць сьпявак Кобі Марымі зь песьняй «Home». Усе гэтыя песьні — на ангельскай мове (зь іншых моваў прагучаць альбанская, італьянская і гішпанская, у частках песень — француская і харвацкая).

Расею зноў прадставіць сьпявак Сяргей Лазараў, які ўжо выступаў на «Эўравізіі» ў 2016 годзе і заняў трэцяе месца (якую песьню будзе сьпяваць, пакуль невядома). Польшча вызначыць свайго ўдзельніка 8 сакавіка. Украіна правяла нацыянальны адбор, але пераможца і іншыя ўдзельнікі адмовіліся ад удзелу, спаслаўшыся на непрымальныя ўмовы ўкраінскай тэлерадыёкампаніі.

Беларусь удзельнічае ў «Эўравізіі» з 2004 году. У мінулыя гады краіну прадстаўлялі ўкраінец Alekseev (2018, не прайшоў у фінал), гурт Naviband (2017, 17-е месца ў фінале, першая і пакуль адзіная песьня па-беларуску на конкурсе), раскручаны ў Расеі гомельскі сьпявак Ivan (2016, не прайшоў у фінал, ягоным прадусарам таксама быў Дробыш), беларускі дуэт Uzari & Maimuna (2015, не прайшлі ў фінал) і іншыя. Найлепшы вынік — 6-е месца Дзьмітрыя Калдуна ў 2007 годзе. Апошні быў у складзе журы на цяперашнім адборы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG