Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна Ізраілю і ХАМАСу стварае для Расеі магчымасьці і пагрозы


Ізраільскія танкі на пазыцыях каля мяжы з паласой Газа, 10 кастрычніка 2023
Ізраільскія танкі на пазыцыях каля мяжы з паласой Газа, 10 кастрычніка 2023

Белы дом заяўляе, што мае вайсковыя рэсурсы, каб падтрымаць і Ўкраіну, і Ізраіль у ягонай вайне супраць ХАМАСу. Уварваньне ў Ізраіль палестынскай радыкальнай групоўкі ХАМАС разбурыла ілюзію стабільнасьці на Блізкім Усходзе і выклікала вайну, якая можа зьмяніць уплыў вялікіх дзяржаваў у рэгіёне і за яго межамі.

Як усё атрымаецца, будзе шмат у чым залежаць ад працягласьці і ходу вайны, у тым ліку ад таго, ці адкрые іншая радыкальная арганізацыя, якую падтрымлівае Іран — «Хэзбала», — другі фронт супраць Ізраілю на поўначы, пашыраючы канфлікт на Лібан і, магчыма, Сырыю.

Пра магчымае разьвіцьцё падзеяў у рэгіёне і яго ўплыў на сусьветную палітыку — у аналітыцы карэспандэнта Радыё Свабода ў Вашынгтоне Тода Прынса.

Выбух, у выніку якога загінулі сотні людзей у шпіталі ў Газе 17 кастрычніка, выклікаў узаемныя абвінавачаньні, узмацніўшы напружанасьць за некалькі гадзін да таго, як прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн прыбыў у Ізраіль зь візытам, які падвысіў стаўкі для Блізкага Ўсходу, Вашынгтону і ўсяго сьвету.

Новая вайна можа дапамагчы Крамлю, адцягнуўшы ўвагу ад бойні, якую ён учыняе ва Ўкраіне, абмежаваўшы вайсковыя рэсурсы ЗША і ўмацаваўшы антызаходнія наратывы Расеі, кажуць аналітыкі. Але пашырэньне канфлікту паміж Ізраілем і ХАМАСам можа стварыць Маскве праблемы і паставіць пад пагрозу яе ўплыў у рэгіёне.

Больш як за два дзесяцігодзьдзі знаходжаньня ва ўладзе расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін дамогся значных посьпехаў у аднаўленьні ўплыву, які Масква страціла сярод пераважна мусульманскіх краінаў Блізкага Ўсходу пасьля распаду СССР у 1991 годзе. Ён таксама ўсталяваў дружалюбныя сувязі з Ізраілем.

Перамовы прадстаўнікоў Мінабароны Расеі з іранскай вайсковай дэлегацыяй. Масква, жнівень 2023
Перамовы прадстаўнікоў Мінабароны Расеі з іранскай вайсковай дэлегацыяй. Масква, жнівень 2023

Але Ізраіль лічыць Сырыю і Іран сур’ёзнымі пагрозамі нацыянальнай бясьпецы, а Пуцін умацаваў сувязі Расеі з абедзьвюма гэтымі краінамі.

Ён павялічыў вайсковую прысутнасьць Расеі ў Сырыі, дзе Крэмль, «Хэзбала» і Іран падтрымліваюць прэзыдэнта Башара Асада ў яго 12-гадовай вайне супраць апазыцыйных груповак, некаторыя зь якіх падтрымліваюцца Злучанымі Штатамі. Ён таксама пашырыў вайсковыя сувязі з Іранам, буйным пастаўшчыком ударных бесьпілётнікаў, якія Расея выкарыстоўвае ў сваёй вайне супраць Украіны.

Цяпер у гэтым балянсе нешта можа зламацца.

«Сапраўдным выпрабаваньнем для адносін Расеі з Ізраілем стане тое, што робіць „Хэзбала“. Калі яны нападуць, Ізраіль нанясе моцны ўдар па „Хэзбале“, якая знаходзіцца ў той жа камандзе, што і Расея ў Сырыі. І я думаю, што мы ўбачым пагаршэньне адносінаў», — сказаў Радыё Свабода Марк Кац, прафэсар паліталёгіі Ўнівэрсытэту Джорджа Мэйсана ў Вірджыніі, які займаецца Расеяй і Блізкім Усходам.

Прыкметы напружаньня відавочныя пасьля ўварваньня ХАМАСу 7 кастрычніка, у выніку якога загінулі больш за 1400 ізраільцян, што зрабіла яго самым сьмертаносным нападам у гісторыі краіны. Пуціну спатрэбілася некалькі дзён, каб пракамэнтаваць гэта. І калі ён гэта зрабіў, то, у адрозьненьне ад шырокага асуджэньня ХАМАСу на Захадзе, ён абвінаваціў Злучаныя Штаты, што тыя не змаглі знайсьці дзьвюхдзяржаўнага рашэньня шматгадовага ізраільска-палестынскага канфлікту.

У сваім выступе Пуцін ня згадваў ХАМАС, кажучы толькі пра «падзеі» і «напружанасьць» — і ў праекце рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН, які Расея прадставіла 16 кастрычніка, таксама ня згадваўся ХАМАС і ягоны напад.

«Ізраільцяне вельмі крытычна ставяцца да ўсіх, хто не асуджае тое, што зрабіў ХАМАС», — заявіў Свабодзе Німрад Горан, прэзыдэнт Ізраільскага інстытуту рэгіянальнай зьнешняй палітыкі ў Ерусаліме і старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту Блізкага Ўсходу.

Уварваньне ХАМАСу і адказ Ізраілю выклікалі хвалю крытыкі на адрас Ізраілю з боку пракрамлёўскіх аналітыкаў і камэнтатараў на расейскім дзяржаўным тэлебачаньні. Але аналітыкі кажуць, што Расея, магчыма, асьцерагаецца занадта далёка адыходзіць ад Ізраілю ў бок яго ворагаў, уключаючы Іран.

Адносіны Расеі з Іранам «якасна зьмяніліся», заявіла 9 кастрычніка Радыё Свабода Хана Нотэ, бэрлінскі аналітык з Цэнтру дасьледаваньняў пытаньняў нераспаўсюджваньня імя Джэймза Марціна і экспэрт у расейскай палітыцы на Блізкім Усходзе:

«Але ўсё ж ня думаю, што Расея хоча пайсьці ва-банк з Іранам, што яна хоча разарваць свае адносіны з Ізраілем і зь дзяржавамі Пэрсыдзкай затокі».

Марк Галеоці, аналітык расейскай палітыкі, кажа, што «хоць паміж Расеяй і Іранам існуе шчыльнае ўзаемадзеяньне ў пытаньні падрыву санкцый, мы павінны памятаць, што, асабліва калі справа даходзіць да блізкаўсходняй палітыкі, Расея і Іран у лепшым выпадку — супернікі за панаваньне, у горшым — ворагі».

«Мы бачылі гэта і ў Сырыі», — сказаў Галеоці.

Вайна ў Сырыі

Сырыя — найбуйнейшы пляцдарм Масквы на Блізкім Усходзе. Вайскова-марскія і вайскова-паветраныя базы Расеі — адзіныя прыклады вайсковай прысутнасьці Расеі ў Міжземным моры і, такім чынам, маюць стратэгічнае значэньне, што дазваляе ёй праецыраваць моц за межы свайго непасрэднага рэгіёну.

Гэта прысутнасьць залежыць ад выжываньня ўраду Асада, якога таксама падтрымліваюць Іран і баевікі «Хэзбалы».

Паведамляецца, што ў 2022 годзе Расея перакінула больш за 1000 вайскоўцаў і сыстэмы супрацьпаветранай абароны з Сырыі на фронт вайны супраць Украіны, дзе расейскія сілы пацярпелі сурʼёзныя няўдачы за некалькі месяцаў пасьля таго, як Пуцін пачаў поўнамаштабнае ўварваньне.

Калі канфлікт паміж Ізраілем і ХАМАСам пашырыцца і прымусіць «Хэзбалу» перакінуць баевікоў з Сырыі ў Лібан, «гэта толькі ўскладніць працу Расеі ў Сырыі», сказаў Кац.

Ваеўнікі, якія падтрымліваюцца ЗША і Турэччынай і выступаюць супраць Асада, кантралююць поўнач краіны. У той жа час Расея ня хоча, каб Іран і ягоныя пратэжэ займелі ў Сырыі занадта вялікі ўплыў — як дзеля яе ўласных адносінаў зь Іранам, гэтак і празь нежаданьне раззлаваць Ізраіль.

Расея, якая кантралюе значную частку неба над Сырыяй, на працягу многіх гадоў дазваляла ізраільскім зьнішчальнікам бамбаваць пазыцыі «Хэзбалы». Ізраіль і Расея наладзілі абмен інфармацыяй паміж сваімі сіламі, якія дзейнічаюць у Сырыі і вакол яе, каб зьнізіць рызыку паветраных інцыдэнтаў.

У верасьні 2018 году ізраільскія самалёты разбамбілі абʼект у Сырыі, які, як сьцьвярджаў Ізраіль, выкарыстоўваўся для разьмяшчэньня іранскай вайсковай тэхнікі, якая магла быць перададзеная байцам «Хэзбалы» ў Лібане.

Ізраільскі ракетны ўдар па складах у сырыйскім порце Латакія, сьнежань 2021
Ізраільскі ракетны ўдар па складах у сырыйскім порце Латакія, сьнежань 2021

Сырыя адкрыла агонь па ізраільскіх самалётах, але трапіла ў расейскі вайсковы самалёт, забіўшы ўсіх 15 чалавек на борце. Расея абвінаваціла ізраільскіх вайскоўцаў у выкарыстаньні расейскага самалёта для ўхіленьня ад дзеяньня сырыйскай СПА.

Пасьля гэтага РФ і Ізраіль паглыбілі супрацоўніцтва ў паветранай прасторы Сырыі. Гэтае супрацоўніцтва, на думку аналітыкаў, было ключавым фактарам, які перашкаджаў Ізраілю пастаўляць зброю Ўкраіне.

«Існуе неабходнасьць, каб Ізраіль падтрымліваў каардынацыю з расейцамі, у асноўным з прычыны Сырыі. Нават рашэньне, прынятае Ізраілем аб тым, як адказаць на вайну ва Ўкраіне, у асноўным было прынята з улікам патэнцыйнага ўзьдзеяньня на пазыцыі Ізраілю ў Сырыі», — сказаў ізраільскі экспэрт Німрад Горан.

Гэта наўрад ці зьменіцца, дадаў ён.

Тым ня менш адносіны Расеі з Ізраілем сталі больш прахалоднымі пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня РФ ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.

Пуцін чакаў, што паставіць Украіну на калені за некалькі дзён ці тыдняў. Яго відавочная няздольнасьць прадбачыць доўгую вайну пакінула Расею непадрыхтаванай у ваенным пляне і, паколькі заходнія санкцыі перашкаджалі яе абарончай прамысловасьці, прымусіла Маскву зьвярнуцца да Ірану і Паўночнай Карэі па бесьпілётнікі і ракеты.

Узамен Расея паабяцала Ірану перадавыя ўзбраеньні, у тым ліку зьнішчальнікі. Злучаныя Штаты назвалі гэтыя адносіны «беспрэцэдэнтнымі» і «поўнамаштабным партнэрствам у галіне абароны», якое становіць пагрозу для суседзяў Ірану, у тым ліку для Ізраілю.

Тым ня менш Ізраіль адмовіўся далучыцца да санкцый ЗША і Эўразьвязу супраць Расеі або адправіць зброю ва Ўкраіну.

Галаваломка дапамогі Ўкраіне

У той час як вайна паміж Ізраілем і ХАМАСам можа расьцягнуць рэсурсы Расеі і сарваць яе гульню на Блізкім Усходзе, асабліва калі канфлікт пашырыцца, Пуцін можа спадзявацца, што выгады пераважаць страты.

На дадзены момант вайна дазволіла Расеі ўзмацніць антызаходнюю рыторыку, якая стала надзвычай прыкметным аспэктам яе зьнешняй палітыкі, паколькі Пуцін заляцаецца да краінаў сьвету, якія не зьяўляюцца саюзьнікамі Вашынгтона, і прадстаўляе ўварваньне ва Ўкраіну як вымушаную абарону супраць намаганьняў ЗША аслабіць або зьнішчыць Расею.

Ігнаруючы ўласныя напады на мірных жыхароў Украіны, якія выклікалі шырокія абвінавачаньні ў ваенных злачынствах, Расея ўхапілася за забойства цывільных жыхароў падчас ізраільскіх бамбаваньняў Газы, каб абвінаваціць Захад у падвойных стандартах, зьвяртаючыся да аўдыторыі на глябальным Поўдні і за яго межамі і імкнучыся аслабіць гнеў на яе дзеяньні ва Ўкраіне.

Многія аналітыкі кажуць, што лепшы шанец Пуціна дасягнуць чаго-небудзь, што можна назваць перамогай ва Ўкраіне, палягае ў тым, каб падтрымка Кіева Захадам зьнікла, каб спыніліся ці зьменшыліся пастаўкі зброі, неабходнай для барацьбы з Расеяй. Былі прыкметы аслабленьня падтрымкі перад нападам ХАМАСу, і гэта, магчыма, падагравала ў Крамлі надзеі, што Злучаныя Штаты будуць вымушаныя выбіраць, каму пастаўляць зброю — Украіне ці Ізраілю.

У Злучаных Штатаў не хапае некаторых боепрыпасаў, пасьля таго як зь лютага 2022 году яны аказалі Ўкраіне вайсковую дапамогу на суму больш за 45 мільярдаў даляраў. Але аналіз Марка Канчыяна з Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў, аналітычнага цэнтру ў Вашынгтоне, паказвае, што прынамсі ў кароткатэрміновай пэрспэктыве вялікіх праблемаў з гэтым ня будзе.

Па словах Канчыяна, са 100 відаў узбраеньняў і вайсковай амуніцыі, накіраваных ЗША ва Ўкраіну, не хапае толькі каля дзясятка. Акрамя таго, найбольш важныя зь іх — пускавыя ўстаноўкі высокамабільнай артылерыйскай ракетнай сыстэмы (HIMARS), гарматы і 155-мілімэтровыя снарады — не ўваходзяць у лік надзённых патрэбаў Ізраілю.

«Першапачатковы запыт — як цяпер паведамляецца — не супярэчыць патрэбам Украіны ці Тайваня», — напісаў Канчыяна.

«Тым ня менш зь цягам часу будуць узьнікаць кампрамісы, паколькі некаторыя ключавыя сыстэмы будуць перанакіраваныя ў Ізраіль. Некалькі сыстэмаў, неабходных Украіне для яе контранаступу, могуць быць недаступныя ў той колькасьці, якой хацела б Украіна».

На гэтым тыдні Байдэн заявіў, што ў Злучаных Штатаў ёсьць вайсковыя рэсурсы, каб падтрымаць і Ізраіль у ягонай вайне супраць ХАМАСу, і Ўкраіну.

«Мы можам паклапаціцца аб абедзьвюх і па-ранейшаму падтрымліваць нашу агульную міжнародную абарону», — сказаў Байдэн у інтэрвію тэлеканалу CBS 15 кастрычніка.

Праз два дні Белы дом пацьвердзіў, што ЗША накіравалі Ўкраіне ракеты далёкага радыюсу дзеяньня ATACMS, а прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што УСУ выкарысталі іх у атацы на расейскія аэрадромы ў акупаванай Запароскай вобласьці.

Улада і асабістыя адносіны

Тым часам уплыў Расеі на Блізкім Усходзе можа быць пастаўлены пад сумнеў узмацненьнем прысутнасьці ЗША: з разгортваньнем двух авіяносцаў вайна Ізраілю і ХАМАСу можа зьмяніць тэндэнцыю выхаду ЗША з рэгіёну пасьля вайны ў Іраку.

Расея і Кітай спрабуюць заняць пазыцыі на Блізкім Усходзе. Пры пасярэдніцтве Пэкіна было дасягнутае пагадненьне аб аднаўленьні дыпляматычных адносінаў паміж Іранам і Саудаўскай Арабіяй.

Злучаныя Штаты «могуць пацьвердзіць сваё лідэрства» ў рэгіёне, заявіў Франсуа Эйсбур, адмысловы дарадца францускага аналітычнага цэнтру Fondation Pour La Recherche Strategique. «Гэта можа ўмацаваць давер да ЗША ў Эўропе».

Біл Кортні, экспэрт у зьнешняй палітыцы Rand Corporation у Вашынгтоне, сказаў Радыё Свабода, што незразумела, наколькі доўга можа працягвацца такая сытуацыя, улічваючы прыярытэтную ўвагу, якую Злучаныя Штаты аддаюць Кітаю і Інда-Ціхаакіянскаму рэгіёну.

Яшчэ адзін фактар, які ўплывае на пэрспэктывы Расеі на Блізкім Усходзе, — гэта лёс ізраільскага прэмʼер-міністра Біньяміна Нэтаньягу, чый кантроль над уладай, хутчэй за ўсё, аслабне ў выніку нападу ХАМАС — значнага праліку ізраільскай улады ў пытаньні бясьпекі.

Да поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну аналітыкі казалі, што расейска-ізраільскія адносіны ўмацоўваліся асабістымі адносінамі паміж Пуціным і Нэтаньягу, які ўзначальваў Ізраіль на працягу большай часткі апошніх 14 гадоў і шмат разоў езьдзіў у Маскву, каб сустрэцца з Пуціным, часта для абмеркаваньня Сырыі і Ірану.

«Ён, верагодна, сыйдзе — неўзабаве ці празь некалькі месяцаў», — сказаў Кава Хасан, супрацоўнік праграмы Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі Цэнтру Стымсана, аналітычнага цэнтру ў Вашынгтоне.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG