Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Беларусі ў Ізраілі — грамадзянам Беларусі: самалёты лётаюць, выбірайцеся самастойна


У аэрапорце Бэн-Гурыён
У аэрапорце Бэн-Гурыён

Амбасада Рэспублікі Беларусі апублікавала інфармацыю, зь якой вынікае, што грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Ізраілю, дапамогі ў эвакуацыі з тэрыторыі краіны чакаць ня варта.

«У апошнія дні да нас паступае вялікая колькасьць зваротаў беларускіх грамадзян наконт магчымасьці выезду ў Рэспубліку Беларусь або іншыя кірункі», — паведамляецца на старонцы ў Фэйсбуку амбасады РБ у Ізраілі.

«Паведамляем, што, паводле наяўнай інфармацыі, ізраільскі міжнародны аэрапорт імя Бэн-Гурыёна працуе практычна ў штатным рэжыме», — абвяшчае амбасада і дае пералік авіякампаніяў, якія ажыцьцяўляюць рэйсы.

«Білеты на іх варта набываць самастойна, у т.л. з дапамогай інтэрнэт-сайтаў, — раяць грамадзянам Беларусі дыпляматы. — Таксама працуюць наземныя пераходы ў напрамку Ярданіі і Эгіпту — інфармацыю аб працы КПП трэба ўдакладняць у ізраільскай пагранічнай службы».

Дзясяткі краінаў арганізавалі вываз сваіх грамадзянаў з Ізраілю. Так, Чэхія і Ісьляндыя вывезьлі сваіх грамадзянаў урадавымі бартамі. Польшча, Вугоршчына, Канада, Аўстрыя, Гішпанія, Італія, Грэцыя накіравалі вайскова-транспартныя самалёты. Румынія, Нямеччына, Францыя, Нарвэгія, Казахстан вывозяць грамадзянаў камэрцыйнымі рэйсамі.

Народныя амбасады Беларусі працуюць над варыянтамі эвакуацыі беларусаў

Цяпер Народныя амбасады Беларусі ў розных эўрапейскіх краінах працуюць над варыянтамі дапамогі беларусам, якія хочуць эвакуявацца з Ізраілю, і зьбіраюць інфармацыю пра магчымыя спосабы эвакуацыі. Яны ўжо праінфармавалі міністэрствы замежных спраў сваіх краін пра складаную сытуацыю, у якой апынуліся беларусы ў Ізраілі, ва ўмовах, калі «афіцыйная» амбасада Беларусі ў Ізраілі адмовілася ад удзелу ў іх далейшым лёсе.

На цяперашні момант па дапамогу ў Народныя амбасады Беларусі зьвярнуліся больш за 10 беларускіх сем'яў. З Ізраілю ўжо эвакуюявалі пэнсіянэрку Аляксандру Ханевіч, якая ўцякла ад перасьледу зь Беларусі ў Польшчу.

Для абмеркаваньня з МЗС краін, якія выконваюць эвакуацыю сваіх грамадзян, прадстаўнікам народных амбасадаў трэба ведаць колькасьць беларусаў, якія жадаюць эвакуявацца, таму яны заклікаюць усіх, каму патрэбная эвакуацыя, напісаць на электронную пошту Народнай амбасады Беларусі ў Ізраілі
israel@belarusabroad.org.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG