Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курапаты: будаўнікі вывозяць бэтонныя пліты, актывісты зьбіраюцца вырашаць лёс лягера на мітынгу


Каля будаўнічай пляцоўкі ля мэмарыяльнага комплексу «Курапаты» 12-ы дзень стаіць кругласутачная варта. У адрозьненьне ад першага тыдню, цяпер абыходзіцца без канфліктаў і крыві. Раніцай адны актывісты ідуць на працу ці дамоў, прыходзяць іншыя — у лягеры адзін-два дзясяткі чалавек. У іх ліку лідэр «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч, лідэр руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, актывіст Андрэй Кім ды іншыя.

Раніцу актывісты пачалі са штодзённай малітвы, на будаўнічай пляцоўцы ніякага руху не назіралася. Пазьней на пляцоўку пад’ехаў самазвал і будаўнічы кран — але не будаваць, а вывозіць з будоўлі бэтонныя пліты.

Лёс лягеру будзе вырашаны сёньня ці ў найбліжэйшыя дні, ён залежыць ад дзеяньняў забудоўніка і ўладаў. Забудоўнікі на сустрэчы з Дашкевічам заявілі, што будавацца ля Курапатаў ужо ня хочуць, але гарадзкія ўлады ад ідэі забудовы пляцоўкі не адмаўляліся.

Настрой у абаронцаў Курапатаў пазытыўны, але яны не расслабляюцца — адчуваньня канчатковай і незваротнай перамогі няма, кажа Свабодзе старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які правёў у лягеры ноч.

Аляксей Янукевіч - у цэнтры
Аляксей Янукевіч - у цэнтры

«Сёньня на мітынгу будзем раіцца, вырашаць канчаткова. Калі тут прыпыненая будоўля, агароджа неўзабаве мае быць разабраная, то і ў лягеры далей няма неабходнасьці. Але пакуль канчатковай пэўнасьці няма, можна чакаць розных хітрыкаў з боку як гарвыканкаму ў першую чаргу, так і забудоўніка. У нас ёсьць інфармацыя, што гарвыканкам цяпер аказвае пэўны ціск на забудоўніка, каб будаўніцтва працягвалася.

Канчатковая перамога будзе пасьля таго, як тэрыторыя будзе вернутая ў ранейшы стан: зьнесены плот, упарадкаваная тэрыторыя, пасаджаныя дрэвы. Таксама мае быць новая пастанова Мінюсту аб вяртаньні тэрыторыі ў ахоўную зону, што была на гэтым кавалку зямлі».

Мітынг прызначаны на 18.00 вечара. Актывісты тым часам разважаюць, што калі ў лягеры ня будзе неабходнасьці, яго давядзецца здымаць талакой, прыбіраць за сабой тэрыторыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG