Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэр Рыгі адказаў Фазэлю, які заступіўся за Лукашэнку, што гатовы зьняць і сьцягі Міжнароднай фэдэрацыі хакею


Бел-чырвона-белы сьцяг у Рызе, 24 траўня 2021 году.
Бел-чырвона-белы сьцяг у Рызе, 24 траўня 2021 году.

У Рызе гатовыя зьняць сьцяг Міжнароднай фэдэрацыі хакея (IIHF) пасьля просьбы яе кіраўніка Рэнэ Фазэля вярнуць на флягштокі дзяржаўнае палотнішча Беларусі.

Напярэдадні ў прысутнасьці мэра гораду Мартыньша Стакіса яго замянілі на гістарычны бел-чырвона-белы сьцяг. Гарадзкі галава Рыгі напісаў у сваім акаўнце у сетцы Twitter:

«Прэзідэнт IIHF папрасіў замяніць (бел-чырвона-белы)беларускія сьцягі свабоды на рэжымныя - альбо выдаліць сцягі IIHF. Мы павінны выбраць бакі - людзей, якія імкнуцца да свабоды, альбо дыктатара. Мы прыступім да выдалення сцягоў IIHF».

Мэр Рыгі адказаў кіраўніку IIHF Рэнэ Фазэлю, які пазыцынуе сябе «даўнім сябрам Лукашэнкі», што бел-чырвона-белыя сьцягі застануцца на месцы, а замест гэтага здымуць сьцягі IIHF.

«Чэмпіянат сьвету ў хакеі — гэта, перш за ўсё, сьвята для спартоўцаў, аматараў хакея, жыхароў Латвіі. Але мы ня можам забыцца, што ўсяго ў некалькіх сотнях кілямэтраў саджаюць самалёт з пасажырамі краін Эўразьвязу, а людзей катуюць і забіваюць. Рэжым, які ўчыняе такія злачынствы, паводзіць сябе як бандыт на нацыянальным, а цяпер і на міжнародным узроўні», — падкрэсьліў Мартыньш Стакіс 23 траўня падчас замены сьцягоў.

Ён дадаў, што атрымаў дзясяткі тысяч дапісаў з усяго сьвету, у якіх выказваецца падзяка за дэманстрацыю бел-чырвона-белага сьцяга вольнай Беларусі. Па яго словах, IIHF атрымала б яшчэ больш падзякаў, каб выказала падтрымку беларускаму народу ў гэтыя цяжкія часы.

Раней прэзыдэнт Латвіі Эгілс Левіц назваў замену сьцяга Беларусі ў Рызе «адэкватнай палітычнай рэакцыяй і сыгналам аб тым, што Латвія не прызнае кіроўны рэжым у Беларусі».

Дыпляматычны канфлікт вакол сьцяга

21 траўня ў Латвіі стартаваў хакейны чэмпіянат сьвету. Адпачатку турнір плянаваўся ў Рызе і Менску, аднак праз палітычную сытуацыю беларускую частку анулявалі.

У цэнтры Рыгі ўсталяваныя сьцягі краінаў-удзельніц чэмпіянату. 24 траўня мэр Рыгі Мартыньш Стакіс разам зь міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам замянілі дзяржаўны сьцяг Беларусі на бел-чырвона-белы з Пагоняй.

Пасьля гэтага надзвычайнаму і паўнамоцнаму амбасадару Латвіі ў Беларусі Эйнарсу Сэманісу ўлады Беларусі запрапанавалі на працягу сутак пакінуць Менск. У адказ Латвія абвясьціла, што высылае з краіны амбасадара Беларусі і ўсіх дыпляматаў.

Напярэдадні старту спаборніцтваў Рэнэ Фазэль расказваў у падкасьце Eisbrecher, чаму шкадуе пра адмену гульняў у Менску. У прыватнасьці, ён паўтарыў свой тэзіс, што спорт «мог бы зблізіць уладу і апазыцыю ў Беларусі».

«Мы з Лукашэнкам даўно ведаем адзін аднаго, разам гулялі на аматарскіх турнірах, я быў судзьдзёй. Ён неверагодна адданы спорту. А потым паўстала гэтая дурная гісторыя з выбарамі ў жніўні. Падчас нашай размовы сказаў мне: „Я ведаю, у якой сытуацыі знаходзіцца твая асацыяцыя, і дапускаю, што табе прыйдзецца прыняць рашэньне...“ Урэшце, гэта сапраўды залежыць ня толькі ад мяне, а і ад краін-удзельніц. Я ведаў, што паўночныя краіны (Фінляндыя, Нарвэгія, Данія, Швэцыя) зазнаюць палітычны ціск, што, на мой погляд, вельмі дрэнна», — адзначыў Рэнэ Фазэль.

Беларусь і Латвія. Кароткая гісторыя стасункаў

  • Латвія прызнала незалежнасьць Беларусі 8 студзеня 1992 году, Беларусь прызнала незалежнасьць Латвіі 22 студзеня 1992 году.
  • Дыпляматычныя адносіны ўсталяваныя 7 красавіка 1992 году. Амбасада Латвіі ў Менску адкрылася ў 1993 годзе, амбасада Беларусі ў Рызе — у 1994 годзе.
  • З 1994 году дзейнічаюць консульствы: Беларусі — у Даўгаўпілсе, Латвіі — у Віцебску.
  • Беларуская этнічная меншасьць у Латвіі налічвае каля 70 тысячаў чалавек (3,3% насельніцтва). Беларусы складаюць другую (пасьля расейцаў) паводле колькасьці этнічную меншасьць Латвіі.
  • Дасьледаваньне «Ўдзел нацыянальных меншасьцяў у дэмакратычных працэсах у Латвіі» паказала, што паводле ўзроўню грамадзкай актыўнасьці беларуская грамада ўваходзіць у тройку найбольш значных у Латвіі, поруч з расейскай і габрэйскай.
  • Палітычныя кантакты паміж Менскам і Рыгай вызначаліся высокай інтэнсіўнасьцю. Кіраўнікі ўраду Беларусі за гады незалежнасьці 5 разоў наведвалі Латвію, латвійскія прэм’ер-міністры наведвалі Беларусь з 1994 году 6 разоў, апошні раз — летась.
  • У 2015–2019 гадах разьвівалася супраца паміж заканадаўчымі органамі дзьвюх краінаў. Дэлегацыі Нацыянальнага Сходу Беларусі неаднаразова наведвалі Латвію, дэлегацыі Саэймы Латвіі — Беларусь.
  • Таксама ўзаемадзейнічалі вайсковыя ведамствы дзьвюх краінаў. Міністар абароны Беларусі наведаў Рыгу ў 2016 годзе, яго латвійскі калега быў у Менску ў 2017 годзе. У 2018 годзе адбыўся візыт у Латвію начальніка Генштабу Беларусі, у 2019 годзе Беларусь наведаў камандуючы ўзброенымі сіламі Латвіі.
  • Неаднаразова сустракаліся і кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Латвіі, Уладзімер Макей і Эдгарс Рынкевічс заяўлялі, што яны сябры.
  • Латвія напрыканцы дзясятых гадоў неаднаразова на высокім узроўні запрашала Аляксандра Лукашэнку ў Латвію. Упершыню запрашэньне было перададзенае падчас візыту ў Менск у 2018 годзе тагачаснага прэм’ера Латвіі Марыса Кучынскіса. Потым запрашэньне неаднаразова пацьвярджалася.
  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і жорсткага здушэньня пратэстаў запрашэньне анулявалі.
  • У 2020–2021 гадах Латвія ўвяла забарону на ўезд у краіну для 118 службовых асобаў Беларусі. Рашэньне было прынятае ў каардынацыі з уладамі Эстоніі і Літвы.
  • У 2006 годзе супраць латвійскага дыплямата ў Менску была распачатая крымінальная справа аб распаўсюдзе парнаграфічнай прадукцыі. Беларускае тэлебачаньне тады паказала апэратыўную здымку аднаполых кантактаў латвійскага дыплямата зь беларускім юнаком. Тады амбасадар Латвіі быў адкліканы для кансультацыяў амаль на тры месяцы.
  • Беларускі МЗС у 2012 годзе выказаў абурэньне зьяўленьнем у цэнтры латвійскага гораду Баўскі помніка салдатам латыскай дывізіі СС, а ў 2013 годзе ўключыў разьдзел пра Латвію ў даклад «Парушэньні правоў чалавека ў асобных краінах сьвету»
  • Па выніках 2020 году Латвія заняла 16-е месца паводле таваразвароту і 13-е месца паводле экспарту сярод краінаў, зь якімі гандлюе Беларусь.
  • У 2020 годзе таваразварот з Латвіяй склаў 393,6 мільёна даляраў, экспарт Беларусі ў Латвію — 309,9 мільёна даляраў.
  • У Беларусі працуюць 322 прадпрыемствы з удзелам латвійскага капіталу.
  • 24 траўня 2021 году беларускія ўлады запатрабавалі, каб увесь пэрсанал латвійскай амбасады ў Менску пакінуў краіну. Нагодай для гэтага рашэньня стаў учынак мэра Рыгі, які падчас чэмпіянату сьвету па хакеі памяняў дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь на бел-чырвона-белы. Пры гэтым прысутнічаў міністар замежных справаў Латвіі.
  • У адказ Латвія абвясьціла, што высылае з краіны амбасадара Беларусі і ўсіх дыпляматаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG