Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік літоўскага МЗС: Паксас, які наведаў Беларусь, не прадстаўляе Літву і нашу палітыку


Лінас Лінкявічус. 2017 год.
Лінас Лінкявічус. 2017 год.

Літоўскі эўрапарлямэнтарый Раландас Паксас, які сустрэўся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам, не прадстаўляе Літву, заявіў літоўскі міністар замежных справаў Лінас Лінкявічус.

«Ён прадстаўляе сябе, і яшчэ, як кажа, кагосьці, але я хачу зьвярнуць увагу на тое, што ён дакладна не прадстаўляе Літву, не прадстаўляе нашыя ведамствы і нашу палітыку», — прыводзіць Delfi словы Лінкявічуса са спасылкай на BNS. Кіраўнік МЗС адзначыў, што палітык не ўзгадняў сваіх дзеяньняў зь міністэрствам, піша БелапАН.

2 траўня ў Менску Паксас сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама з міністрам энэргетыкі Віктарам Каранкевічам. Эўрапарлямэнтарый паведаміў, што абмяркоўваў пытаньні бясьпекі Беларускай АЭС у Астраўцы, магчымай дэмілітарызацыі Калінінградзкай вобласьці Расеі і Літвы. У сьнежні мінулага году ён сустракаўся з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.

Лінкявічус зьвярнуў увагу на тое, што Паксас у Эўрапарлямэнце зьяўляецца намесьнікам старасты фракцыі эўраскептыкаў Найджэла Фараджа. «А пра сувязі Фараджа як з Расеяй, так і зь некаторымі іншымі палітычнымі сіламі мы чуем ужо некаторы час», — сказаў міністар.

У сваю чаргу Паксас на прэсавай канфэрэнцыі 3 траўня заявіў, што прадставіў у Менску ідэю запрасіць у Астравец міжнародных экспэртаў па ядзернай бясьпецы з Японіі, стварыць сумесную групу экспэртаў і атрымаў ухвалу Лукашэнкі. Член Эўрапарлямэнту сьцьвярджае, што яго не задавальняюць паводзіны цяперашняй літоўскай палітычнай эліты.

Эўрапарлямэнтарый таксама заявіў, што ні зь кім не ўзгадняў свой візыт да Аляксандра Лукашэнкі, а яго візыт у Беларусь быў працягам візыту ў Расею. «Як член Эўрапарлямэнту я не абавязаны ні зь кім узгадняць свае візыты, за выключэньнем службаў Эўрапарлямэнту», — сказаў Паксас.

Праект БелАЭС, якая будуецца пад Астраўцом (Гарадзенская вобласьць) за кошт крэдыту Расеі, ад самага пачатку яго рэалізацыі выклікаў жорсткую крытыку з боку Літвы. У 2017 годзе літоўскі сэйм прыняў закон, згодна зь якім БелАЭС прызнаная пагрозай нацыянальнай бясьпецы краіны. Літоўскі ўрад ня мае намеру купляць электраэнэргію з атамнай станцыі і плянуе перашкаджаць спробам экспарту электраэнэргіі з БелАЭС у ЭЗ.

У канцы 1990-х Раляндас Паксас быў мэрам Вільні і старшынём Саюзу лібэралаў Літвы, быў прэм’ер-міністрам Літвы некалькі месяцаў у 1990 годзе і з 26 кастрычніка 2000 году па 20 чэрвеня 2001-га, у 2002 годзе заснаваў Лібэральна-дэмакратычную партыю.

У пачатку 2003 году быў выбраны прэзыдэнтам, але ў красавіку 2004 году быў адхілены ад пасады за парушэньні Канстытуцыі: яго прызналі вінаватым у незаконным прадстаўленьні асобе грамадзянства, незабесьпячэньні дзяржаўнай таямніцы і ціску на прыватныя асобы і кампаніі. Годам пазьней апэляцыйны суд зноў прызнаў яго вінаватым, але ў сьнежні 2005 году Вярхоўны суд Літвы вынес апраўдальны прысуд. Эўрапейскі суд па правах чалавека і Камітэт ААН па правах чалавека пазьней называлі проціпраўнай забарону Паскасу балятавацца на палітычныя пасады.

Візыт Паксаса адбыўся незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў у Літве — першы тур заплянаваны на 12 траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG