Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусі не ўдаецца замацавацца на новых замежных рынках?


Лукашэнку сустракаюць у сталіцы Інданэзіі
Лукашэнку сустракаюць у сталіцы Інданэзіі

Аляксандар Лукашэнка ладзіць візыт у Інданэзію і Сынгапур. Чаму не павялічваецца беларускі гандаль з краінамі «трэцяга сьвету»? Ці можна чакаць прарываў у эканамічных адносінах з Інданэзіяй і Сынгапурам? Як уплываюць на гаспадарчыя дачыненьні візыты прэзыдэнта?

Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман.

Чаму не павялічваецца беларускі гандаль з краінамі «трэцяга сьвету»?
Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч: «Доўгі час структура беларускага замежнага гандлю не мяняецца. Асноўныя замежныя партнэры — Расея і краіны ЭЗ. Доля краін трэцяга сьвету, без уліку постсавецкіх краін і Кітаю, — каля 9%. Хоць кіраўнік дзяржавы ўвесь час настойвае, каб урад шукаў новыя рынкі, аднак атрымоўваецца ня вельмі. Вось на паседжаньні ўраду 1 сакавіка Лукашэнка так пракамэнтаваў гэтыя намаганьні: „Я ўжо стаміўся гаварыць пра неабходнасьць пашырэньня рынкаў збыту беларускай прадукцыі. Вашы дзеяньні ў гэтым кірунку падобныя да імітацыі бурнай працы… Здаецца, пра ўсё дамовіліся з Кубай, Вэнэсуэлай, Эквадорам, Балівіяй і іншымі дзяржавамі. А ў сухім астатку — адны пераносы тэрмінаў выкананьня маіх даручэньняў… Далі справаздачу аб пастаўках на 15 новых рынкаў, але што толку — 0,1% агульнага экспарту. Вось ужо выйшлі на 15 рынкаў! Аднак спынілі пастаўкі ў 11 краін“. Дык чаму беларускай прадукцыі не ўдаецца выйсьці на новыя рынкі?»

Аляксандар Класкоўскі: «Курс на тое, каб эканамічна замацавацца ў краінах „трэцяга сьвету“, — змушаны. Пасьля таго як пасварыліся з Захадам, МЗС прыдумаў канцэпцыю „вялікай дугі“ ў замежнай палітыцы Беларусі. І цяпер адбываецца такая спарадычная, імпульсіўная рэалізацыя гэтай канцэпцыі. Загана ў тым, што тут дамінуе не эканамічны разьлік, а прынцып, некалі сфармуляваны Лукашэнкам: мы ідзем туды, дзе нас прымаюць. А гэта цягне за сабой шэраг нэгатыўных чыньнікаў.

Напрыклад, Вэнэсуэла нас прымае. Але перашкода — геаграфічная аддаленасьць. Вазіць танкерамі нафту праз палову зямнога шару нявыгадна.

Другі момант. Шэраг краін, якія гатовыя з намі супрацоўнічаць (Куба, Вэнэсуэла, Эквадор — іх пералічваў Лукашэнка), — бедныя. Куба можа ўзяць МАЗы, трактары, але няма чым плаціць. Хіба што ў крэдыт. А гэта схема эканамічных дачыненьняў, якія практыкаваў СССР. Савецкі Саюз пастаўляў прадукцыю ў краіны „трэцяга сьвету“, а ўзамен атрымліваў у лепшым выпадку гнілаватыя бананы, а ў горшым — даўгі даводзілася сьпісваць.

Зьвернем увагу на палітычную спэцыфіку краін, зь якімі сябруе Беларусь. Напрыклад, Вэнэсуэла зь яе „баліварыянскім сацыялізмам“ — гэта бюракратыя, безгаспадарчасьць, карупцыя. То бок усё тое, што нам да болю вядома.

Затым, Беларусь часта сябруе зь дзяржавамі-„ізгоямі“, адносна якіх існуюць міжнародныя санкцыі. Прыклад — Іран. З прычыны санкцыяў ляснуўся беларуска-іранскі праект па вытворчасьці аўтамабіляў „Саманд“. Бо краіна пад санкцыямі ня можа прапанаваць сучаснай інавацыйнай прадукцыі.

Наступная праблема — невысокая канкурэнтаздольнасьць беларускай прадукцыі на міжнародных рынках. Напрыклад, цяжка канкурыраваць з кітайцамі. У выніку шмат піяраўскага шуму ад візытаў Лукашэнкі, а аддача невялікая. І таму ў сэнсе эканамічнай экспансіі Беларусі ў краіны „трэцяга сьвету“ краіна ў лепшым выпадку топчацца на месцы».

Яўген Прэйгерман: «Адна справа — палітычнае супрацоўніцтва Беларусі з краінамі „трэцяга сьвету“, напрыклад, у Руху недалучэньня, нейкія антызаходнія, антыамэрыканскія заявы.

Іншая справа — эканоміка. У Беларусі тут няма вялікіх посьпехаў таму, што наша прадукцыя неканкурэнтаздольная. Добра прадаюцца калійныя ўгнаеньні ў Кітаі, Індыі, Бразыліі, той жа Інданэзіі. Пра іншую прадукцыю казаць цяжэй».


Пэрспэктывы дачыненьняў з Інданэзіяй і Сынгапурам


Карбалевіч: «Спадар Класкоўскі, вы сказалі: адна з праблемаў эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з краінамі „трэцяга сьвету“ палягае ў тым, што яна сябруе альбо з ідэалягічна блізкімі рэжымамі, у якіх шмат сацыялізму, вялікая роля дзяржавы ў эканоміцы (Вэнэсуэла), альбо зь дзяржавамі-„ізгоямі“ (Іран). Але падаецца, што тыя краіны, у якія цяпер паехаў Лукашэнка, — зь іншага шэрагу. Напрыклад, Сынгапур — адна з самых свабодных краін у сьвеце з гледзішча бізнэс-клімату. Чаго можна чакаць ад візыту Лукашэнкі ў Інданэзію і Сынгапур?»

Класкоўскі: «Сынгапур — краіна, якая ня ёсьць узорам дэмакратыі. Калі ж ацэньваць з гледзішча ўзроўню тэхналёгій, то мы з гэтай дзяржавай проста ў розных эпохах. У мяне ёсьць засьцярога, што, вярнуўшыся адтуль, Лукашэнка зробіць толькі адну выснову: можна ажыцьцявіць эканамічную мадэрнізацыю і пры гэтым трымаць усіх у жалезным кулаку.

Інданэзія — іншая краіна. Валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва там меншы, чым у Беларусі. Пэўныя беларускія тавары туды пойдуць. Вось беларускія прадстаўнікі ўжо прапанавалі масла, сухое малако. Хоць цяжка будзе вытрымаць канкурэнцыю па гэтых таварах з Аўстраліяй, Новай Зэляндыяй. Хіба што гнаць па заніжаных коштах, як гэта робіцца ў гандлі з Расеяй. Але тады ўзьнікае пытаньне, які сэнс у такой камэрцыі.

Туды пастаўляюцца калійныя ўгнаеньні. Але ўсясьветная каньюнктура на гэты тавар цяпер нявыгадная. Туды могуць пайсьці нашы МАЗы, БелАЗы. Там шмат карысных выкапняў, для іх здабычы патрэбныя такія вялікія аўтамабілі. Але ня так шмат, продаж будзе на штукі. То бок пэўная ніша ёсьць, але яна ня надта вялікая.

Што тычыцца Сынгапуру, то, думаю, туды з нашай прадукцыяй — неўпратык».

Карбалевіч: «Сельскай гаспадаркі там няма, таму калійныя ўгнаеньні і трактары там непатрэбныя».

Класкоўскі: «Так. А тое, што ў іх ёсьць грошы, яшчэ не азначае зьяўленьня сынгапурскіх інвэстыцый у Беларусі. Бо тамтэйшыя бізнэсоўцы будуць арыентавацца не на словы Лукашэнкі, а на рэальны бізнэс-клімат».
Адна справа — палітычныя дамоўленасьці, і іншая справа — руцінная праца, якая павінна рабіцца канкрэтнымі кампаніямі

Прэйгерман: «Каб казаць пра пэрспэктывы, дастаткова паглядзець на сёньняшнія лічбы гандлю паміж Беларусьсю і Інданэзіяй. У 2011 годзе быў дасягнуты рэкордны ўзровень — каля 230 млн даляраў. У 2012 годзе гандаль склаў толькі каля 130 млн даляраў. То бок гэта ня тая сытуацыя, калі мы можам разьлічваць на нейкія прарывы, мільярдныя кантракты. Хоць пэўнага імпульсу ў эканамічным супрацоўніцтве можна чакаць.

Вось ужо сёньня ў Сынгапуры ёсьць прадстаўніцтва Беларускай калійнай кампаніі, нягледзячы на тое, што сельскай гаспадаркі там мала. Але з-за вельмі спрыяльных бізнэс-умоваў менавіта там адчыняюцца такія прадстаўніцтвы.

Іншая справа — дзяржаўныя СМІ будуць шмат піярыць гэтыя візыты, распавядаць пра вялікія дамоўленасьці. А праз 1–2 гады, як гэта звычайна адбываецца, рэалізуецца мала што. Бо адна справа — палітычныя дамоўленасьці, і іншая справа — руцінная праца, якая павінна рабіцца канкрэтнымі кампаніямі».


Як уплываюць на гаспадарчыя дачыненьні візыты прэзыдэнта?


Карбалевіч: «Цікавы момант. Як вядома, Лукашэнку забаронены ўезд у краіны ЭЗ. Нягледзячы на гэта, беларускі экспарт у гэты рэгіён павялічваецца. Мінулым годам моцна вырас экспарт Беларусі ва Ўкраіну, хоць Лукашэнка ўжо даўно не наведваў паўднёвую суседку, яшчэ з часоў Юшчанкі. А вось у краіны трэцяга сьвету Лукашэнка езьдзіць часта. А вынікаў асаблівых няма. Дык які сэнс, якая функцыя замежных візытаў кіраўніка Беларусі?»
Калі не праводзіць мадэрнізацыі беларускай эканомікі, то гэтыя нішы хутка зоймуць кітайцы

Класкоўскі: «Раз на раз не прыходзіцца. Напрыклад, калі ўзяць дачыненьні Беларусі з Вэнэсуэлай, то там усё трымалася на асабістым сяброўстве Лукашэнкі і Чавэса. Таму рэалізоўваліся праекты валюнтарысцкага кшталту: нафтавыя танкеры праз акіян, аграгарадкі ў джунглях, бартэрны гандаль. У такіх адносінах, з аднаго боку, і моц. Але, зь іншага боку, у гэтым і слабасьць. Бо вось Чавэса няма, і многія праекты завянуць.

Кіраўнікі Інданэзіі і Сынгапуру — людзі вельмі прагматычныя. Яны могуць усьміхацца, вешаць гірлянды на шыю, але сваю выгаду будуць лічыць. Так, нейкія нішы беларусы могуць заняць. Але, па-першае, безь вялікіх прарываў. Па-другое, ня факт, што гэтыя нішы захаваюцца надоўга. Бо калі не праводзіць мадэрнізацыі беларускай эканомікі, то гэтыя нішы хутка зоймуць кітайцы».

Прэйгерман: «Ва ўсясьветнай практыцы візыты кіраўнікоў дзеля падтрымкі эканамічнага супрацоўніцтва — досыць распаўсюджаная зьява. Яны заключаюць рамачныя дамовы, ствараюць прававую базу для супрацоўніцтва, дамаўляюцца пра вялікія кантракты. То бок яны ствараюць добрую дзелавую атмасфэру. Потым пачынаецца праца на ўзроўні канкрэтных кампаній.

У Беларусі ж ня бачаць розьніцы паміж палітыкай і эканомікай. І некаторыя людзі думаюць, што вось паехаў прэзыдэнт, паціснуў рукі, і пачне разьвівацца гандаль. Але так не бывае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG