Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Літвы пра ноту Менску: Гэта нагода адыграцца за БелАЭС у прапагандысцкім полі


Кіраўнік літоўскага Міністэрства замежных спраў Лінас Лінкявічус
Кіраўнік літоўскага Міністэрства замежных спраў Лінас Лінкявічус

Кіраўнік літоўскага Міністэрства замежных спраў Лінас Лінкявічус заявіў, што ён ня зьдзіўлены ўручанай 14 сакавіка Беларусьсю нотай у сувязі з некаторымі праблемамі на Ігналінскай АЭС, якая ўжо даўно не працуе.

Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства расцэньвае гэта як адказ на прэтэнзіі Літвы наконт інцыдэнтаў падчас будаўніцтва ў Астраўцы Беларускай АЭС.

«Яны атрымалі добрую нагоду адыграцца ў прапагандысцкім полі. Магчыма, яны хочуць прадставіць сытуацыю на роўных, як быццам і мы — такія ж, як і яны, хоць гэта няпраўда. Я зусім ня зьдзіўлены, што мы атрымалі гэтую ноту. Зразумела, мы адкажам, патлумачым, нічога там такога не было», — заявіў Балтыйскай службе навінаў (BNS) міністар.

Лінас Лінкявічус мяркуе, што Беларусь адрэагавала на апісаны ў мэдыях інцыдэнт, «якога насамрэч не было».

12 сакавіка партал навінаў 15min.lt паведаміў, што ў канцы мінулага году на непрацуючай Ігналінскай АЭС адбыўся інцыдэнт, пра які не паведамілі грамадзкасьці. Нібыта пры выманьні радыёактыўных адходаў са старых сховішчаў і пераносе іх у новыя высьветлілася, што ўзровень іх радыёактыўнасьці вышэйшы, чым разьлічвалася.

Дзяржаўная інспэкцыя па бясьпецы атамнай энэргетыкі Літвы 13 сакавіка заявіла: тое, што адбылося, не зьяўляецца ядзерным інцыдэнтам.

Ігналінская АЭС, здымак 2016 году
Ігналінская АЭС, здымак 2016 году

Амбасадару Літвы ўручылі ноту

​14 сакавіка Беларусь уручыла амбасадару Літвы ноту, у якой выказала занепакоенасьць адсутнасьцю апэратыўнай інфармацыі пра здарэньне на Ігналінскай АЭС. МЗС Беларусі заклікала Літву правесьці расьсьледаваньне здарэньня і праінфармаваць беларускі бок пра ягоныя вынік.

Уважаючы на блізкасьць Ігналінскай АЭС да межаў Беларусі, дыпляматы разьлічваюць апэратыўна атрымліваць ад літоўскага боку інфармацыю пра ўсе інцыдэнты на ядзерных аб’ектах. Гэтую інфармацыю таксама накіравалі кіраўніку Эўрапейскага прадстаўніцтва ў Беларусі Андрэа Віктарын.

Радыяцыйная абстаноўка ў Беларусі не зьмянілася

У 30-кілямэтровай зоне вакол Ігналінскай АЭС на тэрыторыі Беларусі разьмешчаныя 8 пунктаў замеру радыяцыйнага кантролю, якія праводзяць замеры раз на 10 хвілін, а таксама цэнтар экалягічнага маніторынгу ў Браславе, дзе замеры праводзяцца штодзённа.

Паводле дадзеных назіраньня Белгідрамэту, радыяцыйная абстаноўка на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку ў раёне разьмяшчэньня Ігналінскай АЭС, не зьмянялася. Мэтэаролягі таксама зьвярнулі ўвагу, што перавышэньня паказьнікаў у сьнежні 2017 году зафіксавана не было.

Ігналінская АЭС: Ядзерныя адкіды назаўсёды застануцца на літоўска-беларускай мяжы

Ігналінская АЭС знаходзіцца на беразе возера Дрысьвяты прыблізна за 4,6 кілямэтра ад мяжы зь Беларусьсю. Праца АЭС была спыненая ў 2009 годзе. Канчатковая дата закрыцьця Ігналінскай АЭС — 2038 год. Плянуецца, што ад станцыі застануцца толькі магільнікі для адпрацаванага ядзернага паліва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG