Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За нашу і вашу свабоду». У Пецярбургу зьявілася і зьнікла графіці з Калесьнікавай


У расейскім Санкт-Пецярбургу ў Някрасаўскім садзе зьявілася графіці з паплечніцай Віктара Бабарыкі і сябрай Каардынацыйнай рады Марыяй Калесьнікавай. 6 верасьня Менскі абласны суд пакараў яе 11 гадамі пазбаўленьня волі.

Графіці празь некалькі гадзін зафарбавалі супрацоўнікі камунальных службаў гораду.

Калесьнікаву асудзілі разам зь юрыстам Максімам Знакам. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраваньне ім.
Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава

Адвакаты палітвязьняў заявілі, што будуць абскарджваць прысуды.

Працэс заняў 17 паседжаньняў. 2 верасьня абвінавачаныя выступілі з апошнім словам. Марыя Калесьнікава пачала сваю прамову па-беларуску, працытаваўшы ўрывак з твору пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча, які ёй даслалі ў лісьце салідарныя беларусы. Таксама яна выказала думку, што працэс над ёй і Максімам Знакам гістарычны, незалежна ад таго, якім будзе рашэньне.

Максім Знак
Максім Знак

Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.

Перад абвяшчэньнем прысуду каля суду на менскай вуліцы Маякоўскага ўтварылася доўгая чарга людзей. Кожнага намагаліся зьняць на відэа людзі ў цывільным. Бацьку Марыі Калесьнікавай прапусьцілі ў залю, замежных дыпляматаў — не.

Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.

Рэакцыя на прысуд

Сьвятлана Ціханоўская адрэагавала на прысуд, заявіўшы, што Калесьнікавай і Знаку ня трэба будзе сядзець увесь доўгі тэрмін, які ім прызначылі.

«Рэжыму б вельмі хацелася бачыць Макса і Марыю раструшчанымі і зьнясіленымі. Але мы бачым нашых герояў моцнымі і свабоднымі ўнутры. Яны выйдуць на свабоду значна раней. Выдуманыя для іх тэрміны не павінны палохаць нас, бо Максім і Маша гэтага б дакладна не хацелі. Яны б хацелі, каб мы ўспомнілі, як усьміхаецца Маша, і паслухалі, як сьпявае Максім».

Бацька Марыі Калесьнікавай Аляксандар Калесьнікаў заявіў, што на паседжаньні абое палітвязьні трымаліся годна і жэстамі «падтрымлівалі атмасфэру прыемнай сустрэчы», нягледзячы на тое, што ўбачылі ў залі вельмі мала людзей, якіх ведаюць.

«Сёньня наш суд ня здаў асноўны іспыт — падзеі такога рангу мусяць быць знакавымі. Хутчэй за ўсё, мы атрымалі сыгнал пра тое, што „зьмяняць мы нічога ня хочам, не зьбіраемся і ня будзем“, я так гэта расцэньваю».

«Эўразьвяз выказвае жаль з нагоды працягу абуральнай непавагі менскім рэжымам да правоў чалавека і асноўных свабодаў народу Беларусі», — гаварылася ў заяве афіцыйнага прадстаўніка Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пэтэра Стана. Прысуд Калесьнікавай і Знаку таксама асудзілі прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда і дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG