Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь павінна заплаціць за газ больш, чым разьлічвала


"Газпром" заяўляе, што сярэдняя гадавая цана газу для Беларусі будзе 187 даляраў. Беларусь жа па-ранейшаму плаціць па цане 150 даляраў, якая ніжэйшая за кантрактную.


Набываць кантрольны пакет акцый "Белтрансгазу", які мае запазычанасьць за пастаўкі газу, эканамічна немэтазгодна. Пра гэта заявіў журналістам віцэ-прэм'ер Расеі Ігар Сечын, паведамляюць РІА "Новости".

Ён падкрэсьліў, што пагашэньне запазычанасьці Беларусі за расейскі газ павінна вырашацца ў прававым полі. А ці набываць кантроль над "Белтрансгазам" у кошт запазычанасьці - гэта справа "Газпрому".

Паводле расейскага боку, запазычанасьць "Белтрансгазу" за расейскі газ на 1 траўня складала 192 млн. даляраў, а да канца 2010 года яна можа дасягнуць 1,5 млрд. даляраў, калі Беларусь па-ранейшаму будзе плаціць па цане 150 даляраў за 1 тыс. кубамэтраў газу.

"Газпром" заяўляе, што ў 1-м квартале цана газу для Беларусі склала па кантракце 169 даляраў, у другім квартале - 184,8 даляраў, сярэдняя чаканая цана па годзе - 187 даляраў. Беларусь жа па-ранейшаму плаціць па цане 150 даляраў, якая ніжэйшая за кантрактную.

У канцы сакавіка намесьнік кіраўніка "Газпрому" Андрэй Круглоў называў іншую лічбу. Паводле яго, сярэдняя гадавая цана газу для Беларусі ў 2010 годзе складзе 171,5 даляраў за тысячу кубамэтраў з улікам паніжальнага каэфіцыенту 0,9 -- нагадвае БелаПАН.

"Белтрансгаз" вырашыў аплачваць пастаўкі не па кантрактнай цане, а па ўстаноўленай ім самім у аднабаковым парадку », - заяўляе афіцыйны прадстаўнік “Газпрому" Сяргей Купрыянаў.

ААТ "Газпром" ужо пагражаў Беларусі абмежаваць пастаўкі газу, калі яна ня верне доўг расейскаму канцэрну. Такая сытуацыя ў адносінах паміж "Газпромам" і "Белтрансгазам" склалася ў 2009 годзе. Тады Менск плаціў за пастаўкі паліва не ўстаноўленыя кантрактам 210 даляраў за тысячу кубамэтраў, а 150 даляраў. Да сярэдзіны 2009 году доўг Беларусі дасягнуў 244 мільёнаў долараў. Нягледзячы на пагрозы "Газпрому" зьвярнуцца ў суд або абмежаваць пастаўкі, "Белтрансгаз" выплаціў доўг толькі ў канцы года.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG