Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарцы В. Абрамавай не пагаджаюцца зь яе паразай


Некаторыя выбарцы з Каліноўскай выбарчай акругі Менску абыходзяць дамы, каб спраўдзіць вынікі галасаваньня. Актывісты нязгодныя з афіцыйнымі вынікамі выбараў у Палату прадстаўнікоў, паводле якіх цяперашняя дэпутатка Вольга Абрамава, якую яны лічылі фаварыткай, пацярпела паразу.

Normal 0

Мой суразмоўца, які прасіў не называць яго імя, пацьвердзіў зьвесткі пра стварэньне гэтак званага “Камітэту ў абарону Вольгі Абрамавай”. Пры гэтым актывіст паведаміў, што камітэт пакуль ня надта шматлюдны:

“Нас пакуль няшмат, 3—4 чалавекі. Я ўваходзіў у ініцыятыўную групу Вольгі Міхайлаўны, наш дом практычна галасаваў за яе, і нас шакавалі афіцыйныя дадзеныя, што яна не перамагла. Нешта тут нячыста!”

Гаворка пра дом № 91 па праспэкце Незалежнасьці, які знаходзіцца на тэрыторыі Каліноўскай выбарчай акругі № 108. Паводле дадзеных Цэнтравыбаркаму, тут перамог вучоны сакратар Акадэміі Навук Мікалай Казак, а дэпутатка Вольга Абрамава прыйшла да фінішу выбараў другой, набраўшы 30% галасоў. Жыхары 91 дома грунтуюць свае сумненьні на тым, што Вольгу Абрамаву яны даўно і добра ведаюць, яна шмат каму дапамагала як дэпутат, а Мікалай Казак для іх — асоба цалкам новая. Як аргумэнт на карысьць Абрамавай шмат хто называе і тое, што ў былым парлямэнце яна адзіная галасавала супроць адмены закону аб скасаваньні льготаў для пэнсіянэраў, між тым як яе канкурэнта пэнсіянэры называюць “прадстаўніком улады”.

Паводле актывіста камітэту ў падтрымку Абрамавай, сама былая дэпутатка да гэтай дзейнасьці ня мае дачыненьня і нават угаворвала іх прызнаць афіцыйныя вынікі галасаваньня. “Але мы паспрабуем хаця б апытаць усіх жыхароў акругі, і тады на агульным сходзе жыхароў вырашым, як нам далей дзейнічаць”, — сказаў мой суразмоўца. Ніякіх скаргаў жыхары дома нікуды пакуль не пісалі.

Ці сапраўды 91 дом гэтак аднадушна падтрымлівае Вольгу Абрамаву? Маё кароткае апытаньне ў двары дома паказала, што ў былой дэпутаткі ёсьць як прыхільнікі, гэтак і тыя, хто яе не падтрымлівае.

Пэнсіянэрка з 3-га пад’езду: “Так, я за яе галасавала, і мая сям’я за яе галасавала. Яна нам спадабалася. Не, мне асабіста яна не дапамагла, бо я да яе не зьвярталася, у мяне ўсё ёсьць, але мы за яе галасавалі. Але, кажуць, яна не прайшла”.

Другая жыхарка дому, таксама пэнсіянэрка:

“Я ня ўдзельнічала ў выбарах, бо мяне не было ў горадзе, але я б за яе не галасавала. І я ня чула, каб жыхары дома гэтак усе былі за яе. Яна, дарэчы, калісьці тут жыла, вось у тым пад’езьдзе”.

Мая першая суразмоўца галасавала аб 11-ай гадзіне 28 верасьня і кажа, што паводле ліста, на якім было яе прозьвішча, была толькі трэцяй з тых, хто прагаласаваў. Жанчына перакананая, што на ранейшых выбарах яўка была значна большая.

Паводле неафіцыйных зьвестак, пра якія кажуць сябры камітэту падтрымкі Вольгі Абрамавай, у Каліноўскай акрузе яўка была адна з самых вялікіх у Менску. Між тым афіцыйныя зьвесткі гэтага не пацьвярджаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG