Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Дубіна: Беларуская мова дапамагла паразумецца з каханай


Андрэй Дубіна
Андрэй Дубіна

Радыё Свабода публікуе анкеты, у якіх нашы чытачы распавядаюць, як прыйшлі да беларускай мовы, і што яна значыць у іх жыцьці. Дасылайце вашы адказы!

Адказвае Андрэй Дубіна з Лунінца:

1. Чаму і як вы пачалі гаварыць па-беларуску?

Пачаў з маленства, але калі пайшоў у садочак, перайшоў на рускую, бо было «не камільфо» размаўляць на беларускай-вясковай. У жывым асяродку зноў пачаў ужываць беларускую толькі на 1-м курсе ўнівэрсытэту. Хаця і дагэтуль цікавіўся беларускай мовай і літаратурай па-за межамі школьнае праграмы. Чытаў беларускую літаратуру і ўдзельнічаў у алімпіядзе па беларускай мове. Ды й гісторыю Беларусі пасьля 9 клясы здаваў па-беларуску і шчыра не разумеў тых, хто вырашаў здаваць яе на расейскай мове.

2. Дзе і як вы карыстаецеся мовай?

Пры размовах зь людзьмі, якія валодаюць беларускай. А таксама пры перапісцы ў сацыяльных сетках з усімі прадстаўнікамі Беларусі. Апошнім часам спрабую ўжываць часьцей, чым шакую прадавачак і прыцягваю позіркі людзей у кавярнях. Нават зь некаторымі сябрамі з Расеі перапісваюся па-беларуску. І, насуперак агульнапрынятым меркаваньням, яны з павагай ставяцца да беларускай мовы і лічаць няправільным стаўленьне дзяржавы да дзьвюхмоўя. «Калі ў Брусэлі флямандцаў ня могуць абслужыць на галяндзкай мове, яны проста ўстаюць і сыходзяць», — вось, на якім узроўні павінна быць дзьвюхмоўе, на іх думку.

3. Як мова дапамагла вам у працы, жыцьцёвых сытуацыях?

У жыцьці ніяк асабліва. Ну, можа, знайсьці агульную мову з каханай, якая пакуль сама не размаўляе па-беларуску, але вельмі палюбіла маю беларускамоўнасьць. А яшчэ, ведаючы беларускую мову, можна няблага разумець некаторыя іншыя славянскія мовы кшталту польскае, чэскае і сэрбскае. Разумею на гэтых мовах хаця б некаторыя словы, ці аб чым наагул ідзе гутарка.

Ды й беларуская мова — ідэальная мова для маркетынгу! Як жа ж яна выдзяляецца ў рускамоўным асяродку! Беларусы, нават тыя, што лічаць роднай рускую і ніколі не размаўлялі па-беларуску, «іншай мовы сэрцам ня чуюць», таму рэкляма, якая падаецца па-беларуску і ў цікавай форме, лепей запамінаецца, чым рускамоўная. Пакуль што на тэму «рэклямы на беларускай мове» я толькі напісаў адну маленечкую навуковую працу. Спадзяюся, што ў будучыні буду размаўляць па-беларуску ў працоўным асяродку і, дзякуючы роднай мове, рабіць прамоцыю сваёй кампаніі.

Яшчэ беларуская мова дапамагае паказваць нацыянальную прыналежнасьць. Жыхары Эўразьвязу (і ня толькі) часта запісваюць беларусаў у склад «рускіх», але калі гаворыш, што твая родная мова беларуская, гэта падкрэсьлівае нацыянальную прыналежнасьць.

4. Якія цяжкасьці стварыла?

Ніякіх асаблівых цяжкасьцяў не было. Хаця часам цяжка настроіць старых знаёмых, якія ведалі мяне яшчэ як рускамоўнага, каб яны ўспрымалі маю гаворку адэкватна. Яшчэ аднойчы я пакрыўдзіў аднаго знаёмага. Той вучыцца ў Расеі, і, прыехаўшы на вакацыі ў сваю родную Беларусь, набыў кніжку на беларускай мове, але, па яго словах, яму было цяжка яе чытаць, бо мова забылася. Ён быў вельмі засмучаны, а тут яшчэ я пачаў зь ім па-беларуску размаўляць. Вельмі шчыра спадзяюся, што ён ня кіне гэтую справу, а ўсё ж-такі дачытае кнігу і прачытае яшчэ не адну, ды й адновіць свае моўныя здольнасьці.

5. Што б вы параілі «Свабодзе»?

Па-першае, кантактаваць са школамі, праводзіць нейкія акцыі, каб з маленства прышчапляць дзецям павагу да беларускай мовы. Па-другое, дапамагаць тым кампаніям, якія хочуць ужываць беларускую мову. Як дапамагаць? Ня ўпэўнены, што гэта ўваходзіць у профіль дзейнасьці «Свабоды», але, напрыклад, вельмі было б добра перакласьці праграму для бухгальтарскага ўліку прадпрыемстваў. Ці стварыць беларускамоўныя аналягі шаблонных дамоваў і кантрактаў. Думаю, гэта паспрыяла б беларусізацыі ў сфэры бізнэсу. Ну і працягваць сваю дзейнасьць і верыць, што за Беларушчынай будучыня!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG