Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмяніў штраф Яну Дзяржаўцаву за стварэньне мэмарыялу ахвярам сталінізму ў Хайсах


Ян Дзяржаўцаў у Хайсах, архіўнае фота
Ян Дзяржаўцаў у Хайсах, архіўнае фота

Віцебскі актывіст КХП БНФ, які некалькі гадоў займаецца ўшанаваньнем памяці ахвяраў сталінізму, быў аштрафаваны паводле артыкулу 23.43 КаАП («Парушэньне заканадаўства аб пахаваньні»). Але абласны суд адмяніў пастанову суду Віцебскага раёну.

21 сьнежня судзьдзя суду Віцебскага раёну Міхаіл Зубеня прызнаў сябра БНФ Яна Дзяржаўцава вінаватым у незаконным пахаваньні чалавечых парэшткаў, знойдзеных у лесе каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну. Парэшткі ў гэтых мясьцінах знаходзяць даўно, і мясцовыя жыхары сьцьвярджаюць, што ў вялізных брацкіх магілах пахаваныя ахвяры расстрэлаў 1937-38 гадоў.

15 фактаў пра «віцебскія Курапаты», адкрытыя 3 гады таму

Ян Дзяржаўцаў пахаваў парэшткі, якія пакінуў пасьля сваёй працы 52-гі пошукавы батальён. Так ён тлумачыў у судзе свой учынак. Аднак працэс праходзіў без удзелу адваката: Ян Дзяржаўцаў заключыў дамову зь менскай адвакаткай Галінай Пархімчык, але яна хадайнічала аб пераносе працэсу на іншы дзень, бо была занятая. Суд Віцебскага раёну праігнараваў гэтую акалічнасьць, і Ян Дзяржаўцаў быў вымушаны абараняцца самастойна.

Віцебскі абласны суд вырашыў, што права на абарону ў дачыненьні да актывіста было парушана, і штраф памерам 5 базавых велічынь (115 рублёў) быў прысуджаны з парушэньнем заканадаўства. Справу пра пахаваньне парэшткаў, якую ініцыяваў старшыня Мазалаўскага сельвыканкаму на падставе заўважанага ў інтэрнэце відэароліка, накіравана на паўторны разгляд у суд Віцебскага раёну.

Аднак спадар Дзяржаўцаў кажа, што ня мае ілюзій: ён пэўны, што новае судовае рашэньне зноў ня будзе апраўдальным, што яго ўсё адно прызнаюць вінаватым і пакараюць, але ўжо з выкананьнем усіх працэсуальных патрабаваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG