Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узбэцкую блогерку вызвалілі з псыхіятрычнай бальнiцы пасьля трох месяцаў прымусовага лячэньня


Нафасат Алашукурава
Нафасат Алашукурава

Блогерку Нафасат Алашукураву 28 сьнежня выпусьцілі з псыхіятрычнай клінікі ва Ўргенчы. Там яе ўтрымлівалі тры месяцы паводле рашэньня суду пасьля таго, як яна прыняла ўдзел у акцыі пратэсту. Пра гэта паведамляе Ўзбэцкая служба Радыё Свабода.

Паводле словаў кіраўніка праваабарончага таварыства «Эзгулік», якое базуецца ў Ташкенце, Абдурахмана Ташанава, спэцыяльная камісія палічыла, што неабходнасьці ў працягу лячэньня Алашукуравай у псыханэўралягічным дыспансэры няма.

Бацька дзяўчыны Балтабой Алашукураў пацьвердзіў Свабодзе, што яго дачка выехала з Харэзму ў Ташкент.

«Сёньня ў 12 гадзін яна патэлефанавала мне зь невядомага нумару і сказала:» Мяне выпусьцілі, я ўжо ў дарозе «. Але потым мы ўжо не змаглі да яе датэлефанавацца», — сказаў Алашукураў.

З самай Нафасат Алашукуравай журналістам зьвязацца не ўдалося. Яе адвакат Умід Давлатаў сказаў, што не валодае поўнай інфармацыяй пра вызваленьне сваёй кліенткі з псыханэўралягічнага дыспансэру.

32-гадовую настаўніцу ангельскай мовы Нафасат Алашукураву, якая вяла блог у фэйсбуку пад імем Shabnam Olloshkurova, адправілі на прымусовае лячэньне ў Харэзмскі абласны псыханэўралягічны дыспансэр 7 кастрычніка. Гэта адбылося пасьля таго, як яна далучылася да паходу журналіста і паэта Махмуда Раджабава і яго сваякоў з Харэзму ў Ташкент. Людзі ішлі на прыём да міністра ўнутраных спраў Узбэкістану, маючы намер расказаць пра тое, як іх незаконна перасьледуюць. Усіх удзельнікаў пешага паходу затрымалі і асудзілі да адміністрацыйных арыштаў.

Алашукураву таксама арыштавалі на 10 сутак, прызнаўшы яе вінаватай паводле наступных артыкулаў:

  • 183 ( «Дробнае хуліганства»),
  • 194 ( «Невыкананьне законных патрабаваньняў супрацоўніка органаў унутраных спраў»),
  • 195 ( «Супрацьдзеяньне выкананьню службовага абавязку супрацоўнікамі органаў унутраных спраў»),
  • 202 ( «Стварэньне ўмоў для правядзеньня несанкцыянаваных сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў і дэманстрацый») Кодэксу аб адміністрацыйнай адказнасьці.

Пасьля гэтага ў Генэральнай пракуратуры Ўзбэкістану заявілі, што нібыта праз дзень пасьля таго, як жанчыну адправілі пад арышт, у яе былі заўважаныя нейкія «псыхалягічныя зьмены». Сілавікі сьцьвярджаюць, што да дзяўчыны адразу ў спэцпрыёмніку выклікалі хуткую псыхіятрычную дапамогу, пасьля чаго, паводле рэкамэндацыі псыхіятра, павезьлі яе ў Харэзмскі абласны псыханэўралягічны дыспансэр для мэдычнага абсьледаваньня.

Пасьля гэтага прадстаўнікі дыспансэру зьвярнуліся рэгіянальны суд у грамадзянскіх справах і папрасілі дазвол на прымусовую шпіталізацыю Алашукуравай. У прадстаўленых імі ў суд дакумэнтах было сказана, што ў жанчыны «назіраюцца псыхічны разлад, прыкметы паранаідальнага сындрому».

Таксама мэдыкі заявілі, што блогерка «бездапаможная, няздольная самастойна задавальняць асноўныя жыцьцёвыя патрэбы і ўяўляе пагрозу для сябе ці навакольных».

Бацька блогеркі заяўляў, што яго дачка ніколі не цярпела ад псыхічнай хваробы, а Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Камітэт абароны журналістаў» (CPJ) запатрабавала ад уладаў Узбэкістану вызваліць блогерку. Але афіцыйны Ташкент праігнараваў гэтыя заявы.

Алашукурава на сваёй старонцы неаднаразова выказвала незадаволенасьць дзеяньнямі узбэцкіх чыноўнікаў і карупцыяй ва Ўзбэкістане. Яна прапаноўвала аб’яднацца і стварыць орган па абароне насельніцтва ад уладаў. Яна, у прыватнасьці, выступала супраць незаконнага зносу дамоў і іншых будынкаў у Кашкадар’інскай, Харэзмскай і Фэрганскай абласьцях. У яе блогу было больш за чатыры тысячы падпісчыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG