Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гадавала дзяцей адна, езьдзіла некуды. Што вядома пра Натальлю з Пружанаў, якая зьнікла з траімі дзецьмі


Натальля Ахтэль, фота з сайту МУС
Натальля Ахтэль, фота з сайту МУС

Суседка жанчыны расказала Свабодзе, што за некалькі дзён да зьнікненьня бачыла разам з Натальляй невядомую жанчыну на аўтамабілі. Яны ўкладвалі туды хатнія рэчы.

Пра зьнікненьне жыхаркі Пружанаў Натальлі Ахтэль расказала МУС 5 жніўня. Паводле афіцыйнай інфармацыі, на выгляд Натальлі 40-45 гадоў, яна зьнікла прыкладна месяц таму. Заяву аб прапажы жанчыны і яе траіх непаўналетніх дзяцей у міліцыю напісаў былы муж, які жыве асобна. Як стала вядома Свабодзе, першымі зьнікненьне жанчыны заўважылі настаўнікі пружанскай школы. Двое яе дзяцей проста не зьявіліся на занятках 2 верасьня. Цяпер жанчыну шукаюць па ўсёй Беларусі.

«Учора прыяжджалі да нашага дома ў Пружанах сьледчыя, міліцыя, вельмі шмат людзей было, — расказала Свабодзе суседка Натальлі Ахтэль Тацьцяна (цяпер Тацьцяна жыве ў Берасьці, з Пружанаў яна зьехала акурат на пачатку жніўня. — РС). — Мне ўсе суседзі званілі і гаварылі, што зьнікла Натальля, і што дзяцей таксама ня могуць знайсьці. А потым я ўжо сама ў навінах бачыла пра гэта».

Натальля Ахтэль, фота з сайту МУС
Натальля Ахтэль, фота з сайту МУС


Паводле суседкі, Натальля Ахтэль жыла разам з трыма сваімі дзецьмі. Двое старэйшых — школьнікі, яшчэ аднаму сыну тры гады. Чацьвёрты сын Натальлі Ахтэль ужо дарослы, па зьвестках суседзяў працуе дзесьці ў Маскве. З мужам, які напісаў у міліцыю заяву аб прапажы былой жонкі і дваіх сваіх дзяцей (малодшы сын Натальлі не ад яго. — РС), жанчына даўно не жыве разам. Некалькі гадоў таму органы апекі забіралі ў Натальлі дзяцей, яны выхоўваліся ў інтэрнаце. Аднак потым іх вярнулі маці. Таксама вядома, што Натальля да нядаўняга часу працавала ў Дэпартамэнце аховы.

«З мужам яны дрэнна жылі, — расказвае суседка Тацьцяна. — Пастаянна канфліктавалі, скандалы пастаянна былі тут, пакуль яны не разышліся. Кажуць, што муж раней працаваў у міліцыі, але апошнім часам прадаўцом быў у прыватніка. Ля нашага дома мы яго даўно ня бачылі, Натальля скардзілася, што ён не плаціў алімэнтаў. Яна ўвогуле вельмі бедна жыла. Мы ўсе тут зьбіралі вопратку для яе, ежу. Але дрэннага нічога не скажу пра яе. Цяжка Натальлі жылося: яна сірата, ня мела да каго прытуліцца».

Тацьцяна расказвае, што Натальля Ахтэль пэрыядычна хадзіла ў царкву і адна, і зь дзецьмі, аднак моцнай верніцай яе назваць нельга. А за некалькі месяцаў да зьнікненьня зьяжджала некуды на два тыдні. Вярнулася ў незвычайна пазытыўным настроі.

«Я яе сустрэла якраз, у ліпені гэта было, — расказвае Тацьцяна. — А яна такая вясёлая. Пытаю, дзе ты была? Ну Натальля і расказала, што была ў нейкіх людзей пад Менскам, што так ёй там спадабалася, што так добра тым было. І ёй, і дзецям. А больш канкрэтна я не распытвала. Баюся, каб яна не зьвязалася зь якой сэктай. На Натальлю лёгка ўплываць, яна не заўсёды можа сама сабе дапамагчы».

Таксама суседка Тацьцяна расказвае, што апошні раз Натальлю бачыла літаральна за некалькі дзён да зьнікненьня. Тая разам зь дзецьмі выносіла з дому рэчы ў чорных плястыкавых мяшках і грузіла ў невядомы легкавік сьветлага колеру. Нумароў Тацьцяна не запомніла. Кажа толькі, што за рулём машыны была незнаёмая жанчына.

Пошукамі Натальлі Ахтэль, а таксама траіх яе малодшых дзяцей займаецца МУС. Міліцыянты просяць усіх, хто што-небудзь ведае пра месцазнаходжаньне жанчыны, паведаміць ім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG