Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для каго апарат Савету міністраў набывае айфон за 2700 рублёў


 iPhone 8 Plus
iPhone 8 Plus

На афіцыйным сайце па дзяржаўных закупках разьмешчана інфармацыя пра гадавы плян закупаў апарату Савету міністраў Беларусі. Сярод рэчаў, якія мяркуецца набыць для патрэбаў ураду, значыцца і мабільны тэлефон за 2700 рублёў.

У бліжэйшай краме МТС мы высьветлілі, што за такую цану можна набыць cучасны тэлефон iPhone 8 Plus. Навошта такі дарагі смартфон апарату Савету міністраў?

«Паспрабаваў удакладніць, але адказу не знайшоў»

Прэс-сакратар прэм’ер-міністра Ўладзіслаў Сычэвіч, які пагадзіўся высьветліць гэтае пытаньне на просьбу карэспандэнта Свабоды, урэшце «адказу не знайшоў».

«Таму можаце напісаць, што ў Саўміне ніяк не пракамэнтавалі», — сказаў Сычэвіч.

У аддзеле арганізацыйнага забесьпячэньня апарату Саўміну абяцалі адказаць, але так і не адказалі на пытаньне, навошта спатрэбіўся такі дарагі тэлефон.

Кантактная асоба, пазначаная на сайце дзяржзакупак — Сьцяпан Запатылак. Ён пераадрасаваў да іншага чыноўніка, які ўрэшце таксама нічога не паведаміў.

«Я гэтую інфармацыю разьмяшчаў. Я адказны за разьмяшчэньне гадавога пляну закупак. Туды ўносіла нешта сваё кожнае падразьдзяленьне. Я магу сказаць толькі пра тое, што ўносіла наша падразьдзяленьне», — сказаў Сьцяпан Запатылак.

Цукерак набудуць меней, чым каштуе адзін мабільнік

Патрэбы апарату Савету міністраў разнастайныя. Напрыклад, плянуецца закупіць цукерак для акцыі «Нашы дзеці» ўсяго на 2500 рублёў — гэта менш, чым каштуе адзін тэлефон.

І на рытуальныя вянкі са штучных матэрыялаў плянуецца патраціць менш, чым на адзін тэлефон — 1780 рублёў.

А вось чамадан дарожны, які таксама плянуецца набыць, каштуе значна меней — 700 рублёў.

Адзін мабільнік — 8 пэнсій

На што можна было патраціць 2700 рублёў, якія апарат Савету міністраў аддае за адзін мабільны тэлефон?

Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, на 2,592 млн беларускіх пэнсіянэраў прыпадае сярэдняя пэнсія 314,8 рубля — гэта каля 161,65 даляра. Значыць, адзін такі тэлефон — гэта прыкладна 8,5 пэнсіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG