Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зянон-Хоп” – сатыра ці правакацыя?


Севярын Квяткоўскі, Менск Ананімны тэкст “Зянон-Хоп”, б’е рэкорды папулярнасьці ў беларускім Інтэрнэце. Жарсныя дыскусіі вядуцца ў блогах і на форумах. Асноўныя пытаньні наведнікаў: тэкст ёсьць таленавітым ці графаманскім, палітычнай правакацыяй ці сатырычным жартам? Гэта зьдзек над самым вядомым зь беларускіх апазыцыйных палітыкаў – Зянонам Пазьняком, ці гэта піяр-акцыя на ягоную падтрымку?

Вот он, Всадник Апокалипсиса!

Реки, поля, леса,

Граница, вспаханная полоса

Коровьи копыта задом наперед,

Подземный ход, Буг вброд…

Пограничный кордон, ОМОН, смерти эскадрон

В пистолет заряжен отравленный патрон…

– Стой, кто идет!

– ЗЯНОН!”

Гэта самы бяскрыўдны ўрывак “Зянон-Гопу”. У тэксьце Зянон Пазьняк паўстае звышгероем, які вяртаецца з палітычнай эміграцыі, ачольвае народныя масы, і разам зь імі зьмятае афіцыйную ўладу і традыцыйную апазыцыю, і будуе незалежную дзяржаву ў межах Вялікага княства Літоўскага – “ад мора да мора”. Тэкст напісаны па-расейску з беларускамоўнымі ўстаўкамі, выкананы па правілах гіп-гопу, і перасыпаны нецэнзурнай лексыкай.

Зянон Пазьняк – стваральнік Беларускага Народнага Фронту, у 1996 эміграваў на Захад з прычыны пагрозы перасьледу з боку беларускіх уладаў. Сёньня з-за мяжы ачольвае Кансэрватыўна-Хрысьціянскую партыю БНФ.

“Мы ня будзем камэнтаваць гэтую фарматворчасьць. Таму што гэта ня наш узровень, ня наш стыль, ня наша лексыка, ня наш вобразны лад”, – заявіў прадстаўнік КХП-БНФ Валеры Буйвал.

Водгукі з сайту “Наша Ніва” карыстальніка за подпісам Дэрвіш: "Беларускае грамадзтва -- вайна ўсіх супраць усіх. Няма ніводнай не апляванай і не абсьмяянай публічнай фігуры. Прычым лукашыстаў чапаюць значна менш-- на варце іхнага не існуючага "гонару" стаіць суд".

Карыстальнік Лабановіч мяркуе: "Паэма проста шыкоўная! Першы раз чытаў са сьмехам і з захапленьнем, потым перачытваў больш сур''ёзна. ... Але чаму тады паэма напісана па-руску? Мо каб русыфікаваны электарат лепей успрыняў яе? ... Адчуваецца па паэме, што аўтар як мінімум прыхільнік Пазьняка, а можа і хто з КХП БНФ. Ну не можа якісь гэбіст ці проста “тутэйшы”, які ненавідзіць беларускія каштоўнасьці, так таленавіта пісаць пра Пазьняка".

Літаратуразнаўца Ганна Кісьліцына прызнаецца, што прачытала “Зянон-Хоп” толькі з трэцяй спробы, бо ёй замінала колькасьць ненармаванай лексыкі:

Кісьліцына: “Канешне, гэта не паэзія. Але я згодна з Анатолем Сідарэвічам, які гаворыць, што гэты твор ёсьць літаратурна-гістарычным помнікам. Мне здаецца, да жанру гіп-гопу, які пазначаны гэты верш, ён адпавядае цалкам. І ангельская ўстаўка, і мат, на які зараз наракаюць. Гэтая рэч зробленая цалкам у жанры, і ўжо таму яна можа лічыцца літаратурай. Галоўнае для літаратурнага твору, каб у яго былі рэальныя жывыя чытачы. І мы бачым лічбы. Толькі на сайце “Наша Ніва” чатыры тысячы”.

Ганна Кісьліцына лічыць, што вінаваціць аўтара ў абразе Зянона Пазьняка могуць адно людзі без пачуцьця гумару.

“Асабіста мне тэкст падаўся ані бяздарным, ані таленавітым. Проста, клясным жартам. Паколькі жарт быў сьмешным, значыць таленавітым”, – мяркуе Марыйка Мартысевіч, маладая перакладчыца, і вядомы ў беларускім сеціве блогер.

А вось што піша ў сваім інтэрнэт-дзёньніку публіцыст Аляксандар Фядута:

Фядута: “Нічога, акрамя пагарды, гэтыя вершыкі ў чалавека з густам выклікаць ня здольныя. Лічу, што гэта альбо гэбісцкая правакацыя, альбо праца звычайнага дурня. Але па вынікам сваім гэты рэп справакуе адток ад апазыцыі шмат каго з людзей, якія здольныя думаць і аналізаваць”.

Далей Марыйка Мартысевіч:

Мартысевіч: “Наконт “гэбісцкай правакацыі” – гэта абсалютны абсурд. ГэБэ вельмі добра папрацавала на свой імідж, і таму цяпер брэнд працуе сам на сябе. Вельмі часта людзі, калі ня могуць пэўныя рэчы вытлумачыць рацыянальна, прыпісваюць вышэйшым сілам. А “вышэйшая сіла” ў нашым грамадзтве адна – “крывавая гэбня”.

У сеціве можна сустрэць меркаваньні пра тое, што ананім ня толькі не зьдзекуецца зь Зянона Пазьняка, а наадварот – мадулюе сытуацыю, пра якія мараць тысячы людзей, пры якой беларускі народ ўздымаецца за вызваленьне:

– В каждой промзоне,

В каждом микрорайоне

Сформировано по колонне

Узнавших о Зяноне.

Комаровка, Чижовка, Автаз и Малина

Маршируют по проспекту Франциска Скорины”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG