Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку, чыноўнікам і архітэктарам напісалі адкрыты ліст супраць дзяржаўнага помніка ў Курапатах


Эскіз мэмарыяльнага знаку, які перамог на дзяржаўным конкурсе
Эскіз мэмарыяльнага знаку, які перамог на дзяржаўным конкурсе

Беларускія палітыкі і грамадзкія дзеячы падпісалі два лісты, у якіх просяць не дапусьціць супрацьстаяньня вакол народнага мэмарыялу ў Курапатах. Адзін ліст накіраваны Аляксандру Лукашэнку, прэм’ер-міністру Сяргею Румасу і старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімеру Андрэйчанку, другі, аналягічнага зьместу, — пераможцам дзяржаўнага конкурсу на памятны знак у Курапатах Сяргею Аганаву, Вользе Нячай, Марыі Маркаўцовай і Вользе Ярмолінай.

Падпісанты лістоў занепакоеныя ўзьвядзеньнем мэмарыяльнага знаку, «створанага на аснове няяснай канцэпцыі, не прынятага і не ўхваленага шырокай беларускай грамадзкасьцю».

У лістах пішуць, што такі знак «ня толькі ня стане сапраўдным сымбалем памяці аб ахвярах савецкага таталітарнага рэжыму і не адыграе пазытыўнай ролі ў наладжваньні грамадзкага дыялёгу, але можа абурыць неабыякавых людзей і абвастрыць сытуацыю вакол Курапатаў».

«Мы ўпэўненыя, што, пакуль дзяржава не назвала імёны ахвяраў рэпрэсіяў, найперш тых, хто ляжыць у Курапатах, іх ананімнае ўшанаваньне ад імя дзяржавы будзе пустой фармальнасьцю і ня будзе мець нічога агульнага зь пераадоленьнем жахлівай спадчыны таталітарызму», — пішуць у лістах.

Перш чым ставіць ад імя дзяржавы помнік у Курапатах, падпісанты ліста прапануюць:

  • Дамагчыся разьвязаньня канфліктаў вакол парушэньня статусу Курапатаў як гісторыка-культурнай каштоўнасьці, спыніць перасьлед абаронцаў Курапатаў (гаворка аб канфлікце вакол рэстарацыі «Поедем поедим»).
  • Агучыць імёны ахвяраў рэпрэсіяў і стварыць умовы для высьвятленьня абставінаў трагедыі ў Курапатах для ўсіх дасьледнікаў.
  • Публічна прызнаць, што мэмарыялізацыя Курапатаў ужо зьдзейсьненая грамадзтвам — і пры плянаваньні наступных захадаў зыходзіць з гэтага факту.
  • Разам з грамадзкасьцю вызначыць прынцыпы мэмарыялізацыі Курапатаў і аналягічных месцаў памяці.
  • Паспрыяць сапраўды адкрытаму, справядліваму і ўсенароднаму конкурсу на мэмарыльны знак у Курапатах, у які ўключыць работы ўжо праведзеных конкурсаў, шырока абмеркаваць вынікі конкурсу.

Паводле зьвестак «Новага часу», ліст да Лукашэнкі, Румаса і Андрэйчанкі падпісалі дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, культуроляг Вацлаў Арэшка, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, археоляг Валянціна Вяргей, бард Аляксей Галіч, мастак Генадзь Драздоў, бард Зьміцер Захарэвіч, музыказнаўца Алена Кісялёва, мастак Мікола Купава, археоляг Мікола Крывальцэвіч і сьвятар Беларускай Народнай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы айцец Леанід (Акаловіч) і іншыя.

Ліст да пераможцаў дзяржаўнага конкурсу на мэмарыялізацыю Курапатаў падпісалі, сярод іншых, мовазнаўца Вінцук Вячорка, фотамастак Георгі Ліхтаровіч, скульптар Гэнік Лойка, паэт Уладзімер Някляеў, рэжысэр Валер Мазынскі, краязнаўца Алесь Макаў, мастак Аляксей Марачкін, паэт Алесь Разанаў, палітоляг Валянціна Свяцкая, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, былы вязень ГУЛАГу і старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Зінаіда Тарасевіч, старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.

111

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG