Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячаслава Сіўчыка завочна асудзілі на 5 сутак арышту. Ён можа ня трапіць на акцыю 21 кастрычніка


Вячаслаў Сіўчык пасьля выхаду з турмы на Акрэсьціна. Архіўнае фота, 18 траўня 2017 году
Вячаслаў Сіўчык пасьля выхаду з турмы на Акрэсьціна. Архіўнае фота, 18 траўня 2017 году

Актывіста Вячаслава Сіўчыка асудзілі завочна ў Партызанскім судзе Менску за ўдзел у акцыі 8 верасьня.

Сам Сіўчык на суд не зьявіўся, паколькі лічыць, што судовая сыстэма ў Беларусі выконвае загады ўлады на рэпрэсіі дзеячоў апазыцыі.

Супраць Вячаслава Сіўчыка сьведчылі два амапаўцы, якія паведамілі суду, што ён удзельнічаў у мітынгу на Кастрычніцай плошчы і выкрыкваў лёзунгі «Жыве Беларусь!» і «Баста». Абаронца Вячаслава Сіўчыка даводзіла, што ён не прызнае сябе вінаватым, паколькі меў права на выказваньне сваіх поглядаў паводле Канстытуцыі.

Гэта другі працэс па гэтай справе супраць Вячаслава Сіўчыка. Першы суд прысудзіў актывіста да штрафу, але пастанова была абскарджаная пракуратурай, а Менскі гарадзкі суд адправіў справу на новы разгляд. Гэтым разам Вячаслава Сіўчыка судзіў судзьдзя Дзьмітры Супрун. Менскі гарадзкі суд раней скасаваў ранейшую пастанову Партызанскага раённага суду аб штрафе актывісту Вячаславу Сіўчыку на 45 базавых велічыняў за ўдзел у акцыі «За мірную Беларусь» 8 верасьня.

Уладзімер Някляеў, Мікалай Статкевіч і Ўладзімер Сіўчык (зьлева направа) на акцыі 8 верасьня ў Менску
Уладзімер Някляеў, Мікалай Статкевіч і Ўладзімер Сіўчык (зьлева направа) на акцыі 8 верасьня ў Менску

Рашэньне прынятае пасьля абскарджаньня пракуратуры 11 кастрычніка. Менскі гарадзкі суд пастанавіў перагледзець справу актывіста ў тым жа Партызанскім раённым судзе. Дзень разгляду яшчэ не прызначаны. Вячаслаў Сіўчык мяркуе, што рашэньне прынятае ў межах рыхтаваньня ўладаў да акцыі апазыцыі, прызначанай на 21 кастрычніка.

«Лічу, што гэта незаконнае рашэньне, бо былі парушаныя тэрміны абскарджваньня пастановы Партызанскага суду. Я сам спрабаваў абскардзіць тую пастанову, але маю заяву не разгледзелі, а скаргу пракуратуры сабраліся разглядаць ужо праз два дні, як яна была пададзеная. Такой сьпешкі ніколі не было. Новы суд яшчэ не прызначаны, але не выключаю, што зьбяруцца ўжо на гэтым тыдні. Тое, што сьпяшаюцца да 21 кастрычніка ўсё зачысьціць, відаць па ўчорашнім арышце Яўгена Афнагеля і Паўла Севярынца. Адбываецца ўсё паводле такога ж сцэнару. Не выключаю, што таксама адправяць на суткі, хоць гэта будзе абсалютна незаконна», — казаў раней Свабодзе Вячаслаў Сіўчык.

За мітынг і шэсьце супраць манэўраў «Захад-2017», які адбыўся ў Менску 8 верасьня, ужо асуджана каля 20 палітыкаў і актывістаў. У тым ліку адбывалі адміністрацыйныя арышты Ўладзімер Някляеў, Мікалай Статкевіч, цяпер у ізалятары на Акрэсьціна знаодзяцца актывісты Павал Севярынец, Максім Вінярскі, Яўген Афнагель. Шмат хто з актывістаў пакараны штрафамі. Актывісты мяркуюць, што рэпрэсіямі ўлады спрабуюць сарваць акцыю «Марш абураных беларусаў 2.0», заплянаваную на 21 кастрычніка ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG