Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаў: «Мы разьлічвалі на перамовы з урадам»


Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў
Сёньня ў Партызанскім раённым судзе Менску пачаўся крымінальны працэс супраць былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, якога абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў у Менску 19 сьнежня мінулага году, і яшчэ чатырох удзельнікаў акцыі пратэсту супраць несумленных прэзыдэнцкіх выбараў — Ільлі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Ўладзімера Яроменка, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Саньнікаву пагражае да 15 гадоў зьняволеньня, астатнім — да 8.

За першы дзень працэсу адбыўся допыт усіх падсудных і разгляд некаторых пісьмовых матэрыялаў справы, у тым ліку пратаколаў агляду Плошчы пасьля разгону дэманстрантаў, якія зафіксавалі жалезныя пруты, бутэлькі з запальнай сумесьсю і іншыя падобныя рэчы, нібыта знойдзеныя на месцы падзей.

Андрэй Саньнікаў і Фёдар Мірзаянаў у судзе цалкам не прызналі сваёй віны, астатнія — прызналі часткова. Спадар Саньнікаў заявіў, што гэтая справа мае ярка акрэсьленую палітычную афарбоўку, але выказаў спадзеў, што суд будзе кіравацца законам.

Паказаньні Андрэя Саньнікава сталіся самай яркай падзеяй першага дня суду. Выступаючы, ён фактычна абараняў не сваю фізычную свабоду, а свае палітычныя перакананьні. Спадар Саньнікаў рашуча адрынуў міфічныя абвінавачваньні пра падпалы і пагромы 19 сьнежня, пра ледарубы і каністры з запальнай сумесьсю. Ён прызнаў, што заклікаў людзей на акцыю 19 сьнежня, але на акцыю мірную, з мэтай прымусіць улады правесьці сумленныя выбары, з мэтай паказаць, як шмат людзей хоча пераменаў.


Саньнікаў паведаміў, што ён, як і іншыя апазыцыйныя кандыдаты, спадзяваўся на перамовы з урадам, за гэта галасавалі і ўдзельнікі мітынгу на Кастрычніцкай плошчы, таму людзі і прыйшлі на Плошчу незалежнасьці:

«Я разьлічваў, што ва ўрадзе знойдуцца сьмелыя людзі, якія прызнаюць крызісную сытуацыю ў краіне і паспрабуюць яе ўрэгуляваць. Такіх не знайшлося», — сказаў у судзе спадар Саньнікаў.

Андрэй Саньнікаў таксама даводзіў суду, што ён і іншыя спрабавалі спыніць правакацыйныя дзеяньні невядомых, якія білі шыбы ў Доме ўраду, распавёў пра неабгрунтавана жорсткі разгон дэманстрантаў, у часе якога ён сам быў моцна зьбіты.

Іншыя падсудныя сёньня заявілі ў судзе, што частка паказаньняў на папярэднім сьледзтве была атрыманая ад іх пад моцным псыхалягічным ціскам.
Іншыя падсудныя сёньня заявілі ў судзе, што частка паказаньняў на папярэднім сьледзтве была атрыманая ад іх пад моцным псыхалягічным ціскам, іх запалохвалі, не дапускалі адвакатаў, змушалі даць паказаньні на кандыдатаў у прэзыдэнты, нібыта тыя ім плацілі за ўдзел у мітынгу. Але ад такіх зьдзелак са сьледзтвам маладыя ўдзельнікі акцыі пратэсту адмаўляліся, таму і трапілі сёньня на лаву падсудных.

Маці Андрэя Саньнікава Ала Ўладзіміраўна сачыла за працэсам цэлы дзень. Яна кажа, што яе сын выступаў не як падсудны, а як палітык:

«Трымаецца дастойна, не паддаецца гэтаму. Толькі што пахудзеў, пабляднеў… Чаго можна чакаць?».

У справядлівасьць суду Ала Саньнікава ня верыць:

«Зараз паслухала гэтае трызьненьне з пратаколаў агляду Плошчы… Гэта колькі вагонаў туды трэба было прыгнаць на Плошчу, каб раскідаць тое, што ён зачытаў. І ўсё прыпісваецца, што гэта ўсё арганізавалі экс-кандыдаты…».

Цесьць Андрэя Саньнікава Ўладзімер Халіп кажа, што ад пачатку працэсу судзьдзя імкнулася стварыць уражаньне аб’ектыўнасьці, але чытаньне дакумэнтаў па справе сапсавала гэтае ўражаньне:

Гэтыя людзі, якія стваралі правакацыю, яны не пачыталі нават прымітыўныя дапаможнікі, што такое кактэйль Молатава.
«Там пералівачюцца нейкія бутэлькі з-пад гарэлкі, нейкія бутэлькі з-пад „Банаквы“ з кавалачкам тканіны… Гэтыя людзі, якія стваралі правакацыю, яны не пачыталі нават прымітыўныя дапаможнікі, што такое кактэйль Молатава. І гэтае сьмецьце прыпісваюць апазыцыі. Тут адразу вылезьлі рогі заказчыка. І адразу бачна, што хочуць зрабіць з гэтых людзей. Зь іх хочуць зрабіць тэрарыстаў».

Уладзімер Халіп кажа, што суд не зьвяртае ўвагі на тое, супраць чаго пратэставалі людзі, — супраць таго, што ў іх нахабным чынам скралі галасы на выбарах.

Праваабаронца з Цэнтру прававой трансфармацыі Аляксей Казьлюк зьвяртае ўвагу на новыя факты, якія былі агучаныя ў судзе:

«Тыя факты, пра якія казалі падсудныя, аб ціску на іх на працягу папярэдняга сьледзтва, вельмі важныя, і суд павінен узяць іх да ўвагі. Гэта сапраўды вельмі сур’ёзныя парушэньні. І тыя паказаньні, якія людзі даюць за кратамі, павінны ставіцца пад сумнеў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG