Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы — не сьвятыя, але выбачацца нам няма за што». Польскае рэха заявы Марзалюка


Рыская мірная дамова. Карыкатура. 17 верасьня, Заходняя Беларусь.
Рыская мірная дамова. Карыкатура. 17 верасьня, Заходняя Беларусь.

Заяву дэпутата Ігара Марзалюка пра тое, што Польшча павінна папрасіць прабачэньня ў Беларусі за гістарычныя правіны, пракамэнтавалі Свабодзе польскія інтэлектуалы.

У інтэрвію рэсурсу sonar2050.org дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня парлямэнцкай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы заявіў, што, на яго думку, каб будаваць нармальныя міждзяржаўныя дачыненьні, Польшча павінна папрасіць прабачэньня перад Беларусьсю за свае гістарычныя грахі, у тым ліку за злачынствы Райса-Бурага, які чыніў забойствы беларусаў на Падляшшы падчас і пасьля ІІ усясьветнай вайны.

Прафэсар-гісторык, былы сябра Рады Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы Антоні Дудэк сказаў Свабодзе, што такія рашэньні могуць прымаць толькі дзяржаўныя ўлады, і параіў зьвярнуцца да іх. Але дадаў:

«Я магу толькі выказаць думку, што польскія гісторыкі павінны весьці дыялёг з гісторыкамі ўсіх суседніх краін на тэму спрэчных тэмаў нашага мінулага. А ўжо вынікам такога дыялёгу могуць быць рашэньні кіроўных палітыкаў пра магчымасьць выбачэньняў ад імя дзяржавы».

На заяву Ігара Марзалюка адгукнулася ў сваім Фэйсбуку дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўска-Гузы. Яна лічыць, што вакол польска-беларускіх адносін пачынаецца нешта брыдкае, і зьвязала заяву Марзалюка са скандалам вакол усталяваньня помніка Касьцюшку ў Швайцарыі.

Агнешка Рамашэўска-Гузы
Агнешка Рамашэўска-Гузы

«Дзіўным чынам у гэты самы час дэпутат Марзалюк (былы нацыяналіст, сёньня лукашэнкавец, а верагодна заўсёды, і тады і сёньня, стаўленік той самай інстытуцыі) выпусьціў востра антыпольскі артыкул на дзіўным партале, які выглядае як нядаўна створаны. Паверце мне: хутка ў беларускай інфармацыйнай прасторы гэтага будзе яшчэ больш. У краіне, дзе поўна Суворава і, горш за тое, Леніна — пры напалову афіцыйнай падтрымцы будуць весьці чарговыя войны за герояў ВКЛ, робячы выгляд, што яно ніколі не ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай».

Дырэктарка «Белсату» папярэдзіла сваіх сяброў у Фэйсбуку, што кожны, хто стане ў гэтай спрэчцы на адзін з бакоў, будзе для яе перакрэсьлены.

Доктар Пётар Каcьціньскі з польскага фонду Ёахіма Лялевэля кажа, што, на шчасьце, паміж палякамі і беларусамі не было такіх вострых праблемаў, як паміж палякамі і ўкраінцамі. Ён не адмаўляе, што ў польскай гісторыі былі і «непрыгожыя моманты», але ня бачыць нагоды, каб Польшча выбачалася перад Беларусьсю.

Пётр Касьціньскі
Пётр Касьціньскі

«Да вайны Беларусі не было як дзяржавы. Так, пэўныя дзеяньні міжваеннай польскай улады адносна беларусаў мы можам сёньня назваць кепскімі. Але патрабаваць ад нас выбачацца за Бярозу Картускую — гэта нейкая памылка. Гэта быў лягер адасабленьня ня толькі і не найперш для беларусаў. Там было і шмат важных польскіх палітыкаў. Мы асуджаем Бярозу, нам за яе сорамна, але нам няма за што выбачацца. Заганай была ліквідацыя беларускіх школаў. Але ці павінны мы прасіць прабачэньня за дзеяньні даваеннай улады?»

Паводле Касьціньскага, спрэчныя моманты павінны і могуць вырашыць гісторыкі. Працу польскіх гісторыкаў ён называе аб’ектыўнай і лічыць, што яны працуюць на карысьць дыялёгу.

«Ведаеце, кожны народ, па вялікім рахунку, мае за што выбачацца перад іншымі. Ёсьць і дзеяньні беларусаў, якія з польскага пункту гледжаньня былі для нас некарыснымі. Былі дзеячы КПЗБ, якія ня толькі віталі Чырвоную Армію ў 1939 годзе, але і былі суарганізатарамі сабатажу супраць польскіх жаўнераў. Сярод камуністаў былі і палякі, і габрэі, то бок прэтэнзіі можна высунуць усім. Але ці павінны беларусы выбачацца за дзеяньні камуністаў падчас вайны? Я не лічу гэта добрай ідэяй. Мы не былі сьвятымі, памылкі і грахі ёсьць у кожнага. Але прасіць прабачэньня ў Беларусі нам няма за што».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG