Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта важна для Расеі, не для Алексіевіч», — расейскі палітоляг Арэшкін пра кісялёўскага «чорта ў шэрсьці»


Дзьмітры Арэшкін, архіўнае фота
Дзьмітры Арэшкін, архіўнае фота

Увечары 25 чэрвеня на тэлеканале «Россия 1» у чарговым выпуску штотыднёвай перадачы «Весткі тыдня зь Дзьмітрыем Кісялёвым» 7 хвілін са 130 было прысьвечана беларускай нобэлеўскай ляўрэатцы Сьвятлане Алексіевіч. Дзьмітрый Кісялёў сьцьвярджаў, нібыта Алексіевіч заклікала забіваць расейцаў і забараніць расейскую мову.

На Алексіевіч напусьцілі «радыеактыўны попел»: на расейскай ТВ Кісялёў расказаў пра «чорта ў шэрсьці»

«Нічога асаблівага Сьвятлане Алексіевіч не пагражае»

Расейскі незалежны палітоляг Дзьмітрый Арэшкін, які просіць называць яго проста «прыватнай асобай», разважае пра наступствы такой тэлеперадачы ў камэнтары Свабоды:

«Нічога асаблівага Сьвятлане Алексіевіч не пагражае, — разважае Арэшкін. — Акрамя таго, вядома, што ў пуцінскай Расеі яе публікаваць, хутчэй за ўсё, ня будуць. Шмат мы ведалі такіх нобэлеўскіх ляўрэатаў, пачынаючы са спадара Пастэрнака. Нічога страшнага, трэба ставіцца да гэтага як да зьмены надвор’я — палітычнага.

А хутчэй гэта важна для Расеі, а не для спадарыні Алексіевіч. Зь ёй нічога ня станецца. Тое, што яна сказала, яна сказала даволі разважна і досыць дакладна сфармуляваўшы.

Яна ж не апраўдвала, што нехта забіў Алеся Бузіну. Яна сказала, што разумее людзей, якія гэта зрабілі. Ну дык функцыя пісьменьніка — разумець усіх, пра каго гэты пісьменьнік гаворыць: сабаку, котку, жанчыну, мужчыну, Гітлера, Сталіна... Неабходна разумець, каб пра іх пісаць, вось яна і разумее».

«Гэта характарызуе не Алексіевіч, а Кісялёва»

«А што спадар Кісялёў робіць, гэта ўжо іншая гісторыя. Ён кажа, што Алексіевіч заклікае забіваць тых, хто размаўляе па-расейску, што заклікае забараняць расейскую мову...

Хоць у тым самым інтэрвію яна як разумны чалавек кажа, што піша па-расейску, што яна чалавек расейскай культуры, украінскага паходжаньня і беларускага лёсу. І гэта правільна, так яно і ёсьць для бальшыні савецкіх людзей, якія па этнічным паходжаньні адны, па моўным і культурным асяродзьдзі другія, па палітычных уяўленьнях трэція і гэтак далей.

Гэта характарызуе не Алексіевіч, ні ў якім разе. Гэта характарызуе спадара Кісялёва і тое сацыяльнае асяродзьдзе, у якім ён, па-першае, функцыянуе, а па-другое, фармуе яго.

Нават у савецкія часы не было такой шалёнасьці. Была, але гэта зусім у 50-я гады. Нават пры Брэжневе, калі кляймілі амэрыканскі імпэрыялізм, фармулёўкі падбіралі нейкія стандартныя, зацёртыя і таму нядзейныя.

А спадар Кісялёў, як і спадар Салаўёў ды іншыя тэлевізійныя дзеячы, спрабуюць біць у самае сэрца постсавецкага чалавека, расказваючы, што вакол ворагі, што вось жа спадарыня Алексіевіч прыхаваная фашыстка, якая за амэрыканскае печыва і швэдзкія прэміі паклёпнічае на расейскі народ, вядзе справу да канфлікту між беларусамі, украінцамі і гэтак далей... Што ёсьць простай, лабавой, шчырай, як казалі ў савецкія часы, бяспрымеснай хлусьнёй».

«Бяспрымесная хлусьня губляе функцыянальнасьць»

«Гэтая бяспрымеснасьць, з аднаго боку, выклікае захапленьне: гэта ж трэба было дакаціцца ў XXI стагодзьдзі да такога ўзроўню! Але зь другога боку, страчваецца функцыянальнасьць, бо тыя, каго цікавіць Алексіевіч; тыя, хто ведае літары расейскага альфабэту і ўмее складаць зь іх словы, яны разумеюць, што гэта за пісьменьніца, што яна зрабіла для расейскай культуры. І пляваць яны хацелі на словы спадара Кісялёва, ці спадара Салаўёва, ці нават спадара Пуціна.

А астатнія людзі, у якіх са словамі, літарамі і разуменьнем напісанага праблемы, яны глядзяць тэлевізар. Праўда, іх робіцца ўсё меней, бо ўсё ж надакучыла, бо занадта відавочна, што праз гэтую скрыню задужа тупа і задуэжа нахабна паліруюць галаву драчовым напільнікам.

Так што, чым горш справы ў вэртыкалі, тым больш адчайна, гучна і нахабна будуць гучаць заявы спадарыні Захаравай [Марыя Захарава — афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных спраў Расеі. — РС], спадара Кісялёва і ўсіх іншых, як казалі раней, служак рэжыму».

Чаму пачалася такая ўвага да Алексіевіч?

Арэшкін ня бачыць нейкіх вонкавых прычынаў да хвалі асаблівай увагі расейскіх СМІ да Алексіевіч. Ён думае, што і інтэрвію, што апублікаваў Regnum, дастаткова нецікавае ў сэнсе заяваў Алексіевіч, бо журналіст задаваў дурныя пытаньні, а на месцы Алексіевіч так адказваў бы хіба ня кожны. Арэшкін кажа, што Алексіевіч было б варта наогул не даваць інтэрвію, а яна, «як чалавек гуманны, спрабавала нешта патлумачыць».

«Што тычыцца сыстэмы каштоўнасьцяў, што стымулюе цікаўнасьць кіраўніцтва каналу да такога кшталту падзеяў, то сыстэма сфармаваная цягам апошніх 10-15 гадоў, яна робіцца ўсё болей яскрава выяўленай і ўсё больш відавочнай.

Сыстэма заточаная на пошук ворага, на тое, што нам неабходна згуртавацца вакол бацькі роднага і абаронцы, іначай Сьвятлана Алексіевіч на швэдзкія грошы парве нас на шматкі, заваюе і напусьціць на нас танкі NATO. Швэды нас акупуюць, беларусы нам здрадзяць, Алексіевіч нас прадае — я думаю, некалькі дзясяткаў мільёнаў чалавек у краіне прыблізна так і думаюць пасьля гэтай перадачы.

А насамрэч якая розьніца, што там на самой справе? Мысьленьне расейскага чалавека, як і ў любой таталітарнай краіне, задаецца абмежаваным доступам да пэўнага кшталту СМІ і недазваленьнем доступу да іншых СМІ.

Я думаю, што мала хто чытаў тое інтэрвію, але зь яго зрабілі такую падзею першаснай важнасьці. Хоць яно папраўдзе нецікавае, пытаньні дурныя, адказы ўсё больш злыя з боку Алексіевіч, што даволі зразумела і рацыянальна ва ўмовах такой... мякка кажучы, спэцыфічнай размовы з такім спэцыфічным інтэрвіюэрам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG