Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў, якія не былі ў краіне больш за 30 дзён, уносяць у сьпіс «дармаедаў» для аплаты 100% «камуналкі»


Акцыя беларусаў у Вільні, Літва. Ілюстрацыйнае фота
Акцыя беларусаў у Вільні, Літва. Ілюстрацыйнае фота

Дадзеныя для штомесячнага абнаўленьня базы дасылае Дзяржаўны памежны камітэт.

У верасьні ў Беларусі абнавілі базу «дармаедаў». Гэта робяць адзін раз на квартал: хто ня можа пацьвердзіць занятасьць, трапляе ў адпаведны сьпіс. Аднак высьветлілася, што паралельна чыноўнікі вядуць яшчэ адну базу «дармаедаў», якую абнаўляюць раз на месяц. Зьвесткі для яе падае Дзяржаўны памежны камітэт.

Пра гэта «Лідзкай газеце» расказаў сакратар пастаянна дзейнай камісіі каардынацыі працы па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва Лідзкага раёну, галоўны спэцыяліст аддзелу працы ўпраўленьня працы, занятасьці і сацыяльнай абароны райвыканкаму Павал Івашка.

Інтэрвію выданьню ён даў яшчэ ў канцы ліпеня 2023 году. Увагу на яго заяву зьвярнула Zerkalo.

Чыноўнік заявіў, што існуюць два сьпісы працаздольных грамадзян, «не занятых у эканоміцы, якія павінны аплачваць у поўным аб’ёме эканамічна абгрунтаваныя выдаткі на аказаньне камунальных паслуг». У першы, пра які было вядома раней, уключаюцца тыя, хто афіцыйна не працаваў у папярэднім квартале. У другі — навейшы — трапляюць тыя грамадзяне, хто знаходзіцца за мяжой.

«Такіх сьпісаў два. Адзін фармуецца на квартал, і ў яго ўключаюцца грамадзяне, якія не былі занятыя ў эканоміцы ў папярэднім квартале. Другі сьпіс складаецца паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту. Бо да разраду платнікаў жыльлёва-камунальных паслуг па стопрацэнтным кошце зь мінулага году пачалі адносіць тых, хто выехаў за межы рэспублікі. У сьпіс уключаюцца грамадзяне, якія ў папярэднім месяцы перад справаздачным адсутнічалі ў нашай краіне 30 і больш дзён. Праўда, яны ўносяцца ў сьпіс для выплаты камунальных плацяжоў з поўнай кампэнсацыяй затрат не на квартал, а па месяцах», — заявіў Івашка.

  • Працаздольныя грамадзяне Беларусі, якія зьехалі за мяжу больш як на месяц і не занятыя ў беларускай эканоміцы, адносяцца да «дармаедаў» з 1 сакавіка 2022 году.
  • Згодна з пастановай ураду Беларусі № 166, з сакавіка 2022 году грамадзяне, якія выехалі за межы Беларусі на тэрмін больш як 30 дзён і не занятыя ў эканоміцы, абавязаныя аплочваць жыльлёва-камунальныя паслугі ў поўным аб’ёме.
  • Выключэньне — калі чалавек працуе ў краінах ЭАЭС (Расеі, Казахстане, Кіргізстане або Армэніі). Калі рэлякант не зьяўляецца ўласьнікам жыльля, патрабаваньне аплачваць «камуналку» цалкам на яго не распаўсюджваецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG