Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэртная рада не зацьвердзіла праект мэмарыялізацыі Курапатаў зь першай спробы


Эскіз помніка скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, а таксама архітэктараў Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай
Эскіз помніка скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, а таксама архітэктараў Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай

Рэспубліканская мастацка-экспэртная рада па манумэнтальным мастацтве на адмысловым паседжаньні 30 жніўня мелася ўхваліць эскіз памятнага знаку на месцы сталінскіх расстрэлаў у Курапатах пад Менскам.

Гаворка пра варыянт з чатырма слупамі ў «іржавым» мэтале і візуальна «чытанымі» крыжамі. Аўтарскі калектыў складаюць скульптары Вольга Нячай і Сяргей Аганаў, архітэктары Марыя Маркаўцова і Вольга Ярмоліна. Тыдзень таму іх назвалі пераможцамі абвешчанага летась Міністэрствам культуры конкурсу на праект мэмарыялізацыі ўрочышча.

Але, як паведаміла Свабодзе па выніках нарады Вольга Нячай, у часе абмеркаваньня ўзьніклі некаторыя пытаньні да цэнтральнага элемэнту скульптурнай кампазыцыі. Экспэртаў падтрымала і першая намесьніца міністра культуры Ірына Дрыга. Вырашана, што ў рамках рады будзе створаная адмысловая працоўная група, якая яшчэ раз зьбярэцца 4 верасьня і абвесьціць канчатковы вэрдыкт.

Калі праект будзе ўхвалены і на ўрадавым узроўні вырашыцца пытаньне зь фінансаваньнем, пачнецца падрыхтоўка да працаў па вырабе канструкцыі і яе мантажы. Гэта пры ўмове, што ня здарыцца форс-мажору: грамадзкія актывісты, якія шмат гадоў апякуюцца месцам расстрэлу і пахаваньня ахвяраў сталінскага тэрору, ужо выступілі супраць «дзяржаўнага ўварваньня» на тэрыторыю народнага мэмарыялу.

Тым часам аўтары памятнага знаку заявілі, што іх прынцыповая пазыцыя — максымальна захаваць ляндшафт урочышча. Помнік плянуецца паставіць на пагорку, дзе звычайна адбываюцца малебны і мітынгі. Паводле задумы, «крывавы» колер калёнаў будзе спалучацца з курапацкімі соснамі, а вэртыкальная форма знаходзіцца ў гармоніі зь цяперашнімі крыжамі. На каркасе прадугледжаныя словы «маці, сын, бацька, дзед», бо ўсе ахвяры палітычных рэпрэсій 1930–40-х былі нейчымі роднымі.

У лютым 2017 году на вуліцы Мірашнічэнкі, якая мяжуе з ахоўнай зонай Курапатаў, паўстаў кругласуткавы лягер супраць будаўніцтва тут офіснага цэнтру. Дзякуючы неабыякавым людзям урочышча ўдалося абараніць ад камэрцыялізацыі.

Неўзабаве курапацкая тэма знайшла працяг на дзяржаўным узроўні. У рэдакцыі газэты «Советская Белоруссия» прайшоў круглы стол пад назвай «Гісторыя, якая павінна нас аб’ядноўваць», а празь нейкі час Аляксандар Лукашэнка заявіў, што найбліжэйшым часам у Курапатах створаць мэмарыяльны комплекс. Праўда, да «комплексу» справа не дайшла, летась у сакавіку Міністэрства культуры абвясьціла конкурс эскізаў памятнага знаку.

Амаль год не было ніякіх зрухаў, хоць ініцыятар удзелу дзяржавы ў мэмарыялізацыі Курапатаў, тагачасны галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч абяцаў, што на ўсіх этапах да конкурсу будуць далучаныя прадстаўнікі грамадзкасьці, якія доўгія гады апекаваліся Курапатамі.

Насуперак заявам, працэс адбору прэтэндэнтаў і вызначэньня лепшых працаў прайшоў кулюарна. У чэрвені 2018 году журы на чале з рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаілам Баразной абнародавала тры эскізныя праекты, адабраныя ў фінал. Ніводзін з варыянтаў не задаволіў незалежных экспэртаў. Тыдзень таму быў агучаны канчатковы вэрдыкт.

Альтэрнатыўныя прапановы, выставу якіх ладзіла мастацкая суполка «Пагоня», Міністэрства культуры не разглядала. У сувязі з гэтым на 5 верасьня ў менскім Прэс-клюбе заплянаваны збор прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый і ініцыятываў, на якім будзе абвешчаная стратэгія супраціву «безгустоўнай карэкцыі» народнага мэмарыялу.

Падчас дыскусіі плянуецца абмеркаваць:

  • легітымнасьць конкурсу, які прайшоў без прыцягненьня грамадзкасьці;
  • прыклады таго, як ушаноўваюць памяць ахвяраў камунізму ў іншых краінах;
  • дагэтуляшні досьвед ушанаваньня і будучую стратэгію мэмарыялізацыі ўрочышча;
  • ахову Курапатаў і іншых адрасоў памяці ахвяраў рэпрэсій у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG