Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь патрабуе ад Украіны выдачы былога трэнэра СБУ з Гомля


Ілюстрацыйнае фота. Супрацоўнік Службы бясьпекі Ўкраіны
Ілюстрацыйнае фота. Супрацоўнік Службы бясьпекі Ўкраіны

Праваахоўныя органы Беларусі зьвярнуліся да ўладаў Украіны з патрабаваньнем выдаць жыхара Гомля, якога шукаюць зь ліпеня 2015 году праз падазрэньне ў махлярстве ў вялікіх памерах.

Падазраваны быў затрыманы летась у сьнежні ў Кіеўскай вобласьці.

Грамадзянін Беларусі з 18 сьнежня да 15 лютага знаходзіўся пад арыштам, але цяпер на час экстрадыйцынай праверкі, якую праводзіць пракуратура Кіеўскай вобласьці, быў вызвалены судом пад хатні арышт з абмежаваньнямі не пакідаць месца жыхарства з 21-й вечара да 7-й гадзіны раніцы.

Пры зьмене меры стрыманьня судзьдзя ўлічыў, што беларус зь сярэдзіны 2014 году пражываў на тэрыторыі Ўкраіны, трэнаваў супрацоўнікаў Службы бясьпекі Ўкраіны і займаўся абменам палонных у Марыюпалі, а таксама тое, што ягоная сужыцелька цяпер цяжарная і мае праблемы са здароўем.

Паводле адвакатаў, гамяльчук зьвярнуўся ў міграцыйныя органы па статус уцекача, бо ў Беларусі яго перасьледуюць за рэлігійныя і палітычныя перакананьні, у тым ліку і ў сувязі з тым, што ён вызнае іслам.

Сьледчы камітэт Гомельскай вобласьці ў лютым 2017 году выставіў яму абвінавачаньне ў крадзяжы і махлярстве, а таксама завалоданьні чужой маёмасьцю шляхам падману і злоўжываньня даверам у асабліва буйных памерах.

У вышук гамяльчук быў абвешчаны 7 ліпеня 2015 году. У судовым рашэньні не паведамляецца, калі супраць гамельчука была адкрыта крымінальная справа — да ягонага ад’езду ва Ўкраіну ці ўжо пасьля гэтага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG