Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пыталі, з кім было дзіця, калі я хаджу па плошчы»


Супрацоўніца «Нафтану» Алена Радзькова пасьля ўдзелу ў стрымах Ціханоўскага страціла працу. Ілюстрацыі да артыкулу пра яе
Супрацоўніца «Нафтану» Алена Радзькова пасьля ўдзелу ў стрымах Ціханоўскага страціла працу. Ілюстрацыі да артыкулу пра яе

У Наваполацку вывучаюць сытуацыю ў сем’ях зь непаўналетнімі дзецьмі, бацькоў якіх прыцягвалі да адказнасьці за ўдзел у акцыях пратэсту. Бацькі называюць гэта ціскам за іхную грамадзянскую пазыцыю.

Паводле распараджэньня аддзелу адукацыі Наваполацкага гарвыканкаму, установы адукацыі павінны да 11 сьнежня падаць інфармацыю пра становішча ў сем’ях, умовы пражываньня, пра ўдзел у выхаваньні непаўналетніх дзяцей. У дакумэнце ёсьць сьпіс бацькоў, якія бралі ўдзел у «несанкцыянаваных» акцыях і ня раз прыцягваліся да адказнасьці.

Установы адукацыі павінны высьветліць, з кім і дзе знаходзіліся непаўналетнія дзеці, калі іхныя бацькі былі на масавых акцыях. «У выпадку выяўленьня крытэраў сацыяльна небясьпечнага становішча правесьці сацыяльнае расьсьледаваньне», — напісана ў паперы.

У сьпісе пералічаныя дзесяць дзяцей. Да некаторых бацькоў ужо прыходзілі выхавальнікі і псыхолягі.

«Проста ціснуць, каб ніхто нікуды не хадзіў»

Алена Радзькова мае 5-гадовага сына, які ходзіць у дзіцячы садок. Яе звольнілі з прадпрыемства «Нафтан» яшчэ ў чэрвені сёлета.

«Мяне судзілі пасьля таго, як у горад прыехаў Ціханоўскі, пазьней, кал ішоў збор подпісаў за Сьвятлану, мяне судзілі другі раз, а потым звольнілі. У мяне быў часовы кантракт, я працавала замест дзяўчыны, якая пайшла ў дэкрэт. Яны яе выклікалі на адзін дзень, каб мяне звольніць. Тут відавочны палітычны матыў». Алена кажа, што на яе сям’ю пачалі ціснуць яшчэ ў жніўні.

«Калі мяне затрымалі 9 жніўня, то прывялі ў кабінэт да міліцыянта, а там была жанчына з фатаздымкам майго мужа, якая пытала: „А дзе ваша дзіця знаходзіцца?“ Я спалохалася: што такое? Калі мяне пасадзілі ў цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў, яны ўжо тады езьдзілі правяраць, дзе знаходзіцца мой сын. Ён быў з мужам, але яны заходзілі ў хату, глядзелі, як і што».

Алена была даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай. Першы раз яе затрымалі каля выбарчага ўчастку 9 жніўня, да суду 11 жніўня трымалі ў ізалятары, прысудзілі штраф 40 базавых велічыняў паводле артыкулу 23.34 КаАП. Другі раз, 16 верасьня, выклікалі на размову ў пастарунак і пасадзілі да суду на два дні у ізалятар, выпісалі штраф 45 базавых. Потым схапілі 22 верасьня, трымалі тры дні і выпісалі штраф 48 базавых.

Паводле Алены, апошні раз сынам цікавіліся выхавальніца дзіцячага садку і псыхоляг.

«Пыталі, з кім было дзіця, калі я хадзіла па плошчы. І вось прыйшла папера, дзе ўжо некалькі імёнаў тых, каго ня раз затрымалі і асудзілі паводле артыкулу 23.34. Зноў пытаньні, як і што, ці працуеце, чаму не працуеце, як жывяце, з кім знаходзіцца сын, калі я сяджу ў ізалятары, — кажа Алена. — Проста ціснуць, каб ніхто нікуды не хадзіў».

«Гэта нахабства і свавольства»

Былы судзьдзя Аляксандар Казаравец мае 16-гадовую дачку, якая вучыцца ў каледжы. Ён мяркуе, што праверкі сем’яў удзельнікаў акцыяў скіраваны на тое, каб запужаць людзей.

«Склалі сьпіс тых, хто мае непаўналетніх дзяцей, і паслалі ва ўстановы адукацыі, каб яны праверылі, мабыць, магчымасьць пазбаўленьня бацькоўскіх правоў. Альбо каб напужаць. Мне гэта сьмешна. Але ведаючы, якое цяпер творыцца праўнае бязьмежжа, дапускаю ўсякае», — разважае Аляксандар.

Аляксандар кажа, што яго затрымлівалі тройчы, апошні раз на акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. У ізалятары трымалі тры дні, але суд накіраваў пратакол на дапрацоўку. Аляксандар кажа, што ня пусьціць правяраючых на парог дома.

«Мая жонка таксама вельмі нэгатыўна ставіцца да існуючай сыстэмы, таму мабыць і яна іх выганіць з хаты. Да тых людзей, прозьвішчы якіх трапілі ў сьпіс, ужо прыходзілі.У мяне чацьвёра дзяцей і ўсе дагледжаныя, атрымалі адукацыю. Таму гэта нахабства і свавольства, прававое бязьмежжа».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG