Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На кожнага беларуса завядуць электронную карту пацыента


Новы дакумэнт будзе дзейнічаць ад нараджэньня да сьмерці чалавека. Пра праект «Нацыянальная сыстэма электроннай аховы здароўя» расказаў журналістам 23 сакавіка намесьнік міністра аховы здароўя краіны Вячаслаў Шыла.

Нічога падобнага раней у Беларусі не было

Новы праект улады называюць «унікальным». Электронная картка мае папаўняцца мэдычнай інфармацыяй ад нараджэньня і да канца жыцьця чалавека.

Плянуецца, што доктар атрымае доступ да электроннай карткі хворага ня толькі праз стацыянарны кампутар, але і праз пляншэт або мабільны тэлефон. Праз гэта адразу здымаецца шэраг спэцыфічных пытаньняў, такіх, як група крыві ці ранейшыя хваробы пацыента.

Пацыент праз сваю картку зможа запісацца на прыём да лекара, выклікаць яго дадому, атрымаць выпіску з гісторыі хваробы, будзе мець пад рукой дакладныя даты правядзеньня прышчэпак і яшчэ шмат якую інфармацыю.

Укараніць электронны праект дапаможа Ўсясьветны банк

Амбітны праект патрабуе вялікага фінансаваньня. На пытаньне Свабоды, адкуль возьмуцца грошы на яго рэалізацыю, намесьнік міністра адказаў, што гэта сродкі з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, ад Усясьветнага банку, зь якім ужо падпісаная дамова аб супрацы, з інавацыйных фондаў, прынамсі Міністэрства сувязі і інфарматыкі.

Электронны праект аховы здароўя павінен запрацаваць да 2022 году

Цяпер вядзецца падрыхтоўчая праца. У другой палове 2019 году пачынаюцца пілётныя праекты. Іх магутнасьць будзе нарошчвацца. Да 2022 году праект павінен запрацаваць у поўным аб’ёме, сказаў Вячаслаў Шыла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG