Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талачынскія цыганы зьбіраюцца абіваць парогі ў Лукашэнкі


Днямі талочынцы іншымі вачыма паглядзелі на Цыганскую Народную Рэспубліку, як міжсобку называюць сваю слабаду, што месьціцца паабапал чыгункі, 600 тутэйшых аселых цыганоў.

Сябра цэнтральнай рады ўсебеларускага грамадзкага аб’яднаньня «Цыганская дыяспара», 61-гадовая спадарыня Тамара Іванова абвясьціла, што падрыхтаваны зварот і зьбіраюцца хадакі на прыём да Лукашэнкі. Прычынамі названыя гаротнае эканамічнае становішча, немагчымасьць абараніць свае правы ды ігнараваньне дзяржавай самога існаваньня цыганскай дыяспары. Дарэчы, спадарыню Тамару за аўтарытэт ды пісьменнасьць тут называюць за вочы баранэсай.

Іванова: «Яны пра мяне кажуць — „у нас ёсьць свой прэзыдэнт, паедзе да нашага цыганскага Лукашэнкі і будзе ўсе пытаньні рашаць…“ (Сьмех.) Трэба, каб улады ня ставіліся да нас як да нікога. Права голасу маем толькі на выбарах? Тады бяжыце проста ў хату, каб галасавалі. А калі ня трэба, пачынаеце зьневажаць — „вы ніколі не працавалі“. А колькі жывёлы паздавалі на раённую бойню! І апраналі вашых людзей. Спаткай, начальнік ГЦТ, заходзіць да мяне, прайшоў па падлозе — хістаецца. Сеў на канапу — о, у вас якая! А лядоўня і дзьверы ў крэдыт не аплочаныя. Дык зайдзіце туды, дзе ў бараках жывуць! Канапа яго зьдзівіла — дык нам у табар ісьці, каб сказалі, што так жывуць?! І тэлевізар яшчэ глядзіце?! Кажу, паеду да Лукашэнкі і вас з працы паскідаю! Хай Лукашэнка патлумачыць, якія ў нас правы! Нідзе не разумеюць і не паважаюць гэтую нацыянальнасьць, таму трэба дзейнічаць — паедзем да Лукашэнкі!»

Тое, што цыганы пачуваюць сябе людзьмі «другога гатунку», на слабадзе скажа кожны. У адну з вандровак у Талачын спыніў на вуліцы 47-гадовага танклявага Валодзю і пагрозьлівага выгляду Яўгена.

Спадары: «Большая палова працуе, але ўсё роўна ня тое — цыган, значыць, вінаваты ўсё роўна. Прыходзіш, морду вернуць — маўляў, рабуюць, забіваюць. А па статыстыцы паглядзіце — хто больш сядзіць, рускія альбо цыганы?!»

Акурат за дзень да майго прыезду нехта нібы наўмысна падліў алею ў агонь — на дзьвярах гарадзкой бібліятэкі былі вывешаныя сьпісы непаўналетніх, хто меў прыводы ў міліцыю. Большасьць зь іх аказалася цыганятамі. Аўтара «акцыі» знайсьці не ўдалося. Я ж пабываў у кабінэтах мэтадыста раённага бібліятэчнага ўпраўленьня спадарыні Паляковай ды старшыні талачынскай рады БРСМ Марыі Канюшкі, якія самі былі ў разгубленасьці:

Палякова: «Сьпісы мы бярэм у інспэкцыі па справах непаўналетніх, каб ведаць, хто наведвае бібліятэку, хто не. Але навошта яны іх вывесілі, незразумела…»

Какошка: «Добра, мы сьпіс пакладзем у папку для індывідуальнай працы і прыбяром…»

Тамара Іванова кажа, што ранейшых магчымасьцяў для дабрачыннай дзейнасьці ня стала:

Іванова: «Швэйцарыя давала дапамогу — дапамагалі старым, выдзялялі ежу, паліва, дабудоўвалі. Цяпер скончылася ўсё, спонсараў няма. А ня хоча ніхто займацца — пісьменных мала…»

Як жа ставяцца да цыганоў у дзяржаўных «канторах», адчула на сябе і сама:

Іванова: «Печка развалілася, на рамонт трэба 3 мільёны. Ведаеце, што кажуць? У вас дачка прапісаная зь дзіцём, і сын — не жыве ў мяне, свая сям’я, — і хай вам дапамагаюць. Адмовілі ў ільготным крэдыце. Вось і вырашыла зьезьдзіць на прыём да Лукашэнкі…»

Разам са спадарыняй Тамарай ідзем да шматдзетнага сямейства Янкоўскіх. 57-гадовая Тамара выхоўвае 5 дзяцей — двух сваіх і трох дзяўчат, узятых у апеку. Сядаем пагутарыць у пакоі з аблезлымі шпалерамі. У гаспадыні змораны твар…

Карэспандэнт: «Калі я па-беларуску буду гаварыць, вы разумееце?»

Янкоўская: «Разумею! (Сьмяецца.) Дом у мяне аварыйны быў з 2000 году, разбурыўся. Хадзіла-прасіла жыльля, нічога я не дабілася. Далі гэты аварыйны барак, і трэцюю дзяўчынку ўзяла…»

Іванова: «Дзяцей яна забрала ў пялюшках. Колькі ім было? Два месяцы!»

Янкоўская: «Ой, апякунства не магла дабіцца!»

Іванова: «Дзецям па 7–9 год было — 5 год, як толькі яна атрымлівае апякунскія. Я хадзіла да Марэйкі, тагачаснага кіраўніка вэртыкалі, ён сказаў — „Ня нада апекі“. Сказала, што калі нам ня зробяць, даб’ёмся празь Менск. І аформілі ёй апякунства на дваіх дзетачак…»

Янкоўская: «Адной ужо 15 год, другой 12. На кожную па 900 рублёў было, а пэнсія 370 — цыганскія „плечавыя“. (Сьмяецца.) Я прадавала тавар на кірмашы. Спачатку дапамаглі „зямляначку“ купіць — ад печкі згарэла, і дакумэнты разам. І калі афармляла пэнсію, мне не зрабілі з-за гэтага…»

Карэспандэнт: «Чаго ў гэтым бараку няма?»

Янкоўская: «Зімавала я бяз рам — падвойныя не паставілі, сякераю адсякалі лёд. Вунь падлога шавеліцца, прыбіральня на вуліцы, вады няма. І фундамэнт — трэшчыны. Дах трэба рабіць — адмаўляюцца, а зьверху развальваецца. Улады кажуць ЖКГ рамонт рабіць. А што яны — толькі паклеяць-пафарбуюць? Зіму хадзіла — абяцалі на кватэру ільготны крэдыт, казалі: чаго ходзіш, дом жа будуецца на Леніна? Заходжу да Касматуліна з ЖКГ папытацца, ці ўпісаная я ў чаргу — не, не стаіце! Выскоквае з 28 кабінэта Зялёнкіна — „Я зараз міліцыю выклічу!“ Ну, і напісалі адмову — „як пэнсіянэрка вы ня ў сілах узяць крэдыт, ня маеце права на каапэратыўнае жыльлё“. Кажу: а мне мусяць даць ільготную кватэру? Мусяць. Я да вас ня буду хадзіць — паеду ў Менск…»

Карэспандэнт: «Вы думаеце, Лукашэнка дапаможа? Сёньня вы павінны былі быць на прыёме ў Гарнака, старшыні вэртыкалі, але яго на месцы не аказалася…»

Іванова: «Я была ў яго, ён сказаў, што ня трэба ехаць — скаргі прыйдуць назад на раён, мы паспрабуем вам дапамагчы. Але як — дагэтуль ня ясна…»

Падзяліўся сваімі праблемамі і сын Тамары — 24-гадовы Януш.

Януш: «Я падрабляю — працаваў у Круглым у ПМК-266 рознарабочым. А ўлетку ягады, лом. Суніцы — 10 літраў 160 тысяч, маліны — усё ідзе ў ход. Хачу жаніцца — дзяўчына ёсьць. І дзіцё есьць, але жыць тут немагчыма — ня ведаю, далей як жыць. Што там плацяць — паўтара мільёна падсобнікам. І не бяруць — „цыганы, ня будзеце працаваць“. А пайсьці на масласырзавод — няма адукацыі. Хадзіў у цэнтар занятасьці — хачу ехаць вучыцца на тынкоўшчыка — дайце магчымасьць! Не, у цябе 5 клясаў адукацыі. Гады тры я хадзіў да іх…»

* * *
Табары цыган на Талачыншчыне пачалі зьяўляцца, кажуць, з 19 стагодзьдзя. Асяляцца ж пачалі пасьля Другой усясьветнай. Спадарыня Тамара Іванова — нашчадак адной зь першых аселых сем’яў. Захавальніца памяці.

Іванова: «Бацькі качавалі да вайны табарам. І 30 кібітак езьдзіла. А пад Менскам паставілі пад аўтаматы — зьнішчалі, як габрэяў. Прыехаў чорны афіцэр з румын — адпусьціць. Так яны ўратаваліся. Яны пераехалі ў Менск, пасяліліся ў бараках і ня сталі качаваць, 4 гады пражылі пад акупацыяй. Бацьку прынялі на працу на электрастанцыю немцы. У 44-м забралі на фронт, дайшоў да Кёнігсбэргу, быў паранены. Вярнуўся ў Менск, а родныя ізноў паехалі качаваць. А пасьля прыехаў брат сюды… З 47 году сюды перасяліліся мае бацькі — кухарам мой стрыечны брат, перавёз сям’ю, скончыў школу, інстытут, быў начальнікам ОРСа, партыйны. Пасьля прыехалі магілёўскія — Казлоўскія, Пасевічы ў 56-м годзе. А потым усе сталі засяляцца. Не хацелі ў раёне прапісваць цыганоў, а стрыечны дзядзька быў капітан у адстаўцы, працаваў у ваенкамаце. Сувязі, знаёмствы — усіх прапісаў…»

Карэспандэнт: «Табарамі ўжо не жывуць?»

Іванова: «Табар — гэта калі ў лесе жывуць. Па Беларусі ў нас няма, усе жывуць стала. У нас тут толькі беларускія цыганы…»

Прачуўшы пра мой прыезд, запрасіў да сябе спадар Антон Каткоўскі, які ў слабадзе жыве 30 год — дарэчы, брат вядомай сьпявачкі Ядвігі Паплаўскай.

Карэспандэнт: «А як вы сярод цыганоў апынуліся?»

Каткоўскі: «За кампанію! Быў у мяне сябар, служылі разам. А ён талочынскі, жонка працавала ў школе-васьмігодцы цыганскай, станцыя побач. Скончыў сельгасакадэмію, і драпануць трэба было ад разьмеркаваньня. Як цыганы 30 год таму жылі і як зараз — ноч і дзень. Тут тады быў барон і два салідныя цыганы. Дысцыпліна была магутная. Калі ўбачыць юнца за бутэлькай піва, доўга не размаўляў — пугу і церазь сьпіну. Рабілі ад і да — во гэты палетак быў увесь у конях ды каровах. Зь вясны ў іх плуг, сена, каровы, быкі, цёлкі, хлеб мяхамі, зерне плюс самагон. І яны жылі — кашалькі, набітыя грашыма. Крадзеж часам быў, але заўважыў — іду да барона, той выклікае — „ідзі, хлопец, ня ўмееш красьці“, ізноў пуга. Зараз рэзка ўсё перамянілася — яны пераселі на жалезных коней. Скаціну толькі Міша трымае і коней. А ў асноўным таксуюць, зьбіраюць лом і кашалькоў такіх ня маюць…»

Карэспандэнт: «А нарката?»

Каткоўскі: «Мы гэтага не заўважалі. А дзе ў Талачыне грошы? Хто тут возьме тую наркату? А ўвогуле, раней было прасьцей — сачылі за імі старыя, а цяпер хто як і чым — самакіраваньня няма…»

Ізноў да размовы зь некаранаванай талачынскай баранэсай — спадарыняй Тамарай Івановай.

Іванова: «Далёка ня трэба хадзіць — атрымліваем па старасьці пэнсію 370 тысяч. Мы не патрабавалі яе і не прасілі — ну, дзякуй я на зьезьдзе цыганскім сказала, там жа з МУС, Міністэрства сацыяльнай абароны былі. Але калі прыходзіш у сабес — во, вы ніколі не працавалі, ходзіце патрабаваць. А я кажу — мы ж не без закону ідзем, вы ж не са сваёй кішэні вымаеце, не давалі б, каб не было закону. Я вырасьціла сама чацьвёра дзяцей і ні ў кога нічога не прасіла. А цяпер цыганскі хлеб скончыўся — мы ж тады гандлявалі, жывёлу трымалі. А што пра дзяцей гаварыць? Сын у Барысаве на заводзе машыны робіць, другі па будоўлях езьдзіць, дзяўчына гандлюе. У жніўні будзе нам адрасная дзяржаўная дапамога — ідзе паўгода, а 200 тысяч, ня больш…»

Карэспандэнт: «5 год таму я быў у цыганскай школе. Цяпер школу закрылі — гэта таксама праява нераўнапраўя?»

Іванова: «З гарадзкой школы адправілі ў сельскую ў Азерцы. Мы вучыліся зь беларускімі дзецьмі. А цяпер адны цыганы. Навошта разьядналі, калі моладзь адна на аднаго і так агрэсіўна настроеная? Яны такія ж грамадзяне краіны, трэба, каб яны разумелі мову. І гэта мы будзем падымаць у Менску…»

Пытаюся ў суразмоўніцы, ці зьвярталася яна калі па дапамогу да дэпутатаў.
Вы ведаеце, я не выбірала гэтых дэпутатаў, таму што ніякай ролі ня граюць. Я заўжды за Лукашэнку галасую

Іванова: «Вы ведаеце, я не выбірала гэтых дэпутатаў, таму што ніякай ролі ня граюць. Калі сам старшыня выканкаму нічым ня можа дапамагчы. Я заўжды за Лукашэнку галасую…»

Карэспандэнт: «Дык на парлямэнцкія выбары ня пойдзеце галасаваць?»

Іванова: «А навошта за іх галасаваць? Усё роўна ж талковага нічога не дадуць. Ну, выклічуць — пойдзем прагаласуем, ад нас жа нічога не залежыць. Ну колькі ў Менску 19-га супраць ішло? Усё роўна ўсіх закрылі — ой…»

У размове па-за мікрафонам спадарыня Тамара ня ўтойвала, што галоўная, хоць і мройная надзея на дапамогу Лукашэнкі — тое, што цыганы лічаць яго супляменьнікам. У часе нядаўняй вандроўкі ў Барысаў тамтэйшая баранэса Ірына сказала мне адкрытым тэкстам:

Ірына: «Ну і што, што ён цыган?»

Карэспандэнт: «А вы што — за цыгана яго маеце?!»

Ірына: «Так! Як бы ні куляўся, ні адмаўляўся, наша прырода даказвае, што ён цыган. Гэта ваша нацыя ня корпаецца ў 12–15 каленах. А ў нас старыя сказалі, што ён цыганскі нашчадак, хоць вырас бяз таты…»

Яшчэ адзін погляд збоку. Раней я сустракаўся з экс-дырэктарам былой 3-й сярэдняй школы, дзе вучыліся цыганскія дзеці, спадарыняй Ірынай Макунінай. За 9 год шчыльных стасункаў яна добра вывучыла цыганскія норавы.

Карэспандэнт: «А цыганы наагул могуць быць падуладныя дзяржаве? Які адсотак такіх у Талачыне?»

Макуніна: «На жаль, малы нават сярод бацькоў, дзеці якіх ходзяць у школу — 15–20%. Як прыходзяць дзеці ў першую клясу, па іх паводзінах бачна: тое, што дрэнна ляжыць, ляжаць ня будзе…» (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: «А тое, што калі злачынства, у якім бралі ўдзел цыганы, дык „Наша Талачыншчына“ абавязкова падкрэсьліць, што „з нарабаваным быў злоўлены цыган“ — правільная палітыка?»

Макуніна: «Я лічу, што не. Ёсьць розныя людзі, і Беларусь — іхная Радзіма таксама, яны падкрэсьліваюць, што „мы — беларускія цыганы“, вывучаюць і беларускую мову, беларускае літаратурнае чытаньне, і Каляды, масьленіцу сустракаем. Так што жыве цыганская Беларусь…»

Пры канцы размовы спадарыня Тамара Іванова ўдарылася ў рамантычныя ўспаміны.

Іванова: «Я вельмі люблю коней — відаць, па бацьку ўдалася. Я б купіла добрых, кібітку, і ня тое што качавала — паезьдзіла б па сьвеце. Значыць, карані не адыходзяць! (Сьмяецца.) У нас жа многа нацыянальнасьцяў — ёсьць мусульмане, крымскія татары, палякі — католікі, мы, беларусы праваслаўныя — языкі ў нас розныя. Але звычаі аднолькавыя і нікуды не сыходзяць. Дзеці мову не забываюць — нам ад Бога дадзена дзьве мовы…»

Карэспандэнт: «А як пры гэтым усім выжывае цыганская мова?»

Іванова: «Дзе б мы ні жылі, не інтэгруемся ў грамадзтва. Мала выходзяць за беларусаў, рускіх — бяруць сваіх, таму мова, звычаі перадаюцца. Бацькоў трэба даглядаць — дзеці ніколі не здадуць маці ці бацьку некуды, а дагледзяць, гэта ў крыві. Так і павінна быць…»

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG