Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 5,5 года калёніі па крымінальных справах і «суткі» па адміністрацыйных: суды і выракі 30 сакавіка. Абнаўляецца

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

30 сакавіка працягваюцца суды па крымінальных і адміністрацыйных справах над удзельнікамі пасьлявыбарчых пратэстаў у Беларусі.

Крымінальныя выракі

  • У судзе Першамайскага раёну Менску 30 сакавіка вынесьлі прысуд па крымінальнай справе супраць Віктара Сядова. Яго затрымалі 16 кастрычніка ў Менску. Згодна з абвінавачаньнем, у ноч з 10 на 11 жніўня на скрыжаваньні вуліц Сурганава і Куйбышава Віктар Сядоў браў удзел ва ўзьвядзеньні барыкадаў, кінуў пры гэтым два прадметы на праезную частку. На судзе ён часткова прызнаў віну: казаў, што паклаў камень на праезную частку і кінуў на дарогу камень. У апошнім слове сказаў, што ня змог у такой палітычнай сытуацыі стрымаць свае эмоцыі. Судзьдзя Анастасія Ляйкоўская прысудзіла яму 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. // «Вясна».
  • У судзе Заводзкага раёну Менску на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у масавых беспарадках асудзілі грамадзяніна Н.. Паводле сьледзтва, ён уначы 10 жніўня 2020 году каля ГЦ «Рыга» падчас акцыі пратэсту разьбіваў тратуарную плітку на больш дробныя кавалкі, якія можна кідаць і наносіць імі цялесныя пашкоджаньні, на патрабаваньні сілавікоў спыніцца не рэагаваў. Намесьнік пракурора Менску ў інтарэсах КТУП «Менсктранс» і УП «Спэцкоммунавтотранс» заявіў пазовы аб кампэнсацыі маёмаснай шкоды ў памеры 21 тысяч і 3 тысяч рублёў адпаведна, іх будуць разглядаць асобна. // Гепракуратура Беларусі.
  • У судзе Ленінскага раёну Горадні 30 сакавіка вынесьлі прысуд па справе 4 пратэстоўцаў. Іх прызналі вінаватымі ў гвалце над супрацоўнікамі АМАП на акцыі пратэсту 27 верасьня і асудзілі па арт. 364 КК на наступныя тэрміны:
    • Міхаіл Юдзін — 4 гады калёніі агульнага рэжыму;
    • Міхаіл Ефімовіч і Вадзім Хіжнякоў — 2,5 года калёніі агульнага рэжыму;
    • Андрэй Севяртока — 5,5 года калёніі строгага рэжыму.

Таксама асуджаныя мусяць сплаціць па 2000 рублёў кампэнсацыі на карысьць амапаўцаў, прызнаных пацярпелымі. Усе чацьвёра асуджаных сваёй віны не прызналі.

Адміністрацыйныя выракі

30 сакавіка ў Менску і рэгіёнах працягваюцца суды па адміністрацыйных справах над затрыманымі. Праваабарончы цэнтар «Вясна» адсочвае судовыя працэсы і зьбірае інфармацыю пра вынікі судовых пасяджэньняў у адмысловай табліцы. Пакуль вядома пра 16 прысудаў за сёньня. 9 чалавек асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, аднаго — на 12 сутак, яшчэ аднаго — на 7 сутак, чатырох чалавек пакаралі буйнымі штрафамі — ад 1450 да 2900 рублёў.

На якія прысуды зьвярнулі ўвагу назіральнікі «Вясны»:

  • Андрэй Гарнашэвіч — арыштаваны на 15 сутак за фота затрыманьня кур’ера «Menu.by» 27 сакавіка. Па дарозе ў краму ўбачыў затрыманьне чалавека ў форменнай камізэльцы «Menu.by» і з кофрам для перавозкі ежы, спыніўся, каб сфатаграфаваць. Да яго падышлі трое амапаўцаў і запатрабавалі паказаць тэлефон. Андрэй пагадзіўся, пасьля чаго яго завезьлі ў Фрунзенскае РУУС, склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП нібыта за пікетаваньне. Судзьдзя Натальля Бугук прызнала фатаздымку пікетаваньнем, вырак — 15 сутак арышту. // «Вясна назірае»
  • Кур’еру Menu.bу сёньня прысудзілі штраф у 1740 рублёў, піша Onliner. Яго затрымалі 27 сакавіка каля мэтро «Пушкінская» ў Менску — сьцьвярджалі, што ён удзельнічаў у мітынгу (які ў той дзень не адбыўся). Ён меў з сабой ня толькі ежу, але і тэрмінал, адмысловую торбу для дастаўкі, на ім была камізэлька кампаніі.
  • 18-гадовага студэнта БДУІР Станіслава Кміта судзьдзя Дзьмітры Карсюк асудзіў на 15 сутак арышту. Яго затрымалі 27 сакавіка падчас «хапуна» на вуліцы Сурганава, калі ішоў у парк. Адвезьлі ў Цэнтральны РУУС, дзе трымалі ў «стакане» цэлых 6 гадзін, склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за «пікетаваньне шляхам узьняцьця рукі і выкрыкваньня лёнзунга «Жыве Беларусь» і павезьлі на Акрэсьціна. Хлопцу стала дрэнна з-за трывожнасьці, але замест мэдыцынскай дапамогі яму далі толькі 2 таблеткі «валяр'янкі». // «Вясна назірае»
  • Прысуд за бчб-шыльду з назвай вуліцы — штраф у 1160 рублёў. Так суд пакараў жыхара Іванава Андрэя Дражына, паведамляе @euroradio. Шыльду, вывешаную «для публічнай дэманстрацыі на агульны бесьперашкодны агляд», прызналі несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам. Дражын не прызнаў віну і будзе абскарджваць прысуд, расказалі яго сваякі. Мужчыну ў аўторак выпусьцілі з-за кратаў, дзе ён правёў тры дні.
  • Магілёўскага перакладчыка арыштавалі на 7 сутак за перапост відэа зь лягатыпам забароненага ў Беларусі тэлеграм-канала:


Затрымалі і перадалі сьледчым за «зьдзек з манумэнта Перамогі»

28-гадовую жыхарку Менску затрымалі за відэа зь бел-чырвона-белым сьцягам каля манумэнта Перамогі. «Відэаролік дэструктыўнага характару», які быў выкладзены 25 сакавіка, пабачылі супрацоўнікі крымінальнай міліцыі Партызанскага РУУС Менску. Дзяўчыну знайшлі. На відэа яна сядзіць на пліце манумэнта са сьцягам. Міліцыя заявіла, што яна «зьняславіла помнік», матэрыялы праверкі перадалі ў Сьледчы камітэт. Прэс-служба менскай міліцыі паведамляе, што дзяўчына раней удзельнічала ў «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG