Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жывуць старыя ў Доме ветэранаў <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Магілёўскі Дом вэтэранаў
Магілёўскі Дом вэтэранаў

Ад 1999 году ў Магілёве дзейнічае спэцыяльны дом для вэтэранаў, старых і інвалідаў. Цяпер тут жыве дзьвесьце сорак пяць чалавек.


Ад 1999 году ў Магілёве дзейнічае спэцыяльны дом для вэтэранаў, старых і інвалідаў. Цяпер тут жыве дзьвесьце сорак пяць чалавек. Дом месьціцца на скрыжаваньні Менскай шашы й вуліцы Бялыніцкага-Бірулі. Пра тое, як жывуць, пра што гавораць насельнікі Дома вэтэранаў, — рэпартаж нашага магілёўскага карэспандэнта:

У Доме вэтэранаў 221 кватэра, у якой жывуць 245 чалавек. Гэта ня толькі людзі сталага веку, але і інваліды-вазочнікі.

“Гэта звычайны жылы дом, звычайныя кватэры. Яны аплачваюць толькі камунальныя паслугі. З пэнсіі мы нічога не забіраем. Прапісаць мы таксама нікога ня можам. Застаюцца людзі тут, пакуль мы іх не праводзім у апошні шлях”, — зазначае дырэктар Дому вэтэранаў Сяргей Шаркоў.

Адна з жыхарак Дому вэтэранаў скардзіцца дырэктару Сяргею Шаркову

Спадар Шаркоў ахвотна паказвае сваю гаспадарку й заводзіць у адну з кватэраў. Тут больш за тры гады жывуць Марыя Іванаўна й Васіль Васільевіч. Яны з Краснапольшчыны. Жыцьцём у Доме вэтэранаў задаволеныя.

“Нам нічога ня трэба, грошыкі мы атрымліваем самі, гатуем самі. Тут жа ў нас крама, у ёй усё ёсьць. Калі нечага няма, мы на кірмаш зьезьдзім. У нас сёньня будзе канцэрт. Учора было два”, — кажа Марыя Іванаўна.

Марыя Іванаўна й Васіль Васільевіч задаволеныя жыцьцём у Доме вэтэранаў

Паводле яе слоў, цяпер вёска, зь якой яны зьехалі, абязьлюдзела, усё пазарастала, і нават дзікі зь лесу прыходзяць. Засялілі яе з мужам пасьля ліста Лукашэнку.

Сацыяльнаму работніку Дома вэтэранаў Алене Паўлаўне за дзень даводзіцца абысьці каля дзясятка кватэраў. Іх насельнікам нестае найперш чалавечых узаемінаў, кажа спадарыня Алена:

“У асноўным людзям патрабуецца чалавечая ўвага. Проста зайсьці й даведацца, як сёньня настрой, як адчуваньне, які ціск — гэта ўжо ўздымае чалавеку настрой на дзень. Даводзіцца быць у ролі дачкі, унучкі”.

Сацыяльны работнік Алена Паўлаўна: “Насельнікам Дома вэтэранаў не стае найперш чалавечых узаемінаў ”
Па сваіх дзецях старыя сумуюць найбольш:

“Няма дзяцей, няма й красы. Як усе разам былі, дык было й добра. Тут, сказаць так, і няблага, але як турма. Як у той турме, сядзі тут. Вунь вароты паўстаўлялі жалезныя. Вось і сядзі тут. Нас дачка сюды прывезла, я б сюды ніколі не паехала б”, — кажа спадарыня, чые дзеці паразьехаліся ня толькі па Беларусі, але й па замежжы.

Ёсьць у Доме вэтэранаў і незадаволеныя тутэйшым жыцьцём. Асабліва яны гэтага не хаваюць:

“Нам нічога не застаецца. У нас усё ляціць у космас. Усё плацім, як у мікрараёне ў кватэрах. А потым яшчэ дурату прыдумалі — капітальны рамонт і тэхнічнае абслугоўваньне. Нічога не прыватызуецца й не перапісваецца ні на кога. Нам наш начальнік так і сказаў: “Што вы хочаце, вы жывяце ў інтэрнаце”.

Зь нядаўняга часу ў Дом вэтэранаў пачалі засяляць інвалідаў-вазочнікаў. Адзін зь іх, Алег Юркоў, кажа, што жыць у Доме вэтэранаў інваліду-вазочніку пакуль няпроста:

“Я калі засяліўся, я ня мог заехаць ні ў ванну, ні ў прыбіральню, ні на балькон. Мне самаму давялося мяняць дзьверы. То бок я сябе неяк прыстасаваў. Аднак самае простае — выключальнікі: яны высока разьмешчаныя, для здаровых людзей, таму я дастаю да іх зь цяжкасьцю. У другіх інвалідаў такая ж праблема, то бок яны яшчэ сваю кватэру прыстасоўвалі пад сябе”.

Сяргей Шаркоў прызнае недахопы ў канструяваньні й будаўніцтве Дому вэтэранаў і абяцае зь цягам часу выправіць іх. Тым часам Алег Юркоў не разумее: чаму, калі будуецца нешта новае для інвалідаў, ня раяцца зь імі ж? “Так было б значна таньней праектаваць і будаваць жытло для інвалідаў”, — зазначае ён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG