Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка наклаў вэта на рэдкую заканадаўчую ініцыятыву Палаты прадстаўнікоў


Палата прадстаўнікоў, архіўнае фота
Палата прадстаўнікоў, архіўнае фота

Упершыню з 2016 году дэпутаты Палаты прадстаўнікоў скарысталіся сваім правам заканадаўчай ініцыятывы — падрыхтавалі і ўхвалілі два рыначныя законапраекты. Але Лукашэнка іх не падпісаў.

Аляксандар Лукашэнка вярнуў у Нацыянальны сход на дапрацоўку два законапраекты: «Аб інвэстыцыях» і «Аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці і пераўтварэньнях дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянэрныя таварыствы». Пра гэта 11 красавіка на пленарным пасяджэньні паведаміў старшыня камісіі па эканамічнай палітыцы Ўладзіслаў Шчэпаў.

Паводле ягоных слоў, у першым законе Лукашэнку не падабаецца, што дэпутаты істотна зьменшылі час, цягам якога можна аспрэчыць зьдзелку прыватызацыі. Цяпер гэты тэрмін складае 10 гадоў, а яго прапануюць скараціць да 3 гадоў. У другім законапраекце Лукашэнка ня згодны з залішняй дэталізацыяй некаторых палажэньняў.

Шчэпаў паведаміў, што ягоная камісія прыняла рашэньне дапрацаваць абодва законапраекты, і заклікаў усіх дэпутатаў падтрымаць гэтае рашэньне. Дапрацоўку праектаў абодвух законаў падтрымалі 87 дэпутатаў з 97, якія зарэгістраваліся.

У чым адметнасьць вэтаваных законапраектаў

Абодва праекты скіраваныя на паляпшэньне інвэстыцыйнага клімату. Інвэстары асьцярожна ставяцца да ўкладаньня грошай у беларускую эканоміку, іх тут шмат што непакоіць, у тым ліку і заканадаўства.

Таму да гэтых законапраектаў была асаблівая ўвага, найперш з боку бізнэс-супольнасьці.

За іх прыняцьцё 18 сьнежня 2018 году аднагалосна выказаліся ўсе дэпутаты, якія ўдзельнічалі ў галасаваньні. На наступны дзень абодва законапраекты ўхваліў і Савет Рэспублікі.

Важная адметнасьць гэтых законапраектаў палягае яшчэ і ў тым, што іх ініцыявалі самі дэпутаты. Першы — Леанід Брыч і Сяргей Зямчонак, другі — Аляксей Сокал і Ўладзіслаў Шчэпаў. Упершыню ў Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня на сэсію вынесьлі законапраекты, падрыхтаваныя самімі дэпутатамі. Раней законапраекты паступалі на разгляд з Савету Міністраў ці ад прэзыдэнта.

І Аляксей Сокал, і Леанід Брыч падтрымалі прапанову камісіі. Брыч заявіў, што ён «бачыць пэрспэктыву кампрамісу», а Сокал адзначыў, што «трэба паважаць думку камісіі». Да іх далучыўся і Шчэпаў, які назваў «пярэчаньні прэзыдэнта — арыенцірам для працы». Ён таксама заявіў пра гатоўнасьць дапрацаваць абодва законапраекты.

Канапацкая была супраць

Апазыцыйная дэпутатка Ганна Канапацкая двойчы брала слова ад свайго мікрафону. Спачатку яна эмацыйна казала пра тое, што ў сьнежні ніхто з дэпутатаў не галасаваў супраць, што праекты абодвух законаў ухваліў Савет Рэспублікі.

«Уся наша праца пайшла прахам. Так, прэзыдэнт, паводле дзейнага заканадаўства, мае права пярэчаньня. Але ў дадзеным выпадку рашэньне аднаго чыноўніка перакрэсьліла прарыўныя праекты. А мы так шмат працавалі, прыцягнулі экспэртаў з Усясьветнага банку, Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, правялі круглы стол, парлямэнцкія слуханьні. Гэтыя законы як ніколі раней актуальныя», — пераконвала сваіх калегаў Канапацкая.

Другі раз яна казала, што пярэчаньні прэзыдэнта перакрэсьліваюць канцэптуальнасьць абодвух законапраектаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG