Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль на 6 гадзін падоўжыў тэрмін для эвакуацыі жыхароў поўначы Газы


Жыхары сэктару Газы едуць на поўдзень.
Жыхары сэктару Газы едуць на поўдзень.

Армія абароны Ізраілю афіцыйна заявіла, што падоўжыла тэрмін для бясьпечнай эвакуацыі жыхароў паўночных раёнаў сэктару Газы на 6 гадзін — у дадатак да 24 гадзін, якія ізраільскія вайскоўцы далі жыхарам на эвакуацыю раніцай у пятніцу.

У тэлеграм-канале ЦАХАЛ сьцьвярджаецца, што, нягледзячы на супрацьдзеяньне радыкальнай групоўкі ХАМАС, якая кантралюе Газу, жыхары пачалі пакідаць паўночныя раёны сэктару. Таксама апублікаваны тэкст улётак, якія ізраільская авіяцыя скідае над Газай, з заклікамі пакінуць дамы.

Пакуль няма аб’ектыўных зьвестак аб тым, колькі жыхароў поўначы Газы пераехала на поўдзень пасьля закліку Ізраіля. Усяго насельніцтва паўночных раёнаў сэктару ацэньваецца на 1,1 мільёна чалавек.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША таксама паведаміў, што ідуць перамовы з удзелам Эгіпту, Ізраіля, ЗША і Катару аб часовым адкрыцьці адзінага кантрольна-прапускнога пункту з сэктару Газы ў Эгіпэт.

Ізраіль тлумачыць свае заклікі да жыхароў Газы тым, што пачне ў сэктары з хуткім часе наземную апэрацыю з мэтай разгрому ХАМАС. Тыдзень таму ўзброеныя атрады гэтай групоўкі, прызнанай у ЗША і ЭЗ тэрарыстычнай, напалі на паўднёвыя раёны Ізраіля. Ахвярамі нападу па апошніх зьвестках сталі больш за 1300 чалавек, больш за сто былі захопленыя ў закладнікі і па-ранейшаму ўтрымліваюцца ў Газе. У выніку ўдараў па сэктары Газы, якія Ізраіль наносіць у адказ на напад, паводле зьвестак палестынскага боку, загінулі больш за 2200 жыхароў Газы. Напярэдадні паведамлялася аб 1900 загінуўшых.

Шэраг арабскіх краін рэзка асудзілі заклікі Ізраіля да жыхароў Газы пакінуць дамы, а таксама блякаду сэктару. Генэральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш зьвярнуўся да Ізраіля з патрабаваньнем не дапусьціць гуманітарнай катастрофы ў рэгіёне з прычыны перамяшчэньня сотняў тысяч мірных жыхароў сэктару. «Людзі павінны быць у бясьпецы ў сябе дома», — заявілі ў ААН. Таксама арганізацыя заклікала спыніць блякаду сэктару хаця б часова, каб даставіць у рэгіён ваду, харчаваньне і паліва.

Выданьне Washington Post сьцьвярджае са спасылкай на відэа, што адзін з ізраільскіх удараў, як відаць, прыйшоўся па калёне бежанцаў, у выніку чаго маглі загінуць дзясяткі людзей. Ізраільскія вайскоўцы гэтыя сьцьвярджэньні пакуль не камэнтавалі.

ЦАХАЛ паведаміў, што ў выніку авіяўдару па Газе ў ноч на суботу быў забіты Мэрад Абу Мэрад, які, як сьцьвярджаецца, узначальваў паветраныя сілы ХАМАС у Газе і быў адным з кіраўнікоў нападу на Ізраіль 7 кастрычніка. Тады для нападу выкарыстоўваўся ў тым ліку дэсант на параплянах — раней палестынскія ўзброеныя групоўкі такую тактыку не ўжывалі.

Таксама ізраільскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што забілі камандзіра спэцназу ХАМАС «Нухба» Алі Кадзі.

ХАМАС усю пятніцу працягваў абстрэльваць Ізраіль з сэктару Газы. Найбольш небясьпечнай тэрыторыяй застаецца поўдзень краіны, у прыватнасьці гарады Ашдод і Ашкелон. Таксама ізраільскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што спынілі спробу пранікненьня ўзброенай групы з тэрыторыі Лібану, нанёсшы па ёй удар бесьпілётнікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG